Пошук

14.02.2014 22:09  

Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус звяртаецца да нашых сэрцаў, кажучы аб тым, як належыць выконваць  Божыя запаведзі: «Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае».

Першае чытанне нядзельнай літургіі асаблівы націск ставіць на свабодны выбар волі чалавека адносна выканання Божых запаведзяў. Бог не прымушае, каб чалавек іх выконваў, але хоча для чалавека дабра: «Калі захочаш, захаваеш запаведзі і застанешся верным Яго ўпадабанню», - а гэта мае на ўвазе быць верным адносна Божага Закону: «Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана»,  - як чуем у рэфрэне сённяшняга псальма. Бо «Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць».

Чалавек ад моманту нараджэння, калі пачынае карыстацца розумам, мае ў сабе пэўныя крытэрыі, такія як: дабро, справядлівасць, прыгажосць, праўда і г.д. і ў сваім жыцці імкнецца адпавядаць гэтым крытэрыям. Напрыклад, чалавек адчувае, калі робіць дабро, а калі зло.

Таксама ў кожнага, не толькі веруючага, ёсць голас сумлення, які сігналізуе аб парушэнні гармоніі, якая існуе ў чалавеку. Натуральна, калі чалавек здзяйсняе нейкі дрэнны ўчынак, яго пачынае мучыць дакор сумлення, такі глыбокі ўнутраны непакой, які ўносіць  дысгармонію і патрабуе пэўнай кампенсацыі, каб чалавек направіў па магчымасці тое, што ён учыніў не так.

І ўрэшце, дзякуючы Божаму аб'яўленню, ёсць трэці элемент, які рэгулюе ўчынкі, паводзіны, думкі і словы чалавека: гэта ДЭКАЛОГ - дзесяць Божых запаведзяў. І асабліва на іх сёння Езус Хрыстус прапануе звярнуць увагу.

Нас можа зацікавіць, чаму такія вострыя словы Хрыстус скіроўвае ў бок фарысеяў і кніжнікаў: «Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў...»

Мае дарагія, гэта яшчэ не самыя горшыя словы, якія заслужыла гэтая габрэйская эліта. У іншым месцы ў св. Мацвея ёсць наступнае: «Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі... Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда...»

Справа ў тым, што гэтыя ізраэльскія настаўнікі вельмі часта жылі зусім іншым жыццём, чым абвяшчалі ў сваіх навуках. Затое іншым было навучанне Езуса. Памятаеце, што многія дзівіліся, кажучы, што гэта за навука Езуса, якая карэнным чынам адрознівалася ад навукі фарысеяў. Чаму? Бо разам з навукай Езус сведчыў сваім жыццём, ды і ўсімі знакамі і цудамі, якія Настаўнік з Назарэта здзяйсняў паводле веры.

А ў выпадку фарысеяў і кніжнікаў Езус, бачачы іх сэрцы, здымаў з іх маску пабожнасці - пабожнасці, якая па сваёй сутнасці не была сапраўднай, але вельмі часта дапамагала схаваць, замаскіраваць жыццё, часамі далёкае ад Бога.

Вось і сёння Езус зноў папракае гэтых магутных аўтарытэтаў, робячы іх кропкай адліку: «Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». У гэтых словах выразна бачны сэнс навукі Езуса: не раскошныя цырымоніі і абрады, але любоў і справядлівасць, і вера, з якой гэтыя цноты выплываюць, - вось якім павінна быць сэрца сапраўднай пабожнасці.

Гэта зусім не выключае існавання абрадаў, традыцый і формаў, праз якія выражаецца пабожнасць, але калі традыцыя пазбаўлена сэрца, то яе цяжка назваць жывой і сапраўднай. Вось перад чым нас сёння перасцерагае Езус: «Гора вам, фарысеі і кніжнікі, крывадушнікі, таму што даеце дзесяціну з мяты, анісу і клемену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру!» І паколькі падобная фарысейская пабожнасць мае характар павярхоўнасці  і дэкарацыі, Езус скажа: “Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах”.

Умілаваныя! Божае слова, у прыватнасці вострыя словы Езуса, якія мы чулі на пачатку Евангелля, накіраваны не столькі ў бок крытыкі фарысеяў і кніжнікаў. Бо яны ў большасці самі сябе паддалі гэтай крытыцы. Езус сёння хоча накіраваць гэтыя словы ў бок нашага сумлення, даючы нам слушны напамін: першае - варта старацца выконваць усе Божыя запаведзі, бо яны для нас і нашага дабра. Другое — выконваць іх належыць, кіруючыся сэрцам, а не самой традыцыяй: г.зн. шчыра, цалкам і па-сапраўднаму.

Дарагія! Езус вучыць нас, як правільна ставіцца да запаведзяў: не толькі тэарытычна, але практычна. Канешне, для выканання гэтых запаведзяў Ён ставіць вельмі высокую планку, але не для таго, каб мы апускалі рукі і адыходзілі, як той багаты юнак, але каб мы гэтую планку заўважылі  і, дастасаваўшы да сваіх магчымасцяў, смела маглі яе ўзяць.

Ведаеце, розныя прыгожыя традыцыі дапамагаюць развіваць пабожнасць, толькі калі не становяцца ў цэнтр гэтай пабожнасці. Бо калі традыцыя стане асновай, то можа згубіцца яе змест, тое, што адлюстроўвае тая ці іншая традыцыя. Тады пабожнасць можа трансфармавацца ў рэлігійны фальклор, а мы, у сваю чаргу, можам спаткацца з той жа праблемай, якая існавала ў жыцці фарысеяў і называлася «ПАКАЗУШНАСЦЬ» А каб гэтага пазбегнуць, трэба кожнаму з нас прыслухацца да тых нялёгкіх словаў, якія сёння кіруе да нас Езус. А прыслухаўшыся і ўзяўшы іх да сэрца, пастарацца гэтыя словы ажыццявіць.

Няхай сённяшняя нядзельная Эўхарыстыя і наш у ёй свядомы ўдзел паспрыяюць таму, каб мы ахвотна імкнуліся пазнаваць і выконваць Божы Закон у сваім жыцці, кіруючыся міласэрнасцю, справядлівасцю і вернасцю. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа