Пошук

17.09.2015 14:51  

«Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою».

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняе Евангелле адкрывае нам некалькі рэчаў: па-першае, сам Езус кажа аб сваёй смерці і ўваскрасенні, па-другое, назіраючы над чынамі апосталаў, мы можам прыйсці да высновы, што яны яшчэ вельмі нясталыя. Не толькі як людзі веруючыя, але і наогул як людзі.

Евангеліст паказвае іх недасканаласць, якая выдатна праяўляецца ў неразуменні словаў Езуса Хрыста. Апосталы іх успрымаюць крыху па-дзіцячы, бо не толькі не разумеюць глыбейшы сэнс словаў свайго Настаўніка, але і яшчэ вырашаюць паспрачацца ў дарозе, хто з іх большы.

Усё гэта сведчыць аб яшчэ не сфармаваных сэрцах Хрыстовых вучняў. У іх коле можам заўважыць шэраг нездаровых амбіцый, варожага стаўлення адзін да аднаго, нават злосць і зайздрасць, калі прыгледзімся да вучняў бліжэй. Як бачыце, нават аўтарытэт Езуса, як Настаўніка і Цудатворца, не адразу змяніў вучняў.

Па-першае на ўсё патрэбны час, чалавек развіваецца і змяняецца, але не адразу. Нават калі б ён хацеў змяніцца, у адну хвіліну не зменіцца. Але тое, што чалавек хоча выправіцца, стаць лепшым, пазбавіцца недасканаласці — гэта ўжо вельмі шмат. Рознага роду недасканаласць можна выправіць толькі ў тым выпадку, калі яна заўважальная і калі чалавек мае жаданне яе выправіць. Езус не губляў надзеі адносна сваіх вучняў: Ён цярпліва чакаў, калі яны сапраўды пачуюць Яго словы, калі зразумеюць Ягоныя чыны.

Езус на ўласным прыкладзе заклікаў сваіх вучняў да велікадушнасці і ахвярнасці, рабіў рознага тыпу заўвагі і павучэнні, а часамі востра крытыкаваў вучняў для іх дабра. Інакш кажучы, Езус займаўся іх выхаваннем. Праз гэта Ён жадаў адкрыць сваім вучням вочы на праўду аб сапраўднай велічы чалавека. На тое, што гэтая веліч не вымяраецца нейкімі зямнымі катэгорыямі.

На пачатку словы Езуса амаль не ўспрымаліся Ягонымі вучнямі. Але, калі вучні перажылі Таямніцу Крыжа, здраду і адкідванне свайго Настаўніка, урэшце, калі зведалі трагедыю Яго смерці, тады ўсё гэта крыху ахалодзіла нездаровае спаборніцтва за першае месца сярод Дванаццаці Апосталаў.

Аўтар Евангелля адзначае адзін вельмі важны момант адносна пагоні за першым месцам, памылковым імкненнем усялякім коштам быць вялікім і значным. Езус узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: «Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».

Калі перафразаваць словы Езуса, то зразумець іх значэнне не так і цяжка: калі хто можа клапаціцца пра дзіця, хто здольны для яго жыць, хто не баіцца прысвяціць дзеля ягонага дабра ўсе свае сілы, час і грошы — той з’яўляецца па-сапраўднаму вялікім. Езус Хрыстус робіць канкрэтны намёк не толькі апосталам, але і нам з вамі зараз: замест таго, каб бессэнсоўна супернічаць між сабою, каб высвятляць, хто большы, важнейшы і г.д., прыміце лепш дзіця і атуліце яго любоўю. І таму Езусава выказванне «прыняць дзіця ў імя Маё» азначае не што іншае, як «прыняць кагосьці ў імя любові».

Дарэчы, вельмі цікавы факт: гэтая сцэна з Евангелля паводле Марка з’яўляецца адзінай, якая паведамляе нам аб тым, што хтосьці знаходзіцца ў абдымках Езуса. Евангеліст піша, што Езус узяў дзіця, паставіў сярод сваіх вучняў і, абняўшы яго, прамовіў да іх…

Дарагія браты і сёстры! Хрысціяне першых стагоддзяў вельмі літаральна прынялі гэты заклік Езуса. Яны не толькі прымалі з любові сваіх дзяцей, якія нараджаліся, але і стваралі неабходныя ўмовы выхавання тых дзяцей, ад якіх адракаліся язычнікі. Хрысціяне тых часоў былі здольнымі па-сапраўднаму абняць кожнае дзіця і прытуліць да свайго сэрца.

Аднак разам з гэтым першыя хрысціяне прымалі сваіх бліжніх з любові паводле наказу Езуса, бо ў тым евангельскім дзіцяці яны бачылі сваіх бліжніх, якія з’яўляюцца Божымі дзецьмі. Як жа нам сёння не хапае такой паставы ў адносінах да іншых людзей...

Мае дарагія! Прыняцце дзіцяці — гэта таксама сапраўднае вызваленне з нездаровага эгаізму. Наглядным прыкладам з’яўляецца сужэнская любоў. Для яе эгаізм — сур’ёзная небяспека. Сужэнская супольнасць сама па сабе з’яўляецца вызваленнем з эгаізму мужа і жонкі. Бо сапраўдны сужэнскі саюз — гэта жыццё не для сябе. Або не толькі для сябе.

Кожны веруючы ў сваім жыцці павінен прыняць дзіця і абняць яго так, як зрабіў гэта Езус: абняў дзіця, як каштоўны скарб. Кожны вучань Езуса пакліканы да гэтага. Можа, гучыць гэта дзіўна, але абняць дзіця пакліканы не толькі сужэнцы-бацькі, але і законная сястра, самотны чалавек, святар. Езус Хрыстус абняў дзіця збаўчай любоўю. Да такой паставы павінен узрастаць кожны Яго вучань, кожны з нас, дарагія браты і сёстры. І, каб нам зрабіць гэта было лягчэй, Езус сябе атаясамлівае з дзіцём, а менавіта кажа: «Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае».

Боль адкінутага дзіцяці і яго крыўда заўсёды ідуць за чалавекам, як цень трывогі і непакою. І часта грызуць чалавечае сумленне. Бывае, што ў выніку гэтага цяжка прыняць Хрыста, цяжка перажыць навяртанне, якое Ён прапануе. І тады на дапамогу прыходзіць шчырае прабачэнне, яно здольнае злагодзіць параненае болем сэрца.

Дарагія браты і сёстры! Няцяжка заўважыць, што самымі шчаслівымі людзьмі на зямлі з’яўляюцца тыя, хто па-сапраўднаму любіць дзяцей. Гэтая любоў вызваляе чалавека з эгаізму і вучыць прабачаць. Гэтая любоў дапамагае прыняць і палюбіць кожнае дзіця: зачатае і народжанае, уласнае і чужое, здаровае або хворае. А самае важнае — калі мы па-сапраўднаму прымаем такое дзіця, то прымаем не толькі яго, але і Езуса Хрыста. А гэта значна лепш, чым нават самае першае месца ў гэтым свеце. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.