Пошук

29.08.2014 14:17  


Дарагія браты і сёстры!

Кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб наследваць Хрыста ў сваім жыцці. Гэта наша місія паводле веры. Нягледзячы на тое, што кожны з нас мае свой уласны жыццёвы шлях, заўсёды яго можна дапасаваць да шляху святасці. Прыклад гэтаму святыя, якія, пачынаючы ад апосталаў і да нашых дзён, адзначаліся вернасцю Хрыстоваму закліку і прайшлі свой жыццёвы шлях падобным чынам, як прайшоў яго сам Езус Хрыстус. Кожны з нас мае свой асабісты і непаўторны шлях да еднасці з Богам, а прыклад жыцця святых можа паўплываць на тое, што наш шлях да еднасці з Богам будзе хутчэйшы і ўпэўнены.

У сённяшнім Евангеллі Хрыстус кожнага з нас заахвочвае да свайго наследвання: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною». Так, як Хрыстус нёс свой крыж, то і нам трэба наш уласны крыж браць на плечы і следаваць за Хрыстом. Езус не пажадаў збавіць свет нейкім іншым чынам, але стаў сведкам ганьбы і прыніжэння крыжам, прыняў цярпенні, знявагі, боль і, нарэшце, смерць. Не думайце, што нашае наследванне Хрыста будзе іншым. Бо кожны, хто ідзе за Хрыстом, сустрэне падобныя выпрабаванні: будзе адкінуты светам, высмеяны, замучаны злом і грахом. Але Езус не хоча, каб мы гэтага баяліся. Ён перамог свет, перамог смерць, а значыць, і мы разам з Ім гэта ўсё пераможам.

Святы апостал Павел у другім чытанні, калі кажа пра ахвяру, якую мы складаем, заахвочвае нас, каб мы сваё цела падпарадкавалі духу: «Аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае». Гэта нялёгкае заданне, і ад нас, напэўна, яно будзе патрабаваць нямала працы над сабою. Каб гэта рэалізаваць, патрэбная Божая ласка і наша трывалая праца. Гэтае падпарадкаванне духу не можа быць нейкім аднаразовым высілкам, але нам трэба пастаянна пра гэта дбаць, бо святасць — гэта справа не аднаго дня, але ўсяго нашага жыцця. Калі хочам быць дасканалымі, то мы не павінны адракацца ад свайго ўласнага крыжа, бо нельга часткова наследваць Хрыста. Калі верым Яму і хочам наследваць, то наследуем Яго поўнасцю і да канца: праз цярплівасць, пакору і штодзённы крыж.

Першае чытанне нам кажа аб незвычайным досведзе прарока Ераміі, які адчуваў палаючы агонь у глыбіні сябе, які прыносіў яму цяжкія пакуты. Кожны чалавек, які ў сваім жыцці знайшоў Бога, да Яго наблізіўся і палюбіў Яго ўсім сэрцам, таксама будзе адчуваць, падобна прароку Ераміі, агонь руплівасці і жаданне, каб усе людзі любілі Бога так, як ён. Для людзей, якія наблізіліся да Езуса, верна Яго наследуюць, падобны досвед, як у прарока Ераміі, будзе звычайнай з’явай.

Прыгледзімся да асобы святога Францішка з Асізі. Ён вельмі часта, праходзячы па вуліцах горада, усклікаў: «Любоў ніхто не любіць!» Для яго было вельмі цяжка, калі ён бачыў, як іншыя людзі ігнаруюць Божую любоў. Ён быў гатовы вырваць сваё ўласнае сэрца з грудзей, аддаць сваё жыццё, каб толькі іншыя людзі звярнулі ўвагу на любячае і міласэрнае сэрца Бога і пачалі адказваць любоўю на любоў. Чалавек, які любіць Бога, прагне, каб іншыя людзі любілі Бога не менш, чым ён. Адносна духоўнага жыцця Касцёл навучае: спачатку чалавеку трэба пазбавіцца цяжкіх грахоў, потым адкінуць штодзённыя грахі, каб, нарэшце, у сваім жыцці развіваць цноты і добрыя ўчынкі — гэта ў сваю чаргу прынясе багаты духоўны плён і святасць жыцця на кожны дзень.

І яшчэ адна не менш важная рэч у сённяшнім Божым слове, на якую хачу звярнуць увагу, - вострыя словы Езуса, скіраваныя да апостала Пятра: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае». Здаецца, нядаўна Езус казаў Пятру: «Ты скала, на якой Я пабудую свой Касцёл», а зараз кажа, каб адышоў прэч. Дарагія! Нікому нельга змяняць або спрошчваць евангельскую навуку. Евангелле мае Божую моц, а паколькі мы – вучні Хрыста, то нам трэба, слухаючы Добрую Вестку, уваходзіць у яе таямніцу, у яе звышпрыродную рэчаіснасць. Бо, калі мы будзем трактаваць Евангелле толькі па-чалавечы, то асноўны яго змест згубіць свой сэнс, а для нас яно стане не больш як правілам хрысціянскага этыкету.

Мае дарагія! Мэта Евангелля — давесці кожнага з нас да святасці, паяднаць з Богам, навучыць нас адкрыццю Бога ў жыцці, а гэта ў сваю чаргу азначае заахвоціць нас да наследвання Хрыста, каб мы, слухаючы Евангелле, смела і рашуча ішлі за Хрыстом, следам у след. Калі наследуем Яго ў нясенні крыжа, то разам з гэтым наследуем і Яго ўваскрасенне, якое стане нашым удзелам, і мы таксама разам з Хрыстом узыдзем на трон хвалы.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай сённяшні заклік Хрыста да наследвання Яго мабілізуе нас, каб мы рашуча і з адвагаю бралі крыж нашых абавязкаў, цярпенняў і праблем штодзённасці і неслі яго разам з Хрыстом. Калі слухаем Божае слова, калі яднаемся з Богам у Эўхарыстыі, нашая штодзённасць усё больш і больш перамяняецца, падпарадкоўваючыся евангельскаму прынцыпу жыцця, а гэта значыць, што мы становімся здольнымі ўпоўні наследваць Хрыста, быць вернымі хрысціянскаму пакліканню. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця