«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае»
Дарагія браты і сёстры!
Тыдзень таму мы адзначылі ўрачыстасць Усіх Святых, затым ва ўспамін усіх памерлых вернікаў удзельнічалі ў супольнай Эўхарыстыі і малітвах, падчас якіх маліліся за нашых блізкіх, якія за мяжою вечнасці. Пры гэтым ствараецца добрая нагода і атмасфера, каб задумацца над прамінальнасцю ўласнага жыцця, тым, што гэтае жыццё нам дадзена толькі адзін раз як каштоўны дар, які нельга змарнаваць. Праз веру нам Езус адкрывае гэтую праўду.
Сёння разам з вамі хачу паразважаць над словамі з сённяшняга другога чытання з паслання да Габрэяў: «Людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага – суд».
У гэтых словах змяшчаюцца дзве вельмі важныя праўды: адна, можна так сказаць, даказана вопытным шляхам. Кожны чалавек адыходзіць з гэтага свету. Гаворка тут ідзе, як вы ўжо здагадаліся, пра смерць. І другая праўда: тое, што чакае кожнага чалавека пасля смерці - суд, - з’яўляецца праўдай аб'яўленай. Мы верым у гэта.
Смерць – тая рэчаіснасць, якая калісьці настане ў жыцці кожнага чалавека. Можна сказаць, нічога на зямлі няма больш пэўнага за тое, што калісьці кожны з нас пакіне гэтае зямное жыццё і пяройдзе праз брамы смерці ў жыццё вечнае. Аднак парадокс заключаецца ў тым, што гэтая відавочная праўда не мае вялікага ўплыву на нашае штодзённае жыццё. Канешне, ніхто не лічыцца са смерцю, калі жыве, і ніхто не хоча загадзя пра яе думаць. І гэта нармальна. Больш думаюць пра яе людзі цяжка хворыя, хто адной нагой стаіць на парозе смерці, або тыя, хто выразна губляе свае сілы ў глыбокай старасці. Аднак ці ў першым, ці ў другім выпадку ўсё роўна чалавек павінен мець усведамленне свайго адыходу з гэтага свету. І ўсведамленне гэтага факту вельмі добра ўплывае на чалавека, фарміруючы яго ў праўдзе і пакоры. Усведамленне смерці і ўменне быць да яе падрыхтаваным робіць чалавека жыццёва мудрым.
Гэта не значыць, што я не магу планаваць штосьці на будучыню, не значыць, што ўсведамленне смерці павінна закрыць мяне перад знешнім светам і я, замкнуты ў сабе, павінен сядзець і думаць: калі ўжо гэтая смерць да мяне прыйдзе? Зусім не! Кожны чалавек мае магчымасць запланаваць праграму свайго жыцця не менш чым на 80 гадоў, але, рэалізуючы гэтую праграму, нам трэба мець на ўвазе тое, што ў кожны момант яна можа быць спынена, а мы - пакліканы да вечнасці. Мудрага чалавека ніколі смерць не палохае, не здзіўляе, не сустракае знянацку, бо мудры чалавек заўсёды здольны своечасова да яе падрыхтавацца.
Наступная праўда, якую мы чулі з другога чытання, - гэта суд, той апошні рахунак, які кожны з нас павінен будзе прадставіць Богу, гэта значыць уменне браць поўную адказнасць за ўсё сваё пражытае жыццё на зямлі. За ўчынкі, думкі, словы, нават за нейкія свае рашэнні, парады, меркаванні…
Важна не толькі тое, што адбылося ў выніку маіх канкрэтных дзеянняў, але яшчэ вельмі істотным з’яўляюцца мае магчымасці, дадзеныя мне Богам, а менавіта тое, як я гэтыя магчымасці выкарыстаў і ці наогул іх выкарыстаў. Бог кожнаму дае адпаведную колькасць дароў і чакае, калі мы іх творча выкарыстаем, чакае, калі нашыя дары прынясуць плён. Вось чаму так важна памнажаць нават самы просты і звычайны дар, які мы атрымалі ад Бога.
Напэўна, нямала людзей, якія зведалі смерць і апынуліся на апошнім судзе, будуць вельмі здзіўлены, калі адкрыюць нялёгкую праўду аб сваіх змарнаваных магчымасцях, якія мелі ў сваім жыцці і не выкарысталі. Ужо нават калі падумаць аб змарнаваным часе, то можа зрабіцца дрэнна, а калі такім чынам усё ўзважыць і задумацца над сваім жыццём больш глыбока? Галоўнае, задумваючыся аб гэтым, не кідацца ў крайнасці, але мудра і разважліва, крок за крокам задумваючыся над сваім духоўным жыццём, імкнуцца яго палепшыць.
Калі паназіраць за пасажырамі ў цягніку або аўтобусе, можна прыйсці не адзін раз да высновы, што нават у дарозе можна марнаваць час, а можна яго выкарыстоўваць разумна і плённа. Некаторыя, калі едуць кудысьці, чытаюць кнігі ці часопісы, хтосьці вучыць замежную мову ці проста слухае музыку праз маленькія навушнікі. А бываюць і такія, хто губляе час на пустую балбатню, на бессаромныя размовы ці штосьці падобнае. Канешне, ёсць і тыя, хто проста адпачывае.
А калі прыгледзецца да чалавечай працы: колькі часу чалавек затрачвае на працу, колькі гэтага часу чалавек праводзіць ля экранаў тэлевізараў? Але, мае дарагія, час - гэта не адзіная дадзеная нам рэчаіснасць з якой будзем перад Богам разлічвацца. Ёсць іх яшчэ вялікае мноства, да іх належаць мае асабістыя здольнасці, фізічныя сілы, сілы духоўныя і г.д.
Дарагія браты і сёстры! Вялікая колькасць дароў і, як вынік гэтага, сур’ёзнае разлічэнне перад Богам не павінна нас палохаць. Усведамленне такога роду разлічэння павінна нас мабілізаваць да правільнага выкарыстання ўсяго таго, што па сваёй волі дае нам Бог. Ці можам мы да гэтага разлічэння падрыхтавацца? Вельмі добра на гэтае пытанне адказаў адзін малады чалавек, у якога была свая крама. Апавядаючы пра сябе, ён казаў, што кожны дзень больш за гадзіну прызначае на тое, каб дакладна пералічыць з дапамогаю камп’ютара кошты ўсіх тавараў, якія былі на працягу дня прададзены ці набыты. Гэтым ён кантралюе сваю дзейнасць і, калі здараюцца памылкі, стараецца хутка іх выправіць, каб наступны дзень запланаваць не горшым за папярэдні.
Такое ж разлічэнне датычыла яго духоўнага жыцця: рахунак за мінулы дзень перад Богам. Гэта, як казаў, яго недакладнасць, часамі хлусня, несумленнасць, а таксама выкананыя лепш ці горш абавязкі бацькі і мужа, малітва і іншае. Толькі калі зроблены вынік дня, калі падведзена апошняя рысачка і зроблена канчатковая выснова, той чалавек казаў: вось толькі цяпер можна спакойна заснуць, а нават і памерці. І ніякі суд не будзе такому чалавеку страшным. Калі краму наведае нейкая інспекцыя ці падатковая камісія, то няма чаго баяцца, бо ўсё своечасова зроблена, калі справы вядуцца сумленна.
Дарагія! Падобным чынам і жыццё, калі добра пражытае, калі разлічэнні адбываліся сістэматычна ў форме рахунку сумлення, можа быць спакойна праверана Богам у любы час і гадзіну. І нам няма чаго баяцца. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на ХХХІІ Звычайную нядзелю (8 лістапада)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .