Пошук

09.02.2016 18:41  

“Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні, – кажа Пан”.

Дарагія браты і сёстры!

Пачаўся ўжо чарговы Вялікі пост. Адчуваем, як знешняя і ўнутраная атмасфера змяняецца. Змяняюцца не толькі дэкарацыі і колер літургічнай вопраткі святароў, - як бачым, прывычны для нас зялёны колер змяніўся на фіялетавы, - але апрача гэтага змяняецца нешта большае, што глыбока ўнутры нас.

Вельмі выразна прамаўляе сёння да нас літургія слова, у якой, на самым пачатку гэтага Вялікага посту, Бог звяртаецца да нашых сэрцаў з заклікам: “Навярніцеся”, інакш кажучы: прыйдзіце да Мяне! Станьце на просты шлях, які вядзе да збаўлення!

Каб навяртанне было сапраўдным, каб я мог яго перажыць, патрэбны пост. Патрэбна маё жаданне і рашучасць. Яно, у сваю чаргу, прывядзе мяне да глыбокага навяртання, да маёй сустрэчы з Богам, да майго паяднання з самім сабой, з Богам і з бліжнімі.

Праз прарока Ёэля Бог падкрэслівае, што пост, плач і галашэнне з'яўляюцца тымі сродкамі, якія нас могуць наблізіць да сапраўднага навяртання. Але! “Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне!” Пасціце сэрцам, а не напаказ. Няхай пост будзе сур’ёзнай унутранай паставай сэрца, а не павярхоўным дзеяннем.

Мае дарагія! Шлях навяртання – гэта шлях паяднання з Богам і бліжнімі. Гэта калі я стаю ў праўдзе перад сабою: перад сваімі думкамі і словамі, перад сваімі здзейсненымі ўчынкамі, каб даць сабе аб’ектыўную ацэнку, каб убачыць сябе з боку. Кім я ёсць. Хто я.

Чарговы Вялікі пост – гэта чарговы шанец для кожнага з нас. Шанец яшчэ раз усё ўзважыць і пераасэнсаваць, зрабіць цэласны рахунак сумлення, а гэта, у сваю чаргу, мне дапаможа лепш зразумець сваё месца ў гэтым жыцці і што рабіць, каб сваё жыццё зрабіць лепшым.

Усе пакутныя практыкі – гэта толькі сродак, каб лепш зразумець самога сябе ў святле веры. Самі па сабе гэтыя нашыя велікапосныя пастановы не маюць істотнага значэння, калі робяцца без канкрэтнай мэты. Калі ж мы посцім з пэўнымі інтэнцыямі і мэтамі, то перад намі адкрываецца магчымасць наблізіцца да Бога і лепш зразумець сябе і іншага чалавека.

Не так даўно ў пасланні на Вялікі пост Папа Бэнэдыкт ХVI адзначыў, што збаўчая ініцыятыва паходзіць ад Бога, ад Яго ласкі, Яго прабачэння, прынятага чалавекам “у веры”. Гэтая ініцыятыва не абмяжоўвае нашу свабоду і адказнасць, але спрыяе ўчынкам міласэрнасці, якія “з’яўляюцца плёнам намаганняў чалавека і прычынай радасці. Нашыя ўчынкі міласэрнасці нараджаюцца з самой веры, узнікаюць з ласкі, якую Бог дае шчодра”. Вера без учынкаў – гэта як дрэва без пладоў: гэтыя дзве цноты ўзнікаюць адна ад адной. Такім чынам, Вялікі пост заклікае нас да таго, каб мы ўмацоўвалі веру праз уважлівае і доўгае слуханне Божага слова і праз удзел у сакрамэнтах.

Роля посту вялікая, але Езус у Евангеллі таксама перасцерагае нас ад павярхоўнасці посту. Бывае так, што мы выконваем пабожныя чыны аўтаматычна або, што яшчэ горш, каб паказацца перад іншымі людзьмі. Каб мой сусед або суседка бачылі маю пабожнасць, што знешне я лепшы за іншых: бо я даўжэй стаю на каленях у касцёле, у мяне дома больш ружанцаў і гэтак далей.

Але паспрабуйце толькі мяне, такога пабожнага, зачапіць – адразу убачыце, дзе ракі зімуюць. А гэта, мае даражэнькія, сведчыць аб іншым, што мне трэба вучыцца Божай міласэрнасці, вучыцца дараваць крыўды і прабачаць іншым, як і Айцец прабачае мне. Калі я прыходжу да канфесіянала і станаўлюся на калені, калі я перад Богам вызнаю ўсе свае грахі і памылкі, Бог мне іх прабачае. Толькі ці здольны я навучыцца прабачаць тым, хто зграшыў супраць мяне? Вось наша задача на гэты Вялікі пост. Каб мы не толькі задавалі сабе падобныя пытанні, але імкнуліся даць канкрэтныя адказы ў форме сапраўднай хрысціянскай пабожнасці, злучанай з учынкамі міласэрнасці.

Дарагія браты і сёстры! Няхай Вялікі пост стане для нас глыбокім унутраным перажываннем, каб кожны з нас у святле веры адчуў сваё месца і вартасць у гэтым свеце. Каб мы адчулі сваю ўнікальнасць, якая грунтуецца на годнасці Божых дзяцей. Гэта нам дапаможа лепш спазнаваць сябе, шанаваць сябе і іншых так, як належыць гэта рабіць Хрыстоваму вучню ХХІ стагоддзя. А ўсё тое, што адбываецца навокал нас, не з’яўляецца толькі сляпым і бессэнсоўным выпадкам лёсу. Бо наш лёс і жыццё знаходзяцца ў руках Бога, які ёсць нашым любячым Айцом. А дзякуючы веры мы можам гэтую праўду адкрыць для сябе нанова.

Праз хвіліну адбудзецца абрад пасыпання галавы попелам. Гэта знешні знак унутранай паставы сэрца, зместам якой з’яўляецца маё асабістае пакаянне і прыніжэнне перад Богам. “Навяртайцеся і верце ў Евангелле!” – пачуем гэтыя словы, у якіх заключаецца праграмма нашага жыцця, пачынаючы ад сёння, праз увесь перыяд Вялікага посту і таксама далей, каб мы не спыняліся ўзрастаць у Божай ласцы. Няхай нашае прыніжэнне перад Богам будзе шчырым і дапамагае ўзвысіцца духоўна, наблізіцца да Бога, няхай вядзе нас да навяртання і ўмацавання ў веры, каб евангельская праўда стала нормай нашага жыцця, дабравольным навыкам, а не кароткачасовай гульнёй у пабожнасць.

Таму, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа