“Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”.
Дарагія браты і сёстры! Сённяшняя нядзеля завяршае перыяд Нараджэння Пана і напрыканцы гэтага перыяду ўзгадвае хрост Езуса. Разам з гэтай падзеяй у літургіі слова, асабліва ў Евангеллі, мы становімся сведкамі Тэафаніі: аб’яўлення Найсвяцейшай Тройцы. Езуса, які прымае хрост ад Яна, Духа Святога, які на Яго сыходзіць як голуб, і голас Айца, у якім выражаецца ўпадабанне і любоў.
Магчыма, у нас можа ўзнікнуць пытанне такога тыпу: навошта Езусу было прымаць хрост? Ці патрабаваў Ён гэтага абраду, які ў той час удзяляў Ян Хрысціцель у водах Ярдану? Звярніце ўвагу: такое ж пытанне ўзнікла ў самога Яна Хрысціцеля: “Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?” - такімі словамі Ян Хрысціцель звяртаецца да Езуса. Святы Ян нават утрымлівае Езуса, не дапускаючы Яго да хросту. Ян усведамляе веліч Езуса Хрыста, але не разумее, навошта Езус прыйшоў сюды. Ён жа Месія.
Дарагія! Калі прыгледзецца да Евангелля бліжэй, то можам знайсці нешта падобнае ў жыцці св. Пятра, які спачатку не дазваляе свайму Настаўніку абмыць ногі: “Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?... Не, не абмыеш ніколі маіх ног!” Як бачым, Пётр не разумее гэтага знаку, і Езус тады яму тлумачыць: “Калі не амыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною”. І толькі тады Пётр згаджаецца.
Нешта падобнае адбываецца ў сённяшнім урыўку Евангелля. Ян кажа, што гэта Ён павінен прымаць хрост ад Езуса. І тады Езус тлумачыць яму, дзеля чаго Ён прымае гэты хрост у рацэ Ярдан: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва.”
Гэты жэст Езуса - знак салідарнасці з грэшным чалавекам. Бо, прымаючы хрост ад Яна, Езус прымае яго не дзеля ўласнага ачышчэння. Езус ачышчэння не патрабуе, але патрабуем яго мы.
Менавіта таму Езус становіцца сярод іншых людзей, каб прыняць хрост пакуты ад Яна Хрысціцеля. Хрост гэты становіцца таксама пачаткам публічнай дзейнасці і навучання Езуса Хрыста. Пасля гэтага хросту Езус выходзіць да людзей, абвяшчаючы ім міласэрнасць Айца, свабоду ўсыноўленых Божых дзяцей, аб чым кажа прароцтва Ісаі, якое зрэшты сам Езус прачытаў некалі ў сінагозе: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую Навіну ўбогім, вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб абвясціць год ласкі Пана…”
Такім чынам, Янаў хрост, у якім прымае ўдзел Езус Хрыстус, становіцца пачаткам апостальскай і місійнай дзейнасці Збаўцы. “Ён дзеля нас і дзеля нашага збаўлення стаўся чалавекам” - прамовім сёння ў вызнанні веры, як і кожную нядзелю, словы, у якіх змяшчаецца праўда гэтай адкрытасці Бога на чалавека. Той любові, якая матывуе гэтую адкрытасць. Вось менавіта гэта “дзеля нас, людзей” у нейкай ступені змушае Бога сысці на зямлю, прыняць чалавечую натуру. І гэта яшчэ раз выражаецца ў прыгожым знаку Езуса Хрыста – Яго хросце.
І гэты пачатак місіі Езуса Хрыста аб’яўляе ўсю Найсвяцейшую Тройцу, а для людзей з’яўляецца надзеяй на збаўленне і накірункам жыцця ў Божай ласцы. Голас Айца з’яўляецца пацвярджэннем місіі Езуса і Яго годнасці як Божага Сына. Айцец не толькі аб’яўляе, інфармуе пра свайго Сына, але мае ў Ім ўпадабанне. Для нас гэта вялікі знак надзеі. Паколькі мы ўсыноўленыя дзеці Божыя, то таксама ў нас Бог мае ўпадабанне, у Хрысце мы таксама маем сваю місію. Місію веры.
Благаслаўлёны Ян Павел ІІ у адгартацыі “Christifideles laici” адносна голасу Айца з сённяшняга Евангелля выказаў такую думку: “Кожны хрысціянін, абмыты вадою хросту, чуе голас, які некалі разыходзіўся на беразе Ярдану, - гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў! І гэтым самым адчувае, што стаў далучаным да Яго ўмілаванага Сына Езуса Хрыста, становячыся ўсыноўленым Божым дзіцём і братам Езуса Хрыста”. У гэтым таксама праяўляецца адвечны Божы замысел: “Тых, якіх адвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына свайго…” Такім чынам хрост Езуса, у якім мы ўсе ўдзельнічаем, робіць нас падобнымі да Яго ўмілаванага Сына.
Дарагія! Мы, узіраючыся сёння вачыма сэрца ў гэтую таямніцу хросту Пана, можам больш глыбей убачыць свой жыццёвы сэнс і пакліканне. Узгадваючы свой уласны хрост, маем добрую магчымасць аднавіць у сабе прагненне пакаяння і неабходнасці навяртання ў нашым жыцці. Сёння Хрыстус прыгадвае нам аб нашым пакліканні быць Божымі дзецьмі. Чым больш мы ўсведамляем наша хрысціянскае пакліканне, тым больш узрастае ў нас прагненне навяртання. Як часта мы аб гэтым забываем, бо здараецца, што наш духоўны зрок слабее, а ў асобных выпадках мы нават становімся сляпымі. І каб гэтая духоўная слепата знікла, патрэбна ачышчэнне.
Калі мы маем добры зрок нашага сэрца, то зусім у іншым святле бачым сябе, нашых бліжніх, усю нашу рэчаіснасць і жыццё. Хрост з’яўляецца асновай нашага паклікання ў веры. І паколькі ў гэтым хросце сам Бог выходзіць да чалавека, то і нашым заданнем ёсць пракламацыя веры, абвяшчэнне яе ўсім нашым жыццём. А гэта магчыма толькі тады, калі мы выразна адчуваем годнасць быцця Божымі дзецьмі. Мы не толькі выразна бачым сваю місію, але, што немалаважна, здольныя яе рэалізаваць. Так, як рэалізаваў яе Езус Хрыстус.
У сакрамэнце пакаяння і паяднання Бог дазваляе нам чарговы раз духоўна ўвайсці ў воды Ярдану, каб на нас так, як і некалі на Езуса, мог сысці Дух Святы, а голас Айца быў звернуты і да нас: гэта сын Мой умілаваны, гэта дачка Мая ўмілаваная, якую Я ўпадабаў. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD