Пошук

08.10.2014 14:57  

Дарагія браты і сёстры! Мы часта можам сустрэцца з пэўнымі цяжкасцямі, калі чытаем або слухаем тэксты Святога Пісання. Пытанне ў тым, як іх правільна разумець, гэта датычыць і прыпавесцяў Езуса Хрыста, якіх у Евангеллі нямала.

І хоць, бывае, сам Езус тлумачыць змест сваіх прыпавесцяў апосталам і вучням, для нас, сучасных слухачоў і вучняў, гэтага можа быць недастаткова. І здараецца так, што, калі мы чуем Божае слова, не ўсё да канца разумеем або занадта эмацыйна і даслоўна прымаем і трактуем словы Езуса Хрыста.

Асаблівую ўвагу мы часта звяртаем на мастацкі кантэкст, на асаблівасць вобразаў, і гэта нам часта засланяе сутнасць таго, што нам хоча сказаць Езус. У сённяшняй прыпавесці аб вясельнай гасціне звычайна галоўную ўвагу мы звяртаем на апошні момант, а менавіта на суровую кару, якую гаспадар прысудзіў чалавеку без вясельнай вопраткі.

Памятаю, я сам вельмі здзіўляўся такому суроваму прысуду, калі чытаў гэты ўрывак. Ці гэта віна таго чалавека, што не было ў яго належнай вясельнай вопраткі? А тым больш пасылаць кагосьці ў пекла толькі з-за вопраткі. Ці вопратка сведчыць пра чалавека? Па вопратцы сустракаюць, а па розуму праводзяць, як у нас кажуць. Таму гэты прысуд выглядаў вельмі радыкальным, а нават жорсткім.

Магчыма, шмат хто з вас думае падобным чынам, таму, дарагія браты і сёстры, варта ўважлівей прыгледзецца да гэтага вобразу ў кантэксце ўсёй прыпавесці Езуса.

Па-першае, трэба заўважыць, што для таго караля вячэра была выразам вялікай радасці з нагоды шлюбу яго сына. Айцец хацеў для яго як найлепш, хацеў, каб іншыя ўпоўні раздзялялі з ім гэтую вясельную радасць. Мяркую, кожны з нас ведае, як чалавеку баліць, калі яго ігнаруюць, ставяцца да яго з абыякавасцю, як балюча, калі хтосьці адкідвае нашую добрую волю. Тады адчуваем сябе параненымі, бо была спроба заглушыць у нас найлепшае.

Можам паспрабаваць паставіць сябе на месца таго караля, які са шчырага сэрца падрыхтаваў стол з тым, што ў яго было найлепшае: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле! І пасля некалькіх гадзін цярплівага чакання і непакою нам пачынае прыходзіць думка, што ніхто не прыйдзе, я нікому не патрэбны і нікога не цікавіць маё сяброўства.

Па-другое: запрошаныя выразна праігнаравалі як запрашэнне, так і самога гаспадара. Іх непрысутнасць вынікала з абыякавасці, а нават са злой волі. Больш за тое: запрошаныя вельмі выразна выявілі сваю неахвоту. Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Забойствы, аб якіх кажа прыпавесць, — гэта метафара, тонкі намёк на тагачасных габрэяў, якія неаднаразова пераследвалі прарокаў Пана. А ці мы здольныя шанаваць святароў, катэхетаў, проста пабожных старэйшых вернікаў?

Таму, мае дарагія, той гаспадар-кароль меў поўнае права адчуць сябе пакрыўджаным. І нічога дзіўнага няма, што ён у горычы і перажыванні звярнуўся да незнаёмых людзей, якіх спаткаў. Менавіта такім чынам Валадарства Божае стала ўдзелам язычнікаў, бо Ізраэльскі народ — дарэчы, народ, які выбраў сам Бог, — не змог належным чынам ацаніць і прыняць любоў Бога. А міласэрнасць Бога не мае межаў і адкрываецца для кожнага, хто толькі жадае яе прыняць.

Аднак з гэтай вясельнай гасціны вынікаюць пэўныя наступствы. З ініцыятывай-запрашэннем выходзіць, канешне, Бог, але калі мы гэтае запрашэнне прымаем, калі адказваем Богу пазітыўна, «так», калі мы кажам А, то павінны сказаць і Б. І адразу пасля нашага «так» наступае патрэбны час, каб мы маглі паклапаціцца пра адпаведную і годную вопратку для гэтага запрашэння. Калі мы гэтага не зробім, то нам толькі мінус: гэта будзе сведчыць аб нашай абыякавасці, аб тым, што мы неадказныя людзі. А гэта сур’ёзны грэх, грэх занядбання, і хто ведае — магчыма, менавіта гэты грэх з’яўляецца найбольшай балячкай нашых часоў.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Менавіта перад такой абыякавасцю хоча нас перасцерагчы Езус: каб мы не прымалі дарма Божай ласкі, не марнавалі Божых дароў, не закопвалі ў зямлю даручаныя нам таленты.

Паглядзіце: святая Імша таксама з’яўляецца гасцінай, на якую нас запрашае Бог, кожную нядзелю. На гэтай гасціне мы слухаем Божае слова, спажываем гэтае слова сэрцам, а таксама прымаем Эўхарыстыю, дзякуючы якой Бог нас яднае з сабой. Кожны з нас запрошаны на гэтую гасціну кожную нядзелю. Толькі ці прымаем мы гэтае запрашэнне? І ці клапоцімся пра вясельную вопратку нашай душы? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа