Пошук

24.03.2016 18:08  

Гамілія на Вялікую пятніцу

Дарагія браты і сёстры!

Эўхарыстычная Ахвяра, пачынаючы ад Вячэрніка, дзе першы раз складае яе сам Езус Хрыстус, трывае па сённяшні дзень і трываць будзе да канца свету. Ахвяра Эўхарыстыі няспынная, бо па волі Езуса Хрыста апосталы пайшлі на ўвесь свет, удзяляючы хрост усім, хто верыць у Яго. І таму Эўхарыстыя стала цэлебравацца ў кожным кутку свету, у кожную хвіліну, нават секунду.     

Ці працуем мы, ці адпачываем – дзесьці ў свеце ў гэтую хвіліну людзі ўдзельнічаюць у святой Імшы. Хтосьці нават спрабаваў падлічыць, колькі кансэкрацый – значыць тых момантаў, калі хлеб перамяняецца ў Цела Хрыста, – адбываецца на працягу сутак, і атрымалася на кожную секунду 3-4 кансэкрацыі. Такім чынам, Эўхарыстыя, як бачым, з'яўляецца адзінай вялікай няспыннай малітвай і Ахвярай, якая складаецца Богу пастаянна.

Але існуе адно выключэнне. Ёсць такі дзень, калі на 24 гадзіны затрымліваецца гэтая няспынная Ахвяра. Увесь свет як бы нерухома і ў смутку замірае. І гэтым выключэннем, дарагія браты і сёстры, з'яўляецца Вялікая пятніца. Сённяшні дзень. Дзень, калі асабліва ўзгадваецца мука і смерць на крыжы Езуса Хрыста. Падзея гэтая мае вялікае значэнне для кожнага з нас, бо яе зместам з’яўляецца нашае збаўленне. І калі мы глядзім на крыж, то таксама праз яго ўглядаемся ў сябе. Калі глядзім на Хрыста ўкрыжаванага, то разам з Ім бачым і сябе. Бо і ў жыцці, і ў смерці мы належым Пану, як кажа апостал Павел рымлянам.

Драматычнай кульмінацыяй адкуплення становіцца Галгота. Калі ўзглянем на Езуса, узвышанага на крыжы, між небам і зямлёю, выглядае Ён так, як быццам неба Яго яшчэ не гатова прыняць, а зямля не вартая Яго насіць. Але Езус Хрыстус – Адкупіцель усяго свету. Яго вочы стомленыя і налітыя крывёю, пасінелыя вусны, на Яго твары безліч сінякоў і драпін, галава ўвенчана цярнёвай каронай, цела моцна збітае, рукі ногі прыбіты цвікамі, сэрца прабіта дзідаю. Бог-чалавек, Найвышэйшая Святасць і Нявіннасць, узяў на сябе ўсе нашыя грахі і прыбіў іх разам з сабою да крыжа.

Дарагія!

Таямніца мукі і смерці Езуса  Хрыста мае ў сабе такую глыбіню, што мы тут, жывучы на зямлі, ніколі да канца гэтай таямніцы не зразумеем, як бы ні стараліся, колькі б гэтаму ні прысвяцілі асабістых разважанняў і малітваў. Хоць бы таму, што Крыж – гэта не толькі вобраз церпячага Збавіцеля; гэта трывалая і вечна жывая рэчаіснасць.

Калі глядзім на нашае жыццё, калі глядзім на жыццё свету, асабліва ў кантэксце гісторыі, то неаднаразова можна ўбачыць Вялікую пятніцу, калі аблічча чалавека прыніжана, аплявана, знішчана іншым чалавекам.

Самая цяжкая хвіліна ў гісторыі мук Езуса – гэта той момант, калі ў наймацнейшым болю Збаўца ўсклікае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

Калі мы злучым Вялікую пятніцу ХХ стагоддзя з Вялікай пятніцай Езуса, то таксама будзем усклікаць да Айца з просьбай аб дапамозе. Бо побач з рэальнай прысутнасцю Езуса ў святых сакрамэнтах існуе яшчэ адна Яго рэальная прысутнасць, а менавіта прысутнасць Езуса ў іншым чалавеку, каго зневажаюць, над кім здзекуюцца, хто несправядліва пакутуе.

