Дарагія браты і сёстры! Жыццё веруючага хрысціяніна – гэта своеасаблівая гісторыя супрацоўніцтва слабога, грэшнага чалавека з Божай мудрасцю. Зрэшты, аб гэтым сёння выдатна распавядае літургія слова.
Кожны з нас, прыходзячы на гэты свет, атрымоўвае ад Бога шматлікія дары. Дары, таленты, заданні… Некаторыя з іх можна заўважыць амаль адразу, некаторыя бачныя крыху пазней, а яшчэ іншыя мы заўважым толькі тады, калі іх развіваем, у пакоры і цярплівасці. Тады гэтыя таленты з цягам часу памнажаюцца, даюць плён. Самае важнае - гэта не паддацца ляноце, якая нішчыць Божыя дары.
Самым асноўным, базавым дарам з’яўляецца само жыццё. Жыццё нам дадзена Богам, каб мы яго пражылі адзін раз і пры гэтым каб адчулі нашу чалавечую годнасць, умелі выйсці насустрач з дапамогаю нашым бліжнім. Адным словам, каб мы свайго жыцця не змарнавалі. І дзеля гэтага ў нашым жыцці патрэбны яшчэ адзін дар, які мы атрымоўваем, вучымся і развіваем яго ў сабе. І гэта дар мудрасці.
Памятаеце ў Старым Запавеце Саламона, сына Давіда, які не прасіў ні грошай, ні славы, але прасіў Божай мудрасці. Дзякуючы якой ён заслужыў павагу як самы знакаміты тагачасны чалавек і манарх Усходу. Значыць, мудрасць не толькі робіць чалавека славутым, але перадусім гарманічна ўкладае яго жыццё.
Дзякуючы мудрасці веруючы чалавек здольны разважліва крочыць па дарозе свайго жыцця, бо дар мудрасці адкрывае нас на Бога і іншага чалавека. Дазваляе выйсці па-за межы свайго “я”. Мудрасць – гэта ўменне дзяліцца сабою, сваёй асобаю. Вось паглядзіце, у мудрасці Бог дзеліцца з намі сабою.
Вельмі прыгожа аб дары мудрасці сёння апавядае першае чытанне: “Пахвала мудрасці — у ёй самой,і праслаўлена будзе яна сярод свайго народа…”
Калі ўважліва прыгледзецца да гэтага чытання, то ў апісанні мудрасці можам заўважыць адну рэч: што яна, у гэтым пачутым сёння намі фрагменце, малюