Пошук

01.10.2015 17:00  

«На пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам».

Дарагія браты і сёстры!

Літургія слова гэтай нядзелі закранае тэму, вельмі важную і адначасова балючую не толькі для тагачаснага габрэйскага грамадства, але і для нашага грамадства сёння. Праблема разбітых сем’яў і шматлікіх разводаў, на жаль, для нас даўно ўжо не чужая. Чаму так адбываецца? Вобраз стварэння чалавека, які алегарычна малюе Кніга Быцця, а таксама словы Хрыста з Евангелля  запрашаюць нас сёння задумацца і паразважаць над гэтым.

Праблема разводаў існавала заўсёды, але, як мы можам заўважыць, апошнім часам яна стала асабліва сур’ёзнай небяспекай для сучаснай сям’і. Ды і наогул паняцце сям’і ў наш час стала моцна расплывацца ў сувязі з гэтай праблемай. Справа ў тым, што Евангелле Хрыста, хрысціянская канцэпцыя сям’і, перастае быць трывалым падмуркам сучаснай сям’і, а гэта вельмі сур’ёзная небяспека.    

Давайце яшчэ раз вернемся да пачутага Божага слова. Сёння мы пачулі ў Евангеллі, як Хрыстус адказаў на правакацыйнае пытанне фарысеяў, звяртаючыся да Святога Пісання, цытуючы асобныя словы і кажучы, што на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Што існаваў пэўны парадак на пачатку, да якога чалавеку трэба вяртацца. Гэта не вымысел чалавека, не прыгожая шматвекавая традыцыя, але створаны самім Богам ад пачатку парадак. І таму «пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

Паводле навучання святога Яна Паўла ІІ, гэты «пачатак», аб якім сёння кажа Хрыстус, не з’яўляецца нейкім прававым тэрмінам, аб якім забыліся фарысеі. Толькі пэўным напамінам, што часамі чалавечая традыцыя, хоць і здаецца прыгожай, можа парушаць устаноўлены Богам парадак. Чалавек з натуры любіць рабіць сабе «паблажкі», але праблема ў тым, што, калі ён іх робіць  вельмі шмат, то жыццё чалавека можа перавярнуцца з ног на галаву. Таму ў тагачасным габрэйскім грамадстве разводны ліст стаў нормай, але, як кажа Хрыстус, на пачатку такога не было — гэта ў сувязі з жорсткасцю вашага сэрца напісаў вам Майсей гэтую запаведзь, але такога не было на пачатку. Такім чынам, разводны ліст не адпавядае задуме, з якой Бог стварыў чалавека.

Бог стварыў чалавека, як чытаем у той жа Кнізе Быцця, на свой вобраз і падабенства. І вельмі важным элементам у стварэнні чалавека з’яўляецца асабовая еднасць. Саюз мужчыны і жанчыны стварае непарыўную еднасць, вобраз якой мы можам убачыць у еднасці, якая існуе ў самім Богу. І гэтая еднасць павінна адлюстроўвацца ў сям’і і быць яе замацаваннем. Гэта той важны вобраз Бога, без якога няма сапраўднай сям’і. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. І менавіта такую канцэпцыю Стварыцель укладае ў паняцце сям’і. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

І, хоць Езус канкрэтна адказаў фарысеям на пастаўленае пытанне адносна разводаў, вучні запыталі Яго пра гэтую справу яшчэ раз. Магчыма, яны меркавалі, што Ён дасць ім нейкую іншую параду, бо столькі ёсць людзей пакутуючых, гаротных, пакрыўджаных. І велізарная іх колькасць нарадзіла ў сэрцах вучняў гэтае пытанне, на якое Хрыстус дае адназначны адказ: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту».

Умілаваныя брыты і сёстры! Хрыстус не накладае ніякіх рамак на нашае жыццё. Мы памыляемся, калі думаем, што Езус Хрыстус прыйшоў, каб абмежаваць нас і нашае жыццё. Ён толькі паказвае пэўныя стандарты, ад якіх чалавек вельмі часта адыходзіць праз грэх і непаслухмянасць. Ужо на самым пачатку, калі чалавек быў створаны, то вельмі хутка адышоў ад першапачатковага «стандарту» быцця Божым дзіцём. І Ён, Езус Хрыстус, вяртае нам гэты так званы стандарт, каб мы ў сваім жыцці маглі адчуць любоў і годнасць, якія ўдыхнуў у нас Стварыцель.  

Дарагія! Сапраўдная сям’я грутнуецца на любові і еднасці, без гэтага немагчыма здаровае існаванне сям’і. Маральныя прынцыпы – гэта надзейны яе  фундамент, а вера — тое, што асвятляе і ўмацоўвае кожную сям’ю. І калі мы не прымаем сэрцам сённяшнія словы Хрыста, то прынцыпова не разумеем, чым з’яўляецца сям’я і якой яна павінна быць. Мяркую, у гэтым заключаецца адна з асноўных праблем, якую неабходна вырашыць у сучасным грамадстве. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа