Пошук

05.02.2016 14:39  

«Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей».

Дарагія браты і сёстры!

Для сённяшняй літургіі слова характэрна багацце вобразаў і тэматыка паклікання. Варта яшчэ раз прыгледзецца да сённяшніх чытанняў, каб,  разважаючы над Божым словам, з павагай і рашучасцю прыняць да сэрца ўсё тое, з чым звяртаецца да нас Боскі Настаўнік.

У кнізе прарока Ісаі, а менавіта ў сённяшнім фрагменце, аўтар піша аб сваёй візіі, у якой ён бачыць Пана, які сядзіць на высокім узнесеным троне, а таксама бачыць каля Яго серафімаў, якія ўсклікаюць: “Святы, Святы, Святы, Пан Бог Магуццяў”. У той жа час аўтар ўсведамляе сваю нягоднасць і грэшнасць перад Панам і Яго серафімамі, будучы сведкам гэтай незвычайнай з’явы. Гэты факт выклікаў пэўнага роду хваляванне і горыч, з якімі сведка гэтых візій моцна ўсклікае: “Гора мне, бо я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі… а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў”.

Вялікі страх ахоплівае чалавека, калі ён усведамляе сваю слабасць, недасканаласць і грэшнасць перад Богам. Чалавеку не ўсё пад сілу, але ў Бога няма нічога немагчымага. Ён, як мы чуем, ачышчае вусны ад беззаконня і адкупляе грэх. І ўрэшце Бог выбірае свайго прарока, пасылае яго ў свет, да свайго народу, каб праз вусны гэтага выбранага чалавека здзяйснялася Божая воля. Каб вусны гэтыя былі вострым мячом у абароне Божага закону і праўды.

Аўтар кнігі прарока Ісаі выразна чуе голас Пана, перадусім у сваім сэрцы. Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? Гэтыя словы выражаюць пакліканне, з якім Бог звяртаецца не толькі да выбранага прарока, але і да кожнага чалавека. Ён хоча, каб кожны з нас выконваў Яго волю, жыў паводле Яго закону, паступаў мудра і справядліва.

Быць прарокам Пана – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць і добрасумленная праца. Таму што Божы заклік заўсёды ставіць чалавека перад выбарам: пайсці за гэтым заклікам або яго праігнараваць. У дадзеным выпадку мы бачым станоўчы адказ гэтага чалавека, да якога звяртаецца Бог. Ён пачынае супрацоўнічаць з Богам. І адбываецца гэта пачынаючы ад канкрэтнага адказу: вось я, пашлі мяне.

Другое чытанне з’яўляецца своеасаблівым вызнаннем веры ў Езуса Хрыста, якое апостал Павел кіруе да карынцянаў дзеля ўмацавання іх у веры. Каб дэпазіт веры, які Езус перадаў апосталам, непарушна захаваць сярод супольнасці веруючых Карынта. Каб карынцяне не прамянялі праўду на нейкія неверагодна ілжывыя тэорыі, якія не мелі нічога агульнага з Евангеллем.

Апостал Павел кажа, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, а затым сведчыць пра тое, што Езус аб’яўляўся сваім вучням: спачатку Пятру, затым дванаццаці апосталам, пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова. Потым з’явіўся Якубу, потым – усім апосталам. І ўрэшце Павел кажа, што Езус з’явіўся і яму, і падкрэслівае тое, што так вучаць усе апосталы: ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.

І ўрэшце кульмінацыйны момант сённяшняга Божага слова – Евангелле, а менавіта сцэна паклікання Пятра і першых вучняў. Асобай, якая вылучаецца ў прачытаным урыўку з Евангелля, з’яўляецца Сымон Пётр. Лука ў пятай главе Евангелля пачынае развіваць тэму і канчаткова яе завершыць у наступнай, шостай главе. Толькі тады, калі Езус пакліча Дванаццаць, свайго першага апостала Ён назаве Пятром. Да гэтага ён носіць імя Сымон. Гэтае імя даў яму Езус, і яно ўказвае на пасаду і аўтарытэт Пятра, якія ён будзе выконваць у Касцёле.

Перад гэтым Езус выпрабоўвае Сымона Пятра. Спачатку просіць яго адплысці ад берага, потым загадвае яму закінуць сеткі ў возера. Напэўна, ужо тады Езус меў вялікі аўтарытэт Настаўніка, але нават гэты факт не пазбавіў незадавальнення Сымона Пятра, які Яму адказаў: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі”. Аднак, нягледзячы на ўнутраны бунт, Пётр усё ж такі верыць словам Езуса, бо пазней дадае: “Па слову Твайму закіну сеткі”. Ён прымае парадаксальныя словы Езуса, і гэта прыносіць вялікі плён. Бо “яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі”.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Кожнаму з нас трэба задаць пытанне:  што праз гэтыя словы хоча сказаць мне Бог? Да чаго Ён мяне кліча? Пётр выразна адчуў сваё пакліканне, а як быць з намі? Ці мяне Бог таксама кліча? А калі і кліча, то як мне пачуць Яго голас?

Гэтыя і падобныя пытанні могуць нас сёння вельмі цікавіць. У сваім Слове Бог кожнага з нас кліча да вернасці праўдзе і жыццю паводле Евангелля. У сённяшнім Слове Бог выразна кажа нам аб дзвюх рэчах.

Першая рэч – гэта аўтарытэт Касцёла, які збудаваны на падмурку апосталаў, якому Хрыстус даў сваю ўладу і моц і якога прадстаўляе Пётр, першы з апосталаў.

Другая рэч – гэта тое, што Бог праз сваё слова звяртаецца да кожнага чалавека. Ён кліча кожнага з нас. Можна, канешне, падумаць, што мы не такія, як апостал Пётр або іншыя апосталы, але кожны веруючы чалавек мае Хрыстовую місію абароны і распаўсюджвання веры, як сёння мы чулі ў другім чытанні. Каб праўду веры, якую мы атрымалі, не толькі не дэфармаваць праз сваю слабасць і людскую грэшнасць, але, умацаваныя добрым прыкладам, мужна змагацца за веру кожны дзень свайго жыцця. Вось гэта нашая місія. І да яе асаблівым чынам кліча нас Бог: быць вернымі Хрыстовымі вучнямі, каб чуць той голас, праз які прамаўляе сам Хрыстус. Каб мы не толькі чулі гэты голас, але і маглі разам з прарокам адказаць: вось я, пашлі мяне.

Няхай сённяшняе Божае слова абудзіць у нашых сэрцах адвагу, каб мы не баяліся той місіі і задання, якое даручае нам Бог для выканання. Бо Ён сам умацуе нас і дасць патрэбныя сілы для таго, каб мы былі апосталамі нашага часу. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.