Пошук

16.01.2009 15:34  
Іс 62, 1–5
1 Кар 6, 13с–15а. 17–2
Ян 1, 35–42


Можа і Ты, Сябра, ведаеш кагосьці, хто звычайна адчувае сябе надзвычай упэўненым, робіць уражанне, што нібы і ў жыцці і пра жыццё ён ведае ўсё. Нічым яго нельга здзівіць. Здаецца, што ён нейкі універсальны спецыяліст у кожнай галіне. У любой сітуацыі распавядзе, як «на самой справе» рэчы павінны выглядаць, заўсёды  выкажацца, «падправіць». Герой. Такому нібы толькі зайздросціць, але на самой справе яго самаўпэўненасць спараджае бяссільнае раздражненне ці пустую іронію.

А жыццё такім людзям і насамрэч звычайна сапраўды спрыяе, хоць неаднойчы ў самы неспадзяваны момант дазваляе сабе суровым жартам паставіць героя ў рэчаіснасць бязлітаснага жыцця. Вывеўшы на добрую дарогу, не забараняе «самастойнасці» памыліцца выбіраючы мыльны напрамак на ўласцівым шляху. Упэўненым крокам шыбуючы наперад, хоць не адразу і не надта ахвотна, ён заўважае бясплённасць падарожжа, шукае вінаватых, паспешна апраўдваецца… Невядома, што ў гэтых словах праўдзівае, ды кавалак шляху, частка жыцця ўжо прамінула…

Нягледзячы на відавочнасць прыгажосці і велічы чалавечага жыцця, сапраўднасць і паўнату яму надае не здольнасць быць самотным, не незалежнасць, не самаўпэўненасць, а простая, хоць, быць можа, не для ўсіх відавочная праўда — мы часткі Хрыстовыя. Неаднойчы выпрабаваная доўгімі змаганнямі, пераканаўшыся ў сваёй слабасці, абмежаванасці, стомленая і знядужаная бясконцымі цяжкасцямі, не адна чалавечая істота нарэшце нясмела адкрывае ў сваім жыцці справядлівасць гэтай ісціны.

Пачынае шукаць падтрымкі, падказкі, садзейнічання некага Іншага. Адно з няпростых заданняў чалавека — распазнаць голас Таго сапраўднага, Хто не падмане, не ашукае, дапаможа. Памылка ў гэтай справе, ў сучасным свеце асабліва, не аднойчы сцягвае даверлівых людзей у небяспечныя рухі, кірункі, секты. Наіўнаму, маладому, вернаму герою сённяшняга біблійнага першага чытання давялося б яшчэ, хіба, доўга паматацца і не выспацца, калі б не мудрая і шчырая парада вопытнага Элія, дзякуючы якой Самуэль пачуў голас сапраўднага Пана.

Звернем увагу на тое, што падзеям сённяшняга Евангелля папярэднічала сцэна, у якой пасланнікі старэйшынаў Ізраэля распытвалі Яна Хрысціцеля пра тое, ці ён не Ілля, ці не нехта з прарокаў, ці не Месія. Вельмі верагодна, што аўтарытэт Хрыстовага прадвесніка быў дастатковым, каб паспяхова падмануць дапытлівых дэлегатаў на сваю карысць. Але менавіта шчырасць Яна, яго праўдзівасць, пакора ўчынілі яго здольным сустрэцца з сапраўдным Месіяй.

Пазней Хрыстус скажа пра Яна Хрысціцеля, што не было большага сярод прарокаў. Але гэтая большасць, гэтая вялікасць сустрэлі Яна не таму, што ён іх самавольна прысвоіў, а таму, што прыняў іх ад Бога, застаўся Яму верным, не здрадзіў свайму пакліканню. Дзякуючы пакоры, якая не дазваляе закружыцца галаве, падмануцца, згубіць далікатную сувязь з рэчаіснасцю, і натхненням Святога Духа Ян Хрысціцель беспамылкова ўказвае на сэнс чалавечага жыцця, распазнае адзіны паратунак над людскім грахом: вось Ягнё Божае.

Вызнанне Яна Хрысціцеля чарговы раз яго як бы абядняе: ад яго адыходзяць двое з яго вучняў. Вернае Янава сведчанне падае нібы вада на перасохшы пясок. Тыя вучні нічога больш не дапытваліся, яны пайшлі за Езусам. Сёння мы ведаем, што тыя вучні пазней сталі апосталамі, сталі фундаментам, на якім Езус збудаваў свой Касцёл, але калі вернемся ў рэчаіснасць пачутай сёння з Евангелля сцэны, то пакуль што Езус ім нічога не прапанаваў, яны пайшлі самі, бо ад Яна пачулі, за Кім ідуць.

У сённяшнім свеце голасам Яна, голасам таго, хто сапраўды ведае Езуса, таго, хто застаецца верным і пакорным, з’яўляецца голас Касцёла. Касцёл не замяняе Езуса, ён здзяйсняе ўсё, каб Твая сустрэча з Богам была магчымай, каб яна была сапраўднай.

Можа, неаднойчы ў касцёле пачуеш у свой бок жорсткія словы Езуса: «Чаго шукаеш?» Не спяшайся абражацца, шукай шчырага адказу на гэта пытанне. Бо Езус пытаецца пра сэнс твайго рашэння, выбару, пра глыбіню твайго жыцця. У Евангеллі падобным чынам Ён звернецца да людзей, якія прыйдуць Яго арыштоўваць у Аліўны сад (пар. Ян 18, 4.7), і да Марыі Магдалены пасля ўваскрашэння (Ян 20, 15).

Кожнае сапраўднае шуканне шчасця, праўды, любові з’яўляецца шуканнем гэтай адзінай Асобы — Езуса. Гэта шуканне, каб яно было плённым, павінна быць працавітым, свядомым. Сённяшняя сустрэча вучняў з Езусам толькі першая, але калі хтосьці вырашыў ісці за Ім, не дастаткова «плясціся» здалёк, Езуса варта пазнаваць, распытваць, будаваць з Ім сапраўдныя адносіны.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця