Пошук

30.01.2009 18:02  
Дрг 18, 15–20
1 Кар 7, 32–35
Мк 1,21–28


Імкліва бяжыць час, мінаюць тыдні і месяцы. Мы ўжо добра звыкліся з тым, што жывём у 2009 годзе, які ўсяго толькі месяц назад называлі «новым». Сёлета ў літургіі Касцёла галоўным чынам нам спадарожнічае Евангелле паводле Марка. Хоць мінулі ўжо два месяцы літургічнага года, усё ж варта заўважыць, што мы ўсцяж разважаем змест яшчэ толькі першага раздзелу Добрай Навіны гэтага аўтара.

Здаецца, што адзін толькі гэты факт падкрэслівае, што, нягледзячы на знешнія абставіны сучаснасці, якія настырна заахвочваюць спяшацца, ісці «ў нагу з часам», дастасоўвацца да хуткага тэмпу жыцця, Касцёл з уласцівай яму разважлівасцю прапаноўвае не спяшацца, захоўваць спакой, адказна затрымлівацца над справамі, якія маюць выключнае значэнне.

Зачын любой справы тоіць у сабе далікатныя ідэі, рысы, прыкметы, якія абумоўліваюць яе будучыню, паспяховасць. Можа, хоць бы таму варта спакойна прыгледзецца да зместу пачатку Евангелля св. Марка, каб не прапусціць нечага сапраўды істотнага, важнага, глыбокага.

На працягу соцень гадоў Бог звяртаўся да чалавека рознымі спосабамі. Думаю, неаднойчы нам давялося чуць нават канкрэтныя імёны цэлага шэрагу патрыярхаў, прарокаў, знаўцаў Пісання, настаўнікаў, якія з большай ці меншай руплівасцю ў розных формах адкрывалі абранаму народу змест таямнічых Божых планаў і сутнасць Яго адносінаў з чалавекам. У тым ліку і ў часы Езуса зусім звычайнай падзеяй было тое, што ў дзень шабату сыны Ізраэля збіраліся ў сінагогах, каб, аддаючы належную пашану сапраўднаму Богу, прымаць Яго слова і выслухоўваць навуку сваіх настаўнікаў.

Фрагмент сёняшняй Добрай Навіны ў першых радках звяртае ўвагу на тое, кім з’яўляецца Езус. Яго навучанне ў сінагозе выклікае здзіўленне. Згодна з храналогіяй падзей, у Евангеллі паводле Марка гэтае навучанне з’яўляецца практычна першым публічным выступленнем Езуса, а здзіўленне выклікае не сам факт Яго навучання, а тое, што Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі (пар. Мк 1, 22).

Трэба адзначыць, што ў тагачасным грамадстве кніжнікі справядліва цешыліся глыбокай пашанай, высокім аўтарытэтам. Звычайна яны былі выдатна адукаванымі, добра падрыхтаванымі да навучання ў сінагогах.

Ды ўсё ж навучанне Езуса пакідае выключнае ўражанне, выклікае здзіўленне. Улада, якую ў Ім заўважаюць людзі, — іншая. Яна не набытая, не вывучаная, не знешняя. Яна не звязаная з прыдбаным багаццем, спасцігнутымі ведамі, набытымі ўменнямі, выпрацаваным спрытам, атрыманай пасадай.

Улада Езуса — Божая, яе Ён меў заўсёды. Улада, якую нельга ў Яго забраць, падмяніць, яна вынікае з Яго сутнасці, з нутра. Гэта ўлада, якая не аспрэчвае ўладу іншых, але выяўляе іх абмежаванасць, крохкасць, слабасць.

Не толькі ў навучанні, але і ў далейшых дзеяннях Езуса заўважаем, што Яго ўлада з’яўляецца нечым змястоўным, канкрэтным, дзейсным. Аздараўленне апанаванага нячыстым духам — гэта адзін з прыкладаў таго, наколькі чалавечай з’яўляецца ўлада Хрыста. Гэта ўлада, якая шукае чалавека, служыць яму, яна вызваляе.

Такім чынам, звычайная сцэна навучання ў шабат адкрывае нам сутнасць асобы Езуса і мэту Яго прысутнасці на зямлі. Ён з’яўляецца тым, хто рэалізоўвае даўнія абяцанні, здзяйсняе прароцтвы, выконвае найглыбейшае навучанне. Ён — Асоба, да якой імкнулася гісторыя, Ён напаўняе яе сэнсам і сам здзяйсняе. Езус не паўтарае навучання Старога Запавету, Ён уносіць у рэчаіснасць чалавечага жыцця Добрую Навіну.

Хрыстус сам уваходзіць у свет і дзейнічае ў ім. Навіна — гэта Ён сам, Эммануэль, «Бог з намі». Езус дзейнічае на карысць чалавека, каб яго вызваліць, падняць, выратаваць. Каб усвядоміць кожнай асобе, што жаданае шчасце толькі ў тым, каб «добрапрыстойна і неадрыўна служыць Пану» (пар. 1 Кар 7, 35).

Сённяшняе Евангелле з натоўпу збянтэжаных слухачоў вылучае канкрэтную асобу — «апанаванага нячыстым духам». У гэтай сцэне Езус сустракаецца з чалавекам, які не з’яўляецца самім сабой, ён апанаваны, ашуканы. Гэты падман так моцна дзейнічае ў чалавеку, што ён гатовы рашуча бараніць сваю слабасць, адкідваючы Божую прысутнасць: «Што Табе да нас, Езус Назаранін?» (пар. Мк 1, 24).

Гэты прыклад паводзінаў уласцівы не толькі Хрыстовым сучаснікам. Можа, парадаксальна, але і ў XXI стагодзі не адна асоба пад цяжарам сораму, віны, пачуцця грэшнасці бароніцца прымітыўным заплюшчваннем вачэй, ігнараваннем Божай прысутнасці, а часам і спробамі запярэчыць збаўчай дзейнасці Бога.

Сябра, Езус прыйшоў вызваляць, Ён не атакуе, не раніць, Ён аздараўляе, бо мае моц і ўладу. Наша жыццё кароткае, а Ён застаецца прысутным ва ўсе дні да сканчэння веку. Амэн.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.