Галгота нашых часоў, як назваў яе cв. Ян Павел ІІ, гэта тое, што адбывалася ў былой Югаславіі, такія самыя галготы знаходзяцца ў краінах Афрыкі, Блізкага Усходу і ў кожным доме, дзе хтосьці церпіць. Дарагія, давайце задумаемся: кім мы з'яўляемся ў цяжкіх драматычных падзеях свайго жыцця: тымі, хто прыніжае, прымушае пакутваць, ці тымі, хто спачувае і дапамагае несці цяжар штодзённага крыжа? Кім я з'яўляюся сёння і кожны дзень?


Пане Езу, дапамажы мне, каб я лепш мог Цябе бачыць і дапамагаць Табе ў маіх бліжніх. Было б несправядліва, калі б я плакаў перад драўляным крыжам, а не ішоў за Табою, які знаходзішся на шляху маіх бліжніх.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: тое, што вы ўчынілі аднаму з гэтых найменшых, тое Мне ўчынілі.

 

Гамілія на Пасхальную вігілію

Дарагія браты і сёстры!

Сёння нам нельга не заўважыць вялікай разнастайнасці і  багацця літургіі, у якой мы разам з вамі ўдзельнічаем. Літургія Пасхальнай вігіліі, з аднаго боку, прыгадвае нам тыя падзеі далёкіх часоў, які сталі пачаткам гісторыі чалавека, паказвае паасобныя этапы яго развіцця, а з іншага боку – дазваляе ўбачыць будучую перспектыву, а менавіта: выкананне ўсяго таго, што Бог абяцаў чалавеку напачатку.

Літургія слова сёння незвычайна багатая, і спачатку мы ўспамінаем падзеі стварэння свету і чалавека, узгадваем далейшы драматычны лёс чалавека, які можна назваць трагедыяй. Чаму? Бо чалавек адыходзіць ад Бога. Чалавек з таго моманту ўжо не жыве ў гармоніі і парадку, як дагэтуль, але праз адыход ад Бога трапляе ў адхлань безнадзейнасці. Таксама сённяшняя літургія дазваляе нам убачыць, як Бог розным чынам імкнецца дайсці да згубленага праз грэх чалавека, як моцна Ён прагне вызваліць чалавека з бездані грахоў, хоча быць надзейнай апорай. Аб гэтым выразна сведчаць падзеі Выбранага народу. Гэта чарговы этап у гісторыі збаўлення.

Вось паглядзіце. Бог цалкам па-чалавечы зацікавіўся цяжкім лёсам ізраэльскага народа, калі той цярпеў егіпецкі прыгнёт. Бог пажадаў яго вызваліць. І праз свайго вернага слугу Майсея Бог чыніць безліч знакаў і цудаў, сярод якіх самым яскравым і вядомым стаў пераход праз Чырвонае мора і пагібель варожжага войска ў марскіх хвалях. Менавіта гэтая падзея стала асновай у святкаванні найважнейшай габрэйскай урачыстасці – Пасхі. Гэтая ўрачыстасць ушаноўвае вялікія Божыя справы, пераход з Егіпта ў Зямлю абяцаную.

Дарагія!

Менавіта гэтае свята Бог яшчэ раз абраў, каб мацней увайсці ў гісторыю збаўлення і на гэты раз увайсці ўжо ў справы не толькі аднаго народа, але ўсяго чалавецтва. Такім чынам адбываецца новы пераход, новая Пасха: пераход ад няволі граху да жыцця ў Божай ласцы, пераход ад смерці да жыцця. І ўваскрослы Хрыстус з'яўляецца тым шляхам, які вядзе да жыцця. Гэта Хрыстус, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём, раздзяляе воды цярпенняў, каб чалавек прайшоў праз мора зла, прыніжэння, цярпення, пакуты на другі бераг, дзе ззяе новы бляск святла, дзе аб'яўляецца паўната жыцця.

Сёння літургія  набліжае нам усе гэтыя падзеі, так багатыя на Божае слова, знакі і сімвалы. Аднак, дарагія браты і сёстры, ёсць сёння ў літургіі нешта значна большае, чым толькі погляд на гістарычную карціну дзеяў чалавецтва. Сённяшняя літургія мае ў сабе ключ да разумення гэтых дзеяў.

Сёння мы выразна чуем пра тое, што ўсё ў свеце мае сэнс, што абсалютна ўсё мае пэўную цэласнасць, якая замыкаецца ў Хрысце. На пачатку літургіі, калі мы збіраліся перад касцёлам, на пасхале, вялікай свечцы, мы накрэслілі вельмі важныя словы: «Я альфа і амега, пачатак і канец».

Дарагія!

Крыж Хрыста – нібы мост, які злучае неба і зямлю. Гэты ж крыж таксама злучае дзеі чалавецтва ад самага пачатку аж да канца. На крыжы Хрыстус ахінае ўсё чалавецтва і накіроўвае яго да Айца.

Менавіта ў Хрысце ўсё знаходзіць свой сэнс: і вялікія рэчы, і малыя, і радасныя і сумныя, і добрыя, і злыя. Толькі ў Ім можа знайсці сэнс кожны без выключэння чалавек: ці гэта будзе яшчэ дзіця, якое фарміруецца ва ўлонні сваёй маці, ці дарослы, поўны сіл чалавек, ці ўрэшце гэта будзе з цяжкасцю дыхаючы, сівы старац.

Нават грэх чалавека і яго смерць таксама маюць вельмі вялікае значэнне. У Хрысце, дарагія браты і сёстры, маюць сэнс катастрофы і катаклізмы, у якіх гінуць людзі; маюць сэнс цярпенні і голад у выніку войнаў. І хоць самі па сабе гэтыя з'явы па сваёй натуры з'яўляюцца злом, прыносяць цярпенне, сумніў і роспач, але ў Хрысце, які не спалохаўся жудасных пакутаў і крыжовай смерці, яны для нас маюць свой сэнс. Бо толькі ў Хрысце кожнае нашае цярпенне становіцца зразумелым і правільна перажытым, малое яно ці вялікае, па нашай віне ці па віне лёсу. Езус Хрыстус надае сэнс кожнаму чалавечаму крыжу.

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы сабраліся вакол Хрыстовага Святла, каб чарговы раз свядома здзейсніць выбар. Каб адмовіцца ад стылю жыцця, які па сваёй сутнасці не згодны са стылем жыцця веруючага хрысціяніна, каб адкінуць свой празмерны эгаізм, ляноту, хцівасць, зайздрасць, нянавісць – усё тое, чым спакушае нас князь цемры.

Праз хвіліну кожны з нас, трымаючы ў руках запаленую ад пасхала свечку, адновіць абяцанні хросту, таксама адрачэцца ад шатана і ўсіх ягоных справаў. Потым кожны вызнае сваю прыналежнасць да Хрыста, сваю гатоўнасць даваць сведчанне праўдзе. Гэты выбар нам трэба паўтарыць зноў, бо свет, у якім мы жывем, ніколі не перастане нас спакушаць да жыцця без Хрыста. Таму кожнаму з нас трэба шмат чуйнасці і малітвы, каб трываць пры Святле, каб не дазволіць цемры атруць нашыя сэрцы.

Таямніца Вялікай пятніцы паказала нам, як шмат гэтае сведчанне нам каштуе, колькі Хрыстус заплаціў за нас сваёй каштоўнай крывёю. І сёння, успамінаючы хвалебнае ўваскрасенне Езуса Хрыста, мы можам уявіць, якая вялікая ўзнагарода чакае тых, хто застаецца верным Хрысту і трывае з Ім да канца.

Няхай аднаўленне абяцанняў хросту будзе для кожнага з нас выразам нашай моцнай веры і гатоўнасцю пайсці за Хрыстом, які з'яўляецца сапраўднай Дарогай, адзінай Праўдай і паўнатой Жыцця. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 13.03.2018 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа