Пошук

16.10.2015 11:44  

“Хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх”.

Дарагія браты і сёстры!

У сённяшнім нядзельным Евангеллі мы становімся сведкамі незвычайнай просьбы “сыноў грома” - так называў Езус апосталаў Якуба і Яна. Іх просьба датычыла будучыні і заключалася ў тым, каб атрымаць ад Езуса месца ў Яго хвале: аднаму з правага боку, другому – з левага. Як бачым, дзіцячае пытанне, якое нарабіла шмат шуму ў коле апосталаў.

Гэтая просьба не была чымсьці новым для Езуса, бо Ён добра ведаў сваіх вучняў, але, напэўна, гэтае пытанне Яго вельмі здзівіла, прымусіла задумацца, каб даць належны адказ. Таму пасля невялікай паўзы Езус кажа, што яны не ведаюць, аб чым просяць. На гэтае пытанне Езус адказвае апосталам, што не Яму,  прынамсі тут і цяпер, належыць даць ім месца з правага і левага боку. Але атрымаюць гэтае месца тыя, для каго яно падрыхтавана.  

Кажучы іншымі словамі, Настаўнік з Назарэта дае зразумець сваім вучням, што іх просьба не зусім карэктная і не можа быць выслухана. Гэтая просьба змяшчае ў сабе празмерны эгаізм і нездаровыя амбіцыі, што ў сваю чаргу прыводзіць да жадання ўзвысіцца, а просьбы такога зместу Бог не выслухоўвае. Няма ў гэтым братняй любові, а толькі дагаджэнне самому сабе. Тым больш што ў выпадку апосталаў Якуба і Яна гэта была не столькі просьба, колькі жаданне, прымус Настаўніка ў нейкім сэнсе, каб за ўсялякі кошт выканаў для іх тое, што яны хочуць. Гэта быў своеасаблівы дзіцячы капрыз апосталаў.

Падобная гісторыя нярэдка паўтараецца і ў наш час. Шмат хто прыходзіць да Бога не з просьбай, але з жаданнем. Шмат хто прымушае Бога выканаць тое ці іншае. Шмат хто прад’яўляе прэтэнзіі Богу: чаму так, а не інакш. Бывае так, што чалавек, прыходзячы ў касцёл маліцца і прасіць чагосьці ў Бога, паводзіць сябе не як у касцёле, а напрыклад як у рэстаране або кафэ. Там звычайна не столькі просяць афіцыянта, колькі загадваюць: прынесці заказ, абслужыць той ці іншы столік...

Афіцыянт мае абавязак выканаць просьбу, бо гэта яго праца, а кліент мае права патрабаваць. Але нельга, мае дарагія, такім чынам трактаваць Бога. Ён не афіцыянт, якому можна прад’яўляць прэтэнзіі ці заўвагі. Гэта Ён, Бог, спакойна можа нас успрымаць як афіцыянтаў, але нават Ён, маючы на гэта права, так не робіць.

З Евангелля можам даведацца, што Бог з пашанай і любоўю ставіцца да кожнага чалавека, ніколі не адносіцца да яго як да хлопчыка на пабягушках, хоць, заўважце, мае поўнае права так адносіцца.

Бывае, што нам хочацца звесці Бога да ўзроўню свайго слугі. Нам можа здавацца, што чым больш мы штосьці загадваем, тым больш мы важныя. Чым больш маем падуладных, тым большай пашаны заслугоўваем. А ці так гэта насамрэч?

Чалавек ніколі не будзе сябе добра адчуваць, калі будзе рэалізоўваць сваё жыццё, карыстаючыся вышэй узгаданым прынцыпам “я вялікі, калі мне служаць іншыя”. Сапраўдная веліч умее займаць уласцівае месца. Кожны з нас мае падрыхтаванае Богам месца як на зямлі, так і ў небе. І гэтае другое месца ў небе залежыць ад таго, як мы рэалізоўваем нашае першае – на зямлі.

Калі мы здольныя прыняць з радасцю і рэалізаваць нашае жыццё так, як хоча Бог, то  і ў будучым жыцці мы будзем сябе адчуваць упоўні шчаслівымі. Каму не падабаецца месца, якое ён займае на зямлі ў плане таго, што яно вельмі простае, малое, сціплае, а хочацца чагосьці большага, узвышанага, важнага, то атрымаецца так, што не будзем шчаслівымі ні тут, не там.

Як жа часта менавіта нам Езус можа сказаць: не ведаеш, аб чым просіш. Бо нярэдка нашая малітва падобная да просьбы апосталаў з сённяшняга Евангелля. Мы хочам, каб Бог выконваў нашу волю, хочам Яго прымусіць, каб сваю волю дапасаваў да волі нашай. Толькі які ў гэтым сэнс?

Бог для нас з’яўляецца мудрасцю, якая схіляецца, набліжаючыся да нас з любові. Для нас вельмі важна адкрыць паставу даверлівага дзіцяці, якое ўсведамляе любоў свайго айца і перакананае ў тым, што ён, айцец, лепш ведае, што для нас з’яўляецца добрым. Вось гэтай праўдзе сёння нас вучыць Езус.

Можа, у нашым сэрцы існуе шмат розных просьбаў і прагненняў, але вельмі важна, каб мы яшчэ імкнуліся распазнаць, якія просьбы для нас насамрэч патрэбныя і карысныя, а якія – проста просьбы або нават своеасаблівыя капрызы. Напэўна, будзе добра, калі мы ў малітве далучым да сваіх просьбаў вельмі важныя словы, у якіх праяўляецца наш давер да Бога і нашая перад Ім пакора, а менавіта: “не мая, але Твая воля няхай станецца!” Калі гэтыя словы будуць прамоўлены сэрцам, то можам быць упэўнены: дар мудрасці мы атрымалі, а разам з ім атрымаем і іншыя дары, якімі ўзбагацім сваю душу і дапаможам іншым.

Дарагія браты і сёстры! Вельмі важна быць пакорным і цярплівым, бо тады я здольны прыняць усё тое, што дае мне Бог. Адносна пакоры вельмі добра некалі сказаў святы Аўгустын: ”Дзе пакора, там і веліч”. Таму, працягваючы ягоную думку, можам сказаць, што сапраўдная веліч заключаецца ва ўменні быць пакорным. Вось якога дару не хапіла сёння “сынам грома”: яны бачылі веліч па-чалавечы, а на самой справе ўсё значна прасцей, сапраўдная веліч заключаецца ў пакоры і ў служэнні бліжнім з любові. Гэта сёння кожнаму з нас хоча сказаць Езус. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа