Пошук

29.01.2016 11:33  

«Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным»

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам вядомы фрагмент з жыцця Езуса. Гэта той момант, калі Ён урачыста аб’явіў аб сваёй місіі: калі Езус прачытаў з пададзенага Яму світку словы прарока Ісаі і пачаў іх тлумачыць, вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго.

Але гэты момант працягваўся нядоўга. Езус у нейкім сэнсе «зачапіў» слухачоў за жывое тлумачэннем Божага слова, і гэта выклікала неадэкватную рэакцыю прысутных у сінагозе людзей: «Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго».

Як бачым, у Назарэце Езуса не толькі не разумеюць найбліжэйшыя – суседзі, землякі, - але нават хочуць Яго пакараць смерцю: скінуць з абрыва ўніз. Напэўна, апошні сказ нам ціха паведамляе аб цудзе, дзякуючы якому Езус застаўся жывы, бо цяжка сабе ўявіць, як Ён мог вырвацца з рук разгневанага натоўпу і проста прайсці паміж іх.

Пасля таго як Бэтлеем быў непрыхільны да Езуса-немаўляці, калі Ірад пазабіваў іншых немаўлят, гэта было прадвесцем таго, што ў будучыні споўнілася каля палаца Пілата і на Кальварыі. Як бачым, чалавек не хоча Бога! Асабліва калі не мае ў Ім патрэбы. Бо як кажа вядомая нам усім прымаўка, як трывога, дык да Бога. Але не ў выпадку, аб якім распавядае сённяшняе Евангелле. Тут раптам Бог стаў непатрэбным. Хоць Ён і палюбіў чалавека, аддаў за яго свайго Сына з любові, чалавек часам гэтага не ўсведамляе, не разумее або не хоча разумець веліч гэтага дару, не хоча Божай любові, не хоча Бога! Ці штосьці такое магчыма?

Канешне. Напэўна, мы самі неаднаразова былі сведкамі або нават непасрэднымі ўдзельнікамі такога роду бунту супраць Бога. З чаго такі бунт узнікае? Якая яго прычына? Што чалавека штурхае да роспачы і трагедыі бунту? Варта над гэтым крыху паразважаць.

Напэўна, пачатак таго, што чалавек пачынае бунтаваць супраць Бога, сягае сваёй даўніною часоў першых людзей, аб якіх распавядае кніга роду: Адама і Евы. Першы чалавек, які цешыўся прабываннем у супольнасці з Богам у пэўны момант спакусіўся, адчуваючы недавер да свайго Творцы, што і нарадзіла той першы бунт, які пазбавіў чалавека ласкі трывання з Богам у еднасці. Гэты бунт прывёў да граху, які стаў атрутай для далікатнай чалавечай глебы, дадзенай дзякуючы Божай міласці. Хоць спачатку гэтая глеба была вельмі ўрадлівай, аднак пасля бунту чалавека яна стала бясплоднай на дабро, справядлівасць і любоў.

Момант, калі першы чалавек здрадзіў Божай любові, стаў пераломным не толькі для яго, але першародны грэх закрануў усё чалавецтва, сапсаваў чалавечую натуру. З таго моманту месца спагадлівасці, дабрыні і любові занялі крывадушнасць, зайздрасць і нянавісць. Сутнасць першароднага граху можам ахарактарызаваць двума простымі сказамі: Я ў Табе, Бог, больш не маю патрэбы! Я буду сам усё за сябе вырашаць!

Дарагія! Ці і сёння не сустракаем вакол сябе падобнай паставы? Але, нягледзячы на ўвесь трагізм гэтага граху, чалавек мае з таго моманту святло надзеі на збаўленне. Чалавек страціў жаданне Бога, але Бог не страціў жаданне чалавека. Яго любоў доўгацярплівая, міласцівая і гатовая на ўсё.

Спачатку Бог спасылае патрыярхаў, потым прарокаў, урэшце свайго Сына, спадзеючыся, што Яго ўшануюць. Нічога падобнага, бачым адваротную рэакцыю: атрымоўваецца так, што любоў Бога раз’юшвае чалавека. І агрэсія мае сваю крыніцу менавіта ў нянавісці да Бога. Гэта прывяло да таго, што Езус павінен быў памерці, бо быў Божым Сынам і выразна гэта сцвярджаў. А чалавек на самой справе не хоча мець Бога так блізка побач з сабой. У небе - так, але на зямлі? Няхай вяртаецца, адкуль прыйшоў. Такая чалавечая рэакцыя была адносна асобы Езуса, але калі мы ўважліва прыгледзімся, то тая ж самая рэакцыя ёсць і зараз. Можа, форма яе крыху адрозніваецца ад той, што была ў Назарэце, але змест застаўся той жа.

Ці не такую паставу мы сёння сустракаем у Евангеллі? Паглядзіце. Спачатку Езуса ўважліва слухаюць, бо назаранаў ахоплівае зацікаўленасць мудрасцю, з якой прамаўляе да іх Езус. Паколькі Езус быў іх земляком, яны большасць гэтай мудрасці прыпісвалі сваім уласным уплывам і заслугам. Можа, сустракалі крылатыя словы, так званыя фразеалагізмы, тыя ж выразы, якімі яны самі любілі карыстацца, а тут іх прамаўляе Езус. Але дастаткова Езусу было толькі перафразаваць прароцтва Ісаі, адразу іх настрой карэнным чынам змяніўся. Яны хацелі, каб Езус казаў тое, што яны хацелі пачуць. Несумненна, яны хацелі пачуць дыфірамбы у свой гонар, пахвалу. Яны, можа, нават хацелі зрабіць з Месіі самага звычайнага пасыльнага, хлопца на пабягушках. І калі Езус не пажадаў падпарадкавацца іх капрызам, бо хацеў і патрабаваў ад іх перадусім веры, вось тады Яго адкінулі. Ён стаў ім непатрэбны.

Напэўна, яны добра ведалі і прадчувалі, чаму Яго не хочуць зараз тут бачыць. Бо вера - гэта даволі нялёгкая рэчаіснасць, асабліва для таго, хто сябе лічыць важным і праведным. А менавіта такімі бачылі сябе многія габрэі. Язычніцкая ўдава і чужаземец Нааман былі для іх крыніцай крыўды. Як Бог можа нейкіх там язычнікаў узвялічваць над сваім выбраным народам? Як Езус можа чужынцаў больш цаніць, чым сваіх суайчыннікаў? Ды наогул, як Бог смее наказваць ім чакаць і верыць? Яны самі вырашылі, што Бог павінен зрабіць, а што не! А калі не падабаецца – то прэч!

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Калі гэтую рэчаіснасць перанясём на нашыя сем’і, на нашыя адносіны з іншымі людзьмі - і сваімі, і чужымі, - то бачым, што ад таго часу нічога істотна не змянілася. Як часта чалавек прагне выгады і не шануе іншага чалавека. Як часта робіць падобнае: калі не мае ніякай карысці ад іншага чалавека, то іншы чалавек становіцца непатрэбны, як Езус у сённяшнім Евангеллі. А ведаем добра сказаныя некалі Езусам словы:  “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых, простых людзей – Мне зрабілі”. Ці не варта нам, дарагія браты і сёстры, задумацца: кім я сябе бачу ў сённяшнім Евангеллі? Я падобны да Езуса, якога праганяюць, або з’яўляюся адным з тых несправядлівых ганіцеляў? Варта аб гэтым задумацца, нават карысна.

Як бы там ні было, дарагія браты і сёстры, але чалавек заўсёды хоча, каб з яго воляй лічыліся. Ці лепшыя мы за тых людзей, якія паднялі руку на Езуса? Напэўна, кожны сам павінен адказаць на гэтае пытанне. Падобнага роду пытанне не павінна быць рытарычным. Калі мы здольныя на яго адказаць, то ёсць упэўненасць, што мы шчырыя перад сабою, а гэта адкрывае шлях да прабачэння і веры. Калі нас апануе пыха і бунт, то мы проста далучымся да сённяшніх у двукоссі герояў Евангелля, якім Бог не быў патрэбны, або, што яшчэ горш, да тых, якія зласловілі і махалі кулакамі, стоячы перад крыжам.

Толькі Бог, нягледзячы на ўсё гэта, не губляе сваёй цярплівасці. І калі чалавек у Яго перастае верыць, то Бог заўсёды верыць у чалавека. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа