Пошук

27.09.2014 14:26  

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Евангелле нам дае чарговую тэму для роздуму аб паслухмянасці Божай волі. Прыпавесць пра двух сыноў, адзін з якіх выразіў гатоўнасць выканаць волю бацькі, але ў выніку яе не выканаў, а другі пасля таго, як адмовіўся, yсё-такі выканаў бацькоўскі наказ, для нас з’яўляецца перасцярогай і вучыць быць пільнымі, заклікае да веры, якая абапіраецца на канкрэтныя ўчынкі, веры, якой спадарожнічае навяртанне. Бо само вызнанне веры, як і прыналежнасць да Касцёла, без канкрэтных дзеянняў не дае гарантыі збаўлення. Разам са словамі вызнання веры трэба, каб ішлі ўчынкі паводле гэтай веры.

Па-першае, у гэтай прыпавесці, скіраванай да настаўнікаў Ізраэльскага народа, Езус перасцерагае нас перад празмернай самазадаволенасцю. Ён скіроўвае гэтыя словы да першасвятароў і старэйшынаў, каб тыя задумаліся над сваімі паводзінамі, над жыццём і над сваімі адносінамі да Бога, над тым, ці паслухмяныя яны Богу і ці вераць самі ў тое, аб чым навучаюць. Езус жадаў ускалыхнуць іх сумленні, каб яны для сябе зрабілі нейкія высновы, каб заўважылі прысутную ў іх крывадушнасць, прызналіся ў ёй самі перад сабою і пажадалі ад гэтай крывадушнасці пазбавіцца. На жаль, большасць з іх так і не здала Езусавага экзамену.

Надышоў час выпрабавання, калі з'явіўся спачатку Ян Хрысціцель, яго навуку не прызналі і адкінулі. Потым з'явіўся сам Месія — і ў Яго не паверылі. Зацыкліліся на сваім аўтарытэце, якім былі задаволеныя і так у ім трывалі, а мытнікі і грэшнікі, прымаючы Янаў хрост і слухаючы навуку Езуса, навярталіся да Бога.

Старэйшыны народа, першасвятары і кніжнікі, тыя з іх, хто стаяў пад крыжам Хрыста, замест пакаяння здзекваліся з Езуса. Іх нават не ўзрушылі словы, якімі Езус за іх маліўся: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Яны проста адракліся ад Яго. А вось адзін са злачынцаў, які быў побач укрыжаваны, змог убачыць у Езусе Збаўцу, і не толькі ўбачыць, але і паверыць і праз гэта ўвайсці ў брамы вечнага жыцця. І як бачым, тыя, якія лічылі сябе самымі галоўнымі і першымі, насамрэч сталі апошнімі.

Сусветнавядомы Андрэ Фрассар, сябар святога Яна Паўла ІІ, з дзяцінства выхоўваўся ў выключна атэістычнай атмасферы. Яго бацька быў вядомым палітычным дзеячам, заснаваў на пачатку ХХ стагоддзя французскую камуністычную партыю і быў яе першым сакратаром. Калісьці, дзякуючы свайму сябру, Андрэ першы раз прыйшоў у касцёл і, калі ўбачыў у манстранцыі гостыю, перажыў навяртанне. Выходзячы са святыні, ён вельмі проста адказаў свайму веруючаму сябру: «Бог сапраўды існуе». А вось ягоны веруючы сябар у будучыні быў, відавочна, вельмі ўпэўнены ў сабе і, на жаль, згубіў веру. Чаму так сталася? Напэўна, не хапіла пільнасці і трываласці. А можа, быў як тыя кніжнікі — празмерна самазадаволены.

Па-другое, словы не могуць існаваць без учынкаў. У жыцці, падобна як і ў сённяшняй прыпавесці, словы нічога не значаць, калі не падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі. Разам са словамі лічацца таксама і ўчынкі. Канешне, словы ўзрушаюць, заахвочваюць, але ўчынкі, калі ідуць за словамі, прамаўляюць яшчэ мацней. Бо словы заахвочваюць, а ўчынкі прыцягваюць. Сапраўды, словы маюць у сабе вялікую сілу, асабліва калі за імі ідуць учынкі. Святы Папа Ян XXIII любіў шмат гаварыць і гаварыў прыгожа, толькі часамі яго непакоіла тое, ці прынясуць сказаныя ім словы адпаведны плён. Дзякуючы яго моцнай веры і трываласці ў ёй, духоўны плён яго словаў быў вялікі. Тое, што ён казаў, было правілам яго жыцця: «Даверыцца Богу, мець у сэрцы супакой, быць цярплівым і ва ўсіх справах рабіць дабро, а не зло». Прынцып просты, можа, нават банальны, але, як паказала жыццёвая практыка, годны наследвання.

Дарагія! Штодня мы пераконваемся ў тым, што няма ў нашым свеце нічога вечнага: усе справы, якія здзяйсняе чалавек — ці гэта прыгажосць і веліч архітэктуры, ці навукова-тэхналагічны прагрэс, — усё гэта нетрывалае, прамінальнае, і таму раней ці пазней знікне. З гэтага свету мы можам скарыстацца, з усіх здабыткаў і вынаходніцтваў, але нельга ў іх пакласці сваю надзею. Іншая справа — нашы добрыя ўчынкі. Вось яны трывалыя. Нам неаднойчы яны могуць здавацца незаўважнымі, аднак значаць яны вельмі шмат. Як кажа сам Езус Хрыстус, іх не знішчыць ні ржа, ні моль, ані нават злодзей. Кожны добры ўчынак, здзейснены ад сэрца, не зацемнены дрэнным намерам, не можа проста так знікнуць. Гэта наш скарб.

За кожны такі ўчынак сам Бог нам аддзячыць, часткова ўжо тут, на зямлі, а ў вечнасці мы атрымаем узнагароду за ўчынкі ў поўнай меры. І, канешне, для нас, людзей веруючых, самай каштоўнай узнагародай з’яўляецца наша збаўленне. І, каб збаўленне стала нашым удзелам, належыць нашы добрыя ўчынкі выконваць у еднасці з Богам, значыць быць у стане асвячальнай ласкі. Тады нашы ўчынкі прынясуць найбольшы плён. Бог жадае, каб мы былі з’яднаны з Ім праз любоў. Тады кожны наш учынак будзе заслугоўваць неба.

І апошняе, што можам узяць да сэрца з сёняшняй прыпавесці, — гэта імкненне да навяртання. Са словаў Езуса, другі сын, хоць спачатку не паслухаў свайго бацьку і адказаў яму «Не хачу!», аднак праз пэўны момант адумаўся і ўрэшце выканаў яго волю. Хоць для яго гэта лёгкім не было.

Умілаваныя браты і сёстры! Кожны з нас праз свой грэх падобны да гэтага другога сына, які кажа «не» свайму бацьку. Не трывайма доўга ў гэтым бунце, але як мага хутчэй стараймася апамятацца. Добрая нагода для гэтага — сакрамэнт пакаяння. Міласэрны Айцец чакае кожнага ў канфесіянале, каб паяднаць з Сабою і даць нам ахвочую волю і моцныя сілы, каб выканаць тое жыццёвае заданне, якое кожнаму даручыў Бог.

Можа, нам здаецца, што не маем для гэтага адпаведных сілаў, можа, проста не хочам ці існуе нейкая іншая прычына, па якой мы не можам рэалізаваць дадзены Богам патэнцыял. Тады яшчэ больш важным для нас з’яўляецца сакрамэнтальнае паяднанне з Богам, бо яно не толькі ачысціць нас ад грахоў, але і зробіць гатовымі і ахвочымі адказаць любоўю на Божую любоў. Пане, дай кожнаму з нас сілу, каб мы вытрывалі ў Тваёй любові. Каб не толькі словам, але і ўчынкам заўсёды маглі выконваць Тваю волю. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця