Пошук


06.06.2014 22:17  

Дарагія браты і сёстры! Сёння мы з вамі становімся сведкамі вельмі важных падзей у жыцці Касцёла. Можна сказаць, што сённяшні дзень з’яўляецца днём нараджэння Паўсюднага Касцёла. Менавіта сёння мы з вамі перажываем знамянальную ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.

Дух Святы, які сыходзіць ад Айца і Сына, напаўняе нашыя сэрцы шматлікімі дарамі і харызматамі ў нашым хрысціянскім жыцці. Хрыстус запрашае нас адкрыцца на дзейнасць Духа Святога, як гэта зрабілі Яго апосталы і вучні. Мы з вамі такія ж вучні, хоць і раздзяляе нас немалая прастора часу ад падзей першай Пяцідзясятніцы, першых Зялёных Святаў - як называюць гэтую ўрачыстасць у народзе.

Таму сённяшні дзень - гэта чарговы ўспамін той першай нядзелі, калі вучні збіраліся разам. Заўважце: яны трывалі разам. Не сказана ў Святым Пісанні, што вучні дзесьці ў глыбіні сэрца верылі, што Бог ёсць, і жылі кожны сабе. Такое толькі зараз можна пачуць ад некаторых людзей. Але на пачатку так не было. Апосталы і вучні былі разам у супольнасці, якая называецца Касцёлам. Яны чакалі дару ад Айца. Тое абяцанне, якое даў ім Езус перад тым, як узыйсці на неба: «Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».

Мае дарагія! Менавіта ў гэтым заключаецца сэнс нашых штонядзельных спатканняў з Езусам у Эўхарыстыі. Там, дзе двое або трое сабраны ў імя Маё, там Я сярод іх. Сем тыдняў таму мы радаваліся ўваскрасенню Езуса Хрыста. Гэтая ўрачыстасць традыцыйна збірае найбольшую колькасць веруючых у касцёле. Але, мае дарагія, кожная нядзеля ўключае ў сябе гэтую таямніцу. Менавіта таму кожная нядзеля на працягу года з'яўляецца абавязковай для ўдзелу ў святой Імшы.

Кожная нядзеля, мае дарагія, гэта тое ж уваскрасенне, гэта тое ж спасланне Духа Святога, якое асаблівым чынам святкуем сёння. У літургіі кожнай нядзелі ёсць такія словы, дзякуючы якім прыходзім да высновы, што нядзеля – гэта дзень, калі Езус уваскрос і спаслаў на апосталаў  Духа Святога.

Варта кожнаму з нас усвядоміць такую рэч: праз Спасланне Духа Святога нам адкрываецца вялікая таямніца быцця і дзейнасці Бога. І ў святле гэтага мы спазнаем, што Бог Айцец з’яўляецца аўтарам справы  стварэння, Божы Сын – становіцца на чале справы адкуплення, і менавіта сёння аб’яўляецца трэцяя Божая  Асоба – Дух Святы, які здзяйсняе справу асвячэння чалавека, а праз яго - асвячэння ўсяго свету.

У дадатак да гэтага, яшчэ з самага пачатку існавання Касцёла ёсць разуменне двух этапаў спаслання Духа Святога. Першае спасланне - гэта той момант, калі Езус пасля свайго ўваскрасення ўваходзіць праз зачыненыя дзверы да супольнасці сваіх вучняў, далікатна дзьме на іх і кажа: “Вазьміце Святога Духа! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім іх пакінеце, на тым застануцца”. І гэта было так званым першым Спасланнем Святога Духа.

Яно было спасланнем “на адпушчэнне грахоў”. І было накіравана на стварэнне новага чалавека, на ачышчэнне сэрца. Калі вобразна казаць, то першае Спасланне Духа Святога паспрыяла аднове і падрыхтоўцы сэрца, яно нібы каштоўны посуд, які пад дзеяннем Духа ачышчаўся і рыхтаваўся да другога спаслання, дзякуючы якому гэты шляхетны посуд, нашыя сэрцы, маглі быць напоўненыя Духам Святым,  Яго дарамі і харызматамі.

Уявіце сабе, што магло б стацца, калі б дар Духа Святога, Яго Боская моц, Яго шматлікія багатыя харызматы ўліваліся ў сэрца адпаведна не падрыхтаванае, калі б посуд чалавечага сэрца яшчэ быў не адноўлены? Уяўляем і добра ведаем, што было б. А было б гэта паводле словаў Езуса: “Не ўліваецца маладое віно ў старыя мяхі”. Чаму? Езус тлумачыць: “Бо ў такім выпадку мяхі рвуцца: віно выцякае і мяхі марнуюцца. Маладое віно належыць уліваць у новыя мяхі. Тады і адно, і другое захоўваецца”. У выпадку дароў Духа Святога справядліва сказаць, што яны і ёсць тым маладым віном, якое ўліваецца ў мяхі нашых сэрцаў. Нам патрэбныя для маладога віна новыя мяхі.

І ў гэтым першым спасланні Езус пакідае сродкі, неабходныя для адновы чалавека, адновы супольнасці. Для таго, каб стварыць і падрыхтаваць у духоўным сэнсе гэтыя новыя мяхі. І гэтыя сродкі – сакрамэнты. Першы – гэта сакрамэнт хросту. Як кажа святое Пісанне “Хрост на адпушчэнне грахоў”, і другі сакрамэнт – сакрамэнт пакаяння. ”Каму адпусціце грахі – тым будуць адпушчаныя, на кім пакінеце, на тым застануцца”.

Мае дарагія, стварэнне новага чалавека, аднаўленне сэрца - гэта не што іншае, як адпушчэнне грахоў. Бо нашыя грахі і правіны прыводзяць да таго, што забруджваецца каштоўны посуд нашага сэрца, што мяхі нашага сэрца становяцца старымі і дзіравымі. Але дзякуючы Божаму прабачэнню ў сакрамэнце пакаяння мы маем магчымасць аднавіць сябе, каб нанова падрыхтавацца да дароў Духа Святога, па-іншаму - да другога Спаслання Духа Святога, як разумеў гэта першы Касцёл.

Таму для нас, веруючых, першае спасланне - гэта нашае ўласнае навяртанне, гэта прыняцце евангельскай праўды ў сэрца. А другое спасланне – гэта ўмацаванне ў гэтай праўдзе, гэта маё жыццё і сведчанне Евангелля Хрыста. Гэта канкрэтнае заданне, якое вызначае мне Бог у маім жыцці. Гэта жыццё паводле прынцыпаў веры. Гэта атрыманне Божых дароў і выкарыстанне іх у жыцці. Як для ўласнага дабра, так і для  дабра супольнасці Касцёла.  

Так было ў жыцці апосталаў. Да нядаўнага часу яны не ўсё разумелі аб Езусе, аб Богу, аб лёсе гэтага свету. Апосталы былі сведкамі шматлікіх цудаў Езуса. З Яго вуснаў яны чулі не адзін заклік да навяртання, прыгажосць навукі аб Божым Валадарстве. Яны слухалі Яго словы, бачылі тыя праўды і прынцыпы, якімі жыве Езус, але не былі моцнымі ў веры. Апосталы чулі, што любоў з’яўляецца найвышэйшай вартасцю, да якой павінен імкнуцца і якой павінен жыць кожны чалавек. Але для іх гэта была толькі тэорыя. На практыцы вучням Хрыста яшчэ было далёка да гэтага ўзнёслага ідэалу, каб рэалізаваць самую галоўную запаведзь: любові да Бога і бліжняга.

І толькі зараз, калі Дух Святы сыходзіць на апосталаў, яны пачынаюць разумець тое, што казаў Езус, яны выходзяць у свет, каб несці Евангелле, каб абвяшчаць Божае Валадарства. Да гэтага апосталы былі нібы паралізаваныя страхам і неабгрунтаванай бояззю, ім здавалася, што ўвесь свет супраць іх, а яны няздольныя нешта змяніць. Але дарэмна яны так думалі. Сам Езус кажа: «Будзьце адважнымі! Я перамог свет!» І калі Святы Дух напаўняе Хрыстовых вучняў, спаўняюцца словы Езуса адносна Духа Святога: «Ён вас усяму навучыць», – як некалі казаў Езус.

І цяпер вучні з адвагаю ў сэрцы выходзяць у свет, бачна іх унутраная перамена. Бачна, што зараз яны падрыхтаваныя да складання нават найвышэйшай ахвяры са свайго жыцця ў імя Езуса. «Няма большай любові, чым калі хтосьці жыццё сваё аддае за братоў сваіх».

Дарагія браты і сёстры! Менавіта так выглядае дынаміка дзейнасці Духа Святога: спачатку ёсць подых Езуса, падрыхтоўка нашых сэрцаў, і ўрэшце прыйсце Духа Святога ў моцным павеве і языках полымя.

І так, як было калісьці, ёсць і цяпер: Езус звяртаецца да кожнага, кажучы: «Ідзіце па ўсёй зямлі і абвяшчайце Добрую Навіну». А дзеля таго, каб адважна ісці ў свет, нам трэба быць, як апосталы, умацаванымі ў веры. Нам патрэбныя дары Духа Святога. Таму сёння сыходзіць Дух Святы таксама і на кожнага з нас, каб  сваёй нябачнай моцаю дакрануцца да глыбінь нашых сэрцаў.

Святы Ян Павел ІІ у 1979 годзе менавіта ў гэты дзень, на Зялёныя Святы, звярнуўся да студэнтаў на Замкавай плошчы ў Варшаве з такімі словамі: «Мерай чалавека ёсць яго сэрца. Неабсяжнае сэрца, у якім ёсць велізарная прастора для чалавека і для Бога. Але калі гэтае сэрца закрытае, то промні ласкаў Духа Святога не могуць напоўніць гэтую глыбокую і вялікую прастору, Божыя ласкі сплываюць, не трапляючы ўнутр сэрца».

Трэба нам, дарагія браты і сёстры, у пакоры схіліць чола перад Богам і адкрыць нашае сэрца на прыняцце Божых дароў на кожны дзень. Варта быць свядомым той нязмернай любові, якую дае нам Бог у сваіх дарах і ласках. У кожнай нашай малітве, калі мы прымаем сакрамэнты, падчас кожнай святой Імшы, мы патрабуем Божага святла, любові, моцнай веры, мужнасці і адвагі. І сёння Дух Святы спасылае нам свае дары: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць, Божую боязь. Аб гэтых і іншых дарах з пакораю трэба прасіць Духа Святога, і не толькі сёння...

Калі вы з Богам, то ўсё магчыма. Не страшныя тады аніякія жыццёвыя выпрабаванні і цяжкасці. А каб паспяхова рэалізаваць нашае хрысціянскае пакліканне да святасці, адкрыйце сябе на дзейнасць Духа Святога, запрасіце Хрыста ў вашыя сем’і, у вашыя сэрцы. І запрашайце не толькі сёння, але ўсё вашае жыццё. Амэн.   

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа