Дарагія браты і сёстры!
Як кажа добра вядомая ўсім прымаўка, «словы павучаюць, а прыклад заахвочвае». З гэтага вынікае, што як адно, так і другое вельмі важна: спачатку трэба пачуць, а потым – выканаць.
Паглядзіце, як гэта адбываецца ў чалавечым жыцці. Возьмем у якасці прыкладу малое дзіця. Яно ўважліва назірае за дарослымі, вучыцца гаварыць, пачынае капіраваць пэўныя жэсты ці паводзіны бацькоў, інакш кажучы, з часам развіваецца. І гэтае развіццё звязана перадусім з тым, што дзіця чуе ад бацькоў і што бачыць з іх канкрэтных паводзінаў. Дзіця бачыць, слухае і як вынік усяго гэтага – наследуе. Значыць, наследванне мае вельмі вялікае значэнне ў нашым жыцці, можа, нават большае, чым мы ўяўляем.
Як было калісьці, так ёсць і зараз: у сваім жыцці мы можам убачыць розныя прыклады або антыпрыклады. Вельмі важна, каб на сваім жыццёвым шляху мы маглі сустрэць добрыя прыклады і добры ўзор паводзінаў, каб дабро, якое мы здольныя ўбачыць у іншых людзях, натхняла нас да гарманічнага развіцця нашай асобы. Гэта датычыць усіх сфер нашай чалавечай дзейнасці.
Дарагія! Мы таксама можам быць добрым узорам для іншых людзей, бо сапраўдныя вартасці, якія мы прадстаўляем, маюць вялікі ўплыў на іншых людзей. Магчыма, мы здольныя, каб і нас у чымсьці добрым наследвалі.
Ёсць адна легенда, якая апавядае аб святым Францішку з Асізі. Пайшоў ён калісьці па нейкай справе да султана, які быў мусульманінам. І калі султан, паразмаўляўшы з ім, даў станоўчы адказ, то, гледзячы на простага пакорнага манаха, сказаў яму ўслед, што, калі той знойдзе яшчэ некалькі веруючых хрысціян, такіх, як ён сам, то султан і яго двор прымуць хрысціянства.
Мае дарагія! Прыклад жыцця, асабліва жыцця веры, вельмі важны для чалавека. Эталонам гэтага прыкладу для кожнага з нас з’яўляецца жыццё Езуса Хрыста, жыццё Яго Маці, жыццё святых, якія дайшлі да Бога менавіта наследуючы Хрыста. Аднак кожнаму з нас таксама трэба па меры сваіх магчымасцяў станавіцца прыкладам для іншых. Прыкладам для наследвання. Гэта важнае заданне кожнага веруючага хрысціяніна.
Сучасны свет не любіць павучэнняў. Чаму? Бо ён энцыклапедычны, або «прагуглены», і «ўсё ведае». Можа, так яно і ёсць, але аднаго ведання мала. Адна справа – гэта веды, другая – мудрае выкарыстанне гэтых ведаў. Што толку з такіх ведаў, калі чалавек іх не выкарыстоўвае. Які, скажыце, мне сэнс з таго, што мы ведаем, як нельга паступаць, а ўсё роўна паступаем? Праз такога роду сучасную «прагугленасць» мы можам згубіць адвечныя каштоўнасці, палічыць іх састарэлымі і пакласці на паліцу са сваімі іншымі энцыклапедычнымі дадзенымі. А вось гэта бяда.
Божыя Запаведзі, уменне прабачаць, быць ахвярным і міласэрным – гэта тое багацце, якім так часта пагарджае сучасны свет. Значна лепш і прасцей сучаснаму чалавеку наследваць бессаромную моду, непрыстойныя паводзіны, чым вартасці, якія паказвае Езус.
Мы можам падумаць, што хрысціянскія вартасці ў чымсьці могуць нас абмежаваць. Наадварот, яны не абмяжоўваюць, але ўпрыгожваюць чалавечую асобу, напаўняюць яе зместам, дапамагаюць нам шырэй глядзець на свет, а менавіта становяцца для нас перспектываю вечнага жыцця.
Дарагія! Езус Хрыстус заклікае нас да наследвання, даючы нам канкрэтны евангельскі ўзор жыцця. Ён запрашае кожнага веруючага, кожнага з нас, каб мы адказалі на Яго заклік, каб не заставаліся абыякавымі да Яго словаў, каб маглі выбраць Езуса як свайго Настаўніка, як таго, хто паказвае шлях і накірунак гэтага зямнога жыцця. «Хто не бярэ крыж свой і не ідзе за Мною, не варты называцца вучнем Маім», і г.д.
Звярніце ўвагу на тое, што ў коле вучняў Езуса не было эрудытаў ці інтэлігентаў, хоць бы такіх, якія былі сярод фарысеяў і кніжнікаў. Вучні Езуса былі простымі людзьмі, значная частка якіх была самымі звычайнымі рыбакамі. Езус, як бачым, не імкнуўся развіць інтэлектуальныя здольнасці сваіх вучняў. Ён стараўся адукаваць іх сэрцы. А гэта можна было зрабіць толькі праз прыклад уласнага жыцця, прыклад для наследвання. Калі прадмет наследвання вядзе да шчасця, тады значна лягчэй ісці шляхам такога наследвання.
На сённяшні момант мы можам заўважыць мноства розных шляхоў, розных герояў, якіх людзі імкнуцца наследваць. Самае важнае – не згубіцца ў гэтым мностве, не заблукаць на гэтых шляхах. І таксама не менш важна разабрацца, куды які шлях вядзе. Адзінае выйсце з гэтай складанай сітуацыі, каб канчаткова не згубіцца ва ўсім гэтым мностве прыкладаў і ўзораў, – варта наблізіцца да Езуса, каб, бачачы Яго жыццё, мець у сабе сілы і жаданне Яго наследваць.
Бо, наследуючы Яго, мы фарміруем нашыя сэрцы на ўзор Ягонага сэрца. І Ён, Езус, калі мы па-сапраўднаму Яму даверымся і пачнем жыць паводле Ягоных словаў, прывядзе нас да свабоды, праўды, любові і шчасця. Хоць шлях да гэтага не будзе лёгкім.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Кожнаму з нас варта задаць сабе пытанне: паводле якога ўзору мы будуем сваё жыццё або які ідэал мы імкнемся наследваць у сваім жыцці? А каб паспяхова адказаць на пастаўленыя пытанні, добра было б паглядзець на сябе і свае паводзіны з боку. Вынікаюць яны з наследвання Езуса Хрыста ці з наследвання кагосьці іншага. І не хопіць нам толькі слухаць прыгожыя навукі Божага Сына, якія мы чуем у Евангеллі, – яшчэ трэба мець у сабе адвагу фарміраваць сваё жыццё, абапіраючыся на ўзор, які кожны з нас мае ў Езусе Хрысце. Бо словы нас павучаюць, а прыклад заахвочвае да наследвання. «Сучасны свет больш патрабуе сведкаў, чым настаўнікаў, а калі нават і патрабуе настаўнікаў, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на ХХIV Звычайную нядзелю (13 верасня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .