«Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».
Дарагія браты і сёстры!
Гэтыя словы з сённяшняга Евангелля з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам для тых, хто пакліканы да Божай службы. І часцей за ўсё, калі мы чуем гэтыя словы, то ўспрымаем іх як заклік да малітвы за святароў і кансэкраваных асобаў і, канешне ж, за новыя пакліканні. Але не толькі. Гэтыя словы змяшчаюць зварот Хрыста да кожнага веруючага чалавека. І сёння разам з вамі хачу крыху над гэтым паразважаць.
На пачатку сённяшняга ўрыўка з Евангелля Езус пасылае семдзесят двух вучняў, па двое, у розныя месцы, куды сам меў намер прыйсці. Як бачым, гэта былі не апосталы, а іншыя Яго вучні. Гэта значыць, што ў Езуса была свая школа, у якой былі не толькі апосталы. Прынцып школы Езуса быў падобны да школы вандруючых настаўнікаў.
У старажытнасці, каб чалавек атрымаў аўтарытэт настаўніка, лічылася, што ён павінен мець не менш за 30 гадоў, збіраць вакол сябе вучняў і прапаведваць мудрасць сваёй навукі. Вядомая справа, што Езус быў не адзіным вандруючым настаўнікам, іх было значна больш. Але схема Яго навучання і арганізацыі была вельмі падобнай.
Такім чынам, Езус спачатку збірае вакол сябе апосталаў, трох з якіх, як ведаем, асабліва пасвячае ў сваю місію: гэта былі Пётр, Якуб і Ян, затым усе астатнія апосталы, якім Езус тлумачыў значэнне сваіх прыпавесцяў і іншых навукаў, а потым ужо тлумачыў сваім вучням. Да народа Ён звяртаўся ў форме прыпавесцяў і тлумачыў далёка не ўсё. Але гэта быў тагачасны прынцып навучання. Калі чалавек хацеў бліжэй пазнаёміцца з навучаннем Хрыста, то патрэбна было стаць Яго вучнем.
Вось такая прыкладна была іерархія ў школе Езуса. І, канешне, гэтая школа мела сваю фармацыю. Як бачым, гэтыя семдзесят два вучні былі дастаткова падрыхтаванымі, каб ад імя Езуса абвяшчаць Добрую Навіну аб збаўленні, а таксама распавядаць пра свайго Настаўніка. Вучні, якіх паслаў Езус, павінны былі падрыхтаваць жыхароў тых месцаў, куды неўзабаве меў намер прыйсці Езус.
Інакш кажучы, яны рыхтавалі глебу ў сэрцах людзей пад зерне Божага слова, якое меў намер засейваць сам Езус. Тое, што Езус адпраўляў сваіх вучняў па двое, таксама было вельмі мудра: па-першае, сведчыла пра верагоднасць вучэння, якое абвяшчалі вучні, па-другое, удваіх заўсёды лягчэй перажываюцца цяжкасці і выпрабаванні, звязаныя з місіяй прапаведвання. Па адным вучні маглі б згубіцца. І гэта Езус добра ведаў.
Дарагія! Школа Езуса Хрыста працуе і сёння. Змяняецца толькі яе форма, але сутнасць застаецца тая ж. Школай Хрыста можна назваць як семінарыю, кавальню пакліканняў, так і кожную парафію і ўвесь Паўсюдны Касцёл. Наша парафія таксама з’яўляецца школай Хрыста. Толькі місію Настаўніка з Назарэта выконваюць святары, а ў сваю чаргу кожны вернік з’яўляецца вучнем Хрыста.
Таму, як некалі, так і зараз Езус звяртаецца да кожнага з нас з заклікам абвяшчэння Евангелля. Бо Евангелле можа абвяшчаць не толькі святар з амбоны — заданне абвяшчэння Евангелля належыць кожнаму ахрышчанаму чалавеку. Бо праз сакрамэнт хросту кожны ўдзельнічае ў паўсюдным святарстве Езуса Хрыста. Таму кожны з нас пакліканы выконваць апостальскую місію абвяшчэння Добрай Навіны.
Вы запытаеце: як можа свецкі чалавек абвяшчаць Евангелле? Адкажу адназначна. Не горш за святара, калі сведчанне Евангелля будзе даваць сваім уласным жыццём. Сучасны свет адкідвае трыдыцыю і аўтарытэты. Праз гэта ён многае губляе, калі не ўсё нават. Дзякуючы традыцыям веры чалавек удасканальвае сваю асобу. Не думайце, што сучасная мода і стыль жыцця, які выглядае нібы свабодным, здольны зрабіць чалавека больш шчаслівым, чым стыль, які існаваў дагэтуль і па словах іншых людзей з’яўляўся толькі абмежаваннем чалавека.
Зараз мы бачым, што тое, чаго чалавек павінен саромецца і асцерагацца, стала правілам і нормай. Псеўдасвабода стала прычынай бессаромнага стылю жыцця, разбіцця сям’і, легалізацыі аднаполых шлюбаў, абортаў, эўтаназіі і гэтак далей. Чалавек, губляючы адвечныя каштоўнасці, губляе сябе. Калі мы адмаўляемся ад традыцыі, якой жылі нашыя бацькі, калі, напрыклад, веру нашых хрысціянскіх продкаў, якую яны здабывалі шляхам самаадрачэння і цяжкай працы над сабою, заменім тымі вартасцямі або псеўдавартасцямі, якія дае сучасны свет, то мы згубім нашу тоеснасць, будзем людзьмі без каранёў. Падумайце: як доўга можа вытрымаць дрэва без каранёў, ці будзе яно развівацца і расці?
Умілаваныя браты і сёстры! Нашы продкі фармаваліся ў школе Хрыста, таму і нам трэба, нягледзячы ні на што, пазнаваць веру, жыць ёю і развіваць яе ў нашым жыцці. Асабліва сёння, перад абліччам цяжкіх выпрабаванняў цяперашняй эпохі, кожны з нас павінен мець адказнасць за скарб веры, які мы атрымалі. Ці ёсць у нас гэтая вера? Ці можам ёю падзяліцца? А Езус сёння да кожнага з нас звяртаецца: «Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў». Не было лёгка прапаведваць у часы Езуса, не лёгка гэта і зараз. Але важна не губляць адвагі, бо на гэтай дарозе мы не адны.
Сёння Езус звяртаецца да нас, святароў, каб мы сваё жыццё па-сапраўднаму прысвячалі служэнню Богу і бліжнім, каб не баяліся жыць тымі вартасцямі, якія абвяшчаем. Бог патрабуе нашых рук, каб благаслаўляць, патрабуе нашага сэрца, каб любіць, патрабуе нашага голасу, каб навучаць. Да гэтага асаблівым чынам пакліканы святары. Але Езус сёння звяртаецца таксама да кожнага з вас, дарагія браты і сёстры. Каб кожны з нас у сваім жыцці мог паўтарыць за святым Паўлам: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на XIV Звычайную нядзелю, Год С (3 ліпеня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .