2 Сам 7, 1–5. 8б–12. 14а. 16
Рым 16, 25–27
Рым 16, 25–27
Лк 1, 26–38
Пачутае намі сёння Евангелле стварае рэчаіснасць Адвэнту ў літаральным значэнні гэтага слова. Бог ужо стаў чалавекам. Як вядома людское жыццё распачынаецца момантам зачацця, ужо тады становіцца фактам, пазней, падчас нараджэння, яно толькі аб’яўляецца, становіцца відавочным для іншых. Евангельская сцэна Звеставання якраз з’яўляецца пачаткам выключных падзей гісторыі збаўлення. Прыгадаю, што слова «Адвэнт» азначае «прысутнасць, прыйсце, надыход», інакш кажучы, азначае нешта ўжо рэальнае, сапраўднае, а адначасова яшчэ не відавочнае, нібы не поўнае, быццам бы не завершанае.
Мудрасць Касцёла прапануе нам сёння прыглядзецца да ўдзелу Марыі ў гэтых важных падзеях гісторыі. Варта памятаць, што для прадстаўнікоў абранага народа, сучасных Марыі, магчымы надыход Месіі быў не толькі верагодным, але выразна жаданым, патрэбным, чаканым. Прыніжаныя прыгнётам рымскага акупанта, яны са шчырай верай спадзяваліся на Божае ўмяшанне, дапамогу Усявышняга, нараджэнне кагосьці выключнага, хто стаў бы сапраўдным лідэрам, кіраўніком, які ў Божае імя паклапоціцца пра палітычнае вызваленне суайчыннікаў. Хоць разуменне ролі Месіі было вельмі натуральным і таму вузкім, усё ж для кожнай габрэйскай жанчыны было б выключным гонарам стаць маці такога Божага абранніка. Чаканне Месіі было настолькі жывым, што, можна меркаваць, нараджэнню кожнага габрэйскага хлопца спадарожнічала хоць бы нясмелая думка маці: а, можа, менавіта мой сын з’яўляецца тым, каго чакае ўвесь народ.
Тое, якім чынам Бог уваходзіць у гісторыю, перавышае нават самыя смелыя чалавечыя ўяўленні і спадзяванні. Пакліканне Марыі, сціплай правінцыяльнай дзяўчыны, якая не спадзявалася быць маці, з’яўляецца шчодрай і рызыкоўнай прапановай Бога. Для ўпартай чалавечай натуры лягчэй заўважаць ды прымаць прысутнасць і дзейнасць Бога ў свеце, у гісторыі, калі разумее, што адкуль бярэцца, чаму так, а не інакш. Калі адчувае, што кантралюе сітуацыю, нягледзячы на зменлівасць падзей паспявае сачыць за абстаноўкай. Як ведаем, у адносінах з роўнай сабе асобай чалавек патрапіць наўмысна тое-сёе не дачуць, не заўважыць, не зразумець, не прыняць, калі ў дадзены момант так выгадней, спакайней, зручней. Падобным чынам неаднойчы і ў адносінах з Богам мы ахвотней сустракаемся з Ім, калі ініцыятыва на нашым баку, калі нам гэта патрэбна, калі гаворым мы, калі хочам, каб выйшла, як мы запланавалі, як мы хочам, як мы дабіваемся.
Біблейская сцэна Звеставання ўжо тым адметная, што праз анёла прамаўляе Бог. Ён звяртаецца з навіной, якая з’яўляецца Божай прапановай, скіраванай стварэнню. Прапанова, якая далікатна чакае чалавечага адказу, рашэння. Нягледзячы на збянтэжанасць, загадкавасць акалічнасцяў, Марыя выражае пакорную, даверлівую гатоўнасць: «Вось я, слуга Пана…» Гэта адбываецца з такой лёгкасцю, нібы адказ быў падрыхтаваны, вядомы загадзя, абдуманы ці нават абмеркаваны. Марыя не уцякае, не ўхіляецца ад адказу, а наадварот, рашуча апраўдвае чаканне таго, хто прапаноўвае. Для Марыі рашэнне было відавочным, яно ўжо даспела ў Яе сэрцы, Яе асабісты час чакання Пана — нібы наш перыяд Адвэнту — скончыўся, Яна з Ім сустрэлася, Яна першая з ім сустрэлася. Не важнымі былі акалічнасці справы, Яна ведала, каму давярае, Марыя была гатовая сустрэць і прыняць Пана.
У гэтай ціхай, схаванай ад старонніх людскіх вачэй сцэне сустрэчы Марыі з анёлам, выяўляецца простая сутнасць кожнага чалавечага паклікання — супрацоўнічаць з Богам, быць адказным за Яго даручэнні. Прапанова Бога не з’яўляецца нейкім здзеклівым выпрабаваннем тыпу: паскладай забаўкі, падмяці падлогу, памый посуд… Бог запрашае чалавека да сур’ёзнага, змястоўнага і адказнага супрацоўніцтва. Ужо на першых старонках Святога Пісання Бог чалавечым рукам даручае клопат пра створаную рэчаіснасць. Вольнаму рашэнню Марыі Ён давярае ўдзел ў падзеях збаўлення. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што прапанова Бога ў справе надзвычайнай важнасці скіраваная да чалавека. Дакладна такога ж, як я ці ты, Сябра.
Не варта спяшацца апраўдваць наш недавер Богу, нашу здрадлівасць у параўнанні з трывалай вернасцю Марыі тым, што Яна ж беззаганная, або, маўляў, каб і я сустрэў анёла, было б усё інакш. Беззаганнасць Марыі сапраўды з’яўляецца надзвычайным, выключным дарам Бога, але Ён не абмяжоўвае волі і рашэнняў Марыі, Яна не згубіла здольнасць рабіць па-свойму, насуперак, як сама хоча. А калі сумленна глянем на нашу гісторыю, ці ж не аднойчы Бог шчодра абдорваў нас сваім прабачэннем і асабістай сустрэчай з намі ў Эўхарыстыі? Акрамя таго, Евангельская сустрэча Марыі з анёлам заканчваецца далёка не прыгожым, штучным «happy end», а суровай рэчаіснасцю: «І адышоў ад Яе анёл». Марыя засталася адна. Свой шлях Ёй трэба прайсці пры дапамозе веры, так, як і кожнаму з нас. Ад гэтага моманту сваё заданне Марыя будзе распазнаваць у звычайных падзеях штодзённай зямной рэчаіснасці. Без «ільгот». Яна найлепш разгледзіць крыж, адчуе яго цяжар, бяздушнасць. Меч болю прашые Яе сэрца.
Святы Аўгустын казаў, што Бог стварыў чалавека без яго ўдзелу, але збавіць чалавека без яго самога Ён не можа. Бог нібы абмежаваў уласную ўсемагутнасць воляй чалавечых рашэнняў. Сябра, каб адбылася сустрэча з надыходзячым Панам патрэбна тваё «так».
Айцец Алег Шэнда OFMCap