Пошук

12.12.2008 19:33  

Сённяшняя, ужо трэццяя, нядзеля Адвэнту з’яўляецца адметнай, яна асаблівым чынам падкрэслівае радасць чакання. У літургіі Касцёла яна мае сваю назву — Gaudete (лац. «радуйцеся»). Безумоўна, гэта не выпадкова, другая частка перыяду далікатна змяняе сваё значэнне. У папярэдніх нядзелях мы ў большай ступені засяроджваліся на канчатковым вяртанні Гаспадара, гаворка ішла пра другое, яшчэ невядомае, прыйсце Хрыста, пра нашу асабістую сустрэчу з Панам тварам у твар, прыйсце, якое будзе, наступіць, здзейсніцца. Цяпер жа мы пільнейшую ўвагу звернем на падзеі, якія ўжо адбыліся, сталі часткай гісторыі. Езус ужо прысутнічае, Ён уцелавіўся, нарадзіўся як чалавек.

Істотнымі рысамі падзей, звязаных з нараджэннем Хрыста, з’яўляюцца цішыня, сціпласць, непрыкметнасць. Вусны прарока Ісаі прадстаўляюць сутнасць задання, з якім набліжаецца абяцаны Месія — абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням — свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана. Доўгачаканы выканаўца гэтай місіі, здаецца, не можа заставацца незаўважаным ці быць з кімсьці пераблытанным. Тым больш для ізраэльскага народу гэта чаканне характарызавалася нецярплівасцю. Усё ж, як пераконваемся са словаў сённяшняга фрагменту Евангелля, распазнаць Яго не было простай рэччу. Можа, якраз таму юдэйская «эліта» да незвычайнага вестуна — Яна Хрысціцеля — высылае дэлегацыю, каб распытацца, у чым справа, што адбываецца, хто ён такі?

Каб сённяшняе Божае слова было больш вымоўным канкрэтна для нашага жыцця, хацелася б правесці некалькі ўмоўных паралеляў паміж грамадствам часоў Яна Хрысціцеля і нашай сучаснасцю. Пераважная большасць, як здаецца, нашых суграмадзянаў смела акрэслівае сябе людзьмі веруючымі. Наўрад ці нехта з нас меў бы адвагу прадстаўнікоў абранага народу назваць бязбожнікамі, а таму ў нашым разуменні яны таксама веруючыя. Гэта першая паралель. Другім істотным момантам з’яўляецца прысутнасць Езуса Хрыста. Калі Ян Хрысціцель за Ярданам заклікаў да пакаяння, то Езус, сапраўдны Бог, ужо быў на зямлі, і гэта праўда не згубіла сваёй актуальнасці да сённяшняга дня, яна толькі пашырыла сваю геаграфію і з’яўляецца справядлівай таксама для нас: «Я застаюся з вамі да сканчэння свету». Чарговая акалічнасць выплывае з таго, што, як мы ўжо пераканаліся, прысутнасць Езуса не была відавочнай для ўсіх веруючых людзей. Ян Хрысціцель з’яўляецца тут асобай выключнай, ён той, хто ўжо ведае Езуса Хрыста. У гэтым месцы хацелася б асабліва звярнуць увагу на заданні хрысціянаў — тых, якія ведаюць Хрыста, — у сучасным свеце.

Ян Хрысціцель — голас таго, хто кліча ў пустыні. Голас незвычайны. Быць можа, мы ўжо звыкліся жыць ў досыць шумным, крыклівым асяроддзі. Шэраг разнастайных галасоў стварае хаатычны, бязлікі інфармацыйны гоман на старонках газет, у эфіры радыё, на экранах тэлебачання, у сетках Інтэрнэту і, можа, крыху радзей, на сходах ды плошчах. Гэта галасы, якія хваляцца, абураюцца, запрашаюць, прапаноўваюць, заахвочваюць… Голас Яна адметны, ён у шэрай завядзёнцы і будзённай мітусні кіруе ўвагу на тое, што самае важнае — на прысутнасць Пана.
Сябра, ці голас хрысціяніна ў сучасным свеце не павінен быць іншым, не модным, не папулярным, не такім, як усе? Голасам сведкі Асобы, не для ўсіх відавочнай. Як думаеш? Насуперак абыякавасці, магчымай варожасці, агрэсіі ці прымітыўнаму высмейванню нашы адносіны з сапраўдным Богам не могуць заставацца пустым, палахлівым маўчаннем. Мэта не ў тым, каб нешта змяніць, кагосьці пераканаць, дабіцца свайго, але каб быць сведкам, верным сведкам.

Яшчэ больш складаным заданнем для сучаснага хрысціяніна з’яўляецца прыклад Яна, прыклад сціплага «я — голас», толькі голас кагосьці іншага, каму ён, як кажа, не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго. Прарок рашуча запярэчвае здагадкі аб тым, што ён можа быць Хрыстом ці некім з вялікіх прарокаў. Ён ніколькі не засяроджвае ўвагу на сабе, а ўмела накіроўвае яе на сапраўднага Месію, сам пакорна знікаючы.
Быццё хрысціянінам, у тым ліку і сучасным хрысціянінам, звязана, між іншым, з далікатнай здольнасцю, уменнем дзяліцца верай, падрыхтоўваць месца камусьці сапраўды важнаму, арганізоўваць для іншых сустрэчы з Хрыстом і самому знікаць. Не перашкаджаць гэтай сустрэчы, не падказваць, не кантраляваць, не засяроджваць увагу на сабе.
Захаванне такой далікатнасці і раўнавагі можа быць няпростым. Бадай, кожнаму з нас хочацца рабіць па-свайму. Хочацца быць больш уплывовым, больш актыўна ўдзельнічаць у чужым жыцці, жыцці нашых дзяцей, мужа, жонкі і г. д. Нам упарта хочацца, каб яны разважалі, як мы, бачылі свет, адчувалі, як мы, каб іх густ быў такі самы, як наш, каб яны станавіліся нашай копіяй, каб жылі, як мы. Ахвотна жадаем ім падказваць, папраўляць, быць прысутнымі і патрэбнымі ў іхным жыцці. Часам з’яўляюцца нават спакусы паказаць сваю вышэйшасць: я больш жыву, я даўней ахрышчаны, я заўсёды хадзіў у касцёл… Так жывём і разважаем, што часам, здаецца, гатовыя падмяніць сабой Езуса.
Ян Хрысціцель з’яўляецца сведкам і звестуном прысутнага ў свеце Бога. Ён вельмі трапна спалучае ў сабе незвычайную адвагу з незвычайнай пакорай. Сваё высокае пакліканне ён умела абмяжоўвае далікатнай здольнасцю шанаваць волю і рашэнні іншай асобы.
Быць веруючым — гэта рэчаіснасць дынамічная, яна патрабуе зменаў, развіцця. Можа, на самой справе для шэрагу вернікаў, нашых сучаснікаў вера з’яўляецца яшчэ не смелай, не выразнай, можа, і прысутнасць Езуса Хрыста для іх яшчэ не відавочная, можа, патрабуюць нашага вопыту, нашага сведчання, але важна, каб яно было шчырым і пакорным. Дазволім нашаму брату ці сястры самім заўважыць Пана і пазнаёміцца з Ім. Можа, не здарыцца гэта так хутка, як мы сабе ўяўляем ці плануем. Гаспадар можа спазніцца, наша заданне — падтрымаць надзею, а не замяняць Пана. Амэн.

Айцец Алег Шэнда OFMCap

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця