Пошук

25.09.2015 14:51  

«Слова Тваё, Пане, гэта праўда, асвяці нас у праўдзе».

Дарагія браты і сёстры!

Да вышэй узгаданых словаў, якія мы пачулі ў акламацыі, варта дадаць яшчэ адны словы з Евангелля паводле Яна: «Езус адказаў: Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37). Гэты адказ Езуса Хрыста рымскаму намесніку адкрывае перад намі гарызонты як пасланніцтва самога Хрыста, так і пасланніцтва чалавека ў Хрысце.

Калі паглядзець на навучанне Езуса і прааналізаваць яго, то можам заўважыць дзіўны факт, што нават Яго праціўнікі казалі Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і праўдзіва шляху Божаму вучыш». А ў іншым месцы Евангелле кажа, што шматлікія людзі вельмі здзіўляліся Ягонаму навучанню, бо Езус вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Словы Настаўніка з Назарэта былі «поўныя моцы», а гэтую моц Езус чэрпаў з крыніцы, аб якой казаў: «Маё вучэнне — не Маё, а Таго, хто паслаў Мяне».

Дарагія! Менавіта словы Езуса, з моцаю і ўладай, а таксама меркаванне, якое склалася навокал аб Езусе як аб чалавеку праўдзівым, які вучыць Божым шляхам, паспрыяла ўзрастанню аўтарытэту Езуса як Настаўніка. Езус казаў: «Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам і добра кажаце, бо Я ім з’яўляюся». Езус з’яўляецца Настаўнікам праўды, Панам Божай навукі. Аб гэтай праўдзе Ён заўсёды даваў сведчанне: калі прамаўляў, навучаў, калі аздараўляў і калі паміраў на крыжы. Такім чынам Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб даць сведчанне праўдзе, каб мы, Ягоныя вучні, асветленыя той жа праўдай, таксама давалі добрае сведчанне.

Хрыстовы Касцёл адказны за абвяшчэнне Евангелля па ўсім свеце, адказны за дэпазіт веры і навуку, якую абвяшчае ў імя Хрыста. Але, маючы напамін ад Майсея і Езуса, які мы чуем у сённяшнім Божым слове, сведчыць аб тым, што дзейнасць Бога не абмяжоўваецца толькі інстытуцыяй, але што Бог дзейнічае ва ўсім свеце.
    
Давайце затрымаемся і крыху паразважаем над тэкстамі з Бібліі. У Кнізе лічбаў чытаем, што радзе старэйшынаў у колькасці сямідзесяці чалавек быў перададзены прароцкі дух. Падчас сходу двух чалавек не было, яны былі ў гэты час на тэрыторыі лагера, але Дух напоўніў нават іх. Езус Навін дакараў Майсея, каб забараніў ім прарочыць, але Майсей, разумеючы зайздрасць сына Нуна, спакойна тлумачыў яму сваю радасць з Божай дзейнасці, якая пераўзыходзіць звычайнае чалавечае разуменне. Наогул Майсей жадаў, каб увесь выбраны народ прарочыў.

Майсей размаўляў з Богам тварам у твар і таму добра ведаў, што ніхто не можа сабе прысвоіць Божую дзейнасць і ласку; ён ведаў, што трэба радавацца кожнаму знаку такой дзейнасці Бога ў свеце.

Падобная гісторыя мела месца ў жыцці Езуса. Яго вучні казалі Яму, што хтосьці, хто не належыць да кола апосталаў і вучняў, у імя Езуса выганяе злых духаў. Яны, бачачы гэта, забаранілі яму выганяць злых духаў. Вучні Езуса маюць тыпова манапольнае мысленне. Езус Хрыстус адразу карэкціруе іх светапогляд, каб не перашкаджалі тым, хто чыніць цуды ў Яго імя: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі».

Не трэба здзіўляцца, што Дух Святы дзейнічае далёка па-за межамі Касцёла, дзе Ён існуе як інстытуцыя, арганізоўваючы рэлігійнае жыццё. Будзем жа мець адвагу, дарагія браты і сёстры, даверыцца Богу, асабліва ў той час, калі нашыя родныя ці блізкія яшчэ не гатовыя, не дараслі ў духоўным плане да рашучага адказу і выбару шляху веры. Такіх рашэнняў часам трэба чакаць не адзін год. А гэтае чаканне з нашага боку павінна праяўляцца ў шчырай малітве і вялікай зычлівасці да іх, тых людзей, якім патрэбна ласка навяртання. Гэтыя дзве дзейнасці з нашага боку не дазволяць ім адысці і загінуць.

Калі кіравацца чыста чалавечым разуменнем, то неаднаразова ў нас могуць апусціцца рукі, калі бачым так шмат людзей, якія крочаць шляхамі вельмі далёкімі ад Касцёла. Аднак дзейнасць Божай ласкі значна перавышае чалавечае разуменне, і гэта дазваляе нам давяраць моцнай малітве і нашай ахвяры. Варта памятаць, што, калі побач з намі знаходзяцца людзі, якія з недаверам адносяцца да прадстаўнікоў Касцёла, наогул да Касцёла як інстытуцыі, але адкрытыя на Божую дзейнасць і ласку, раней ці пазней Дух Святы давядзе іх да сустрэчы з прабачаючым Богам і супольнасцю Касцёла.

Дарагія браты і сёстры! Мы пакліканы словам і сведчаннем несці сучаснаму свету Хрыста. Езус нас запрашае да еднасці. Бо толькі ў ёй мы можам быць асветленымі Праўдай, нягледзячы на нашую чалавечую слабасць, грахі і памылкі. Праўда вызваляе і дае моц быць верным Хрыстоваму слову і заахвочваць да гэтага іншых. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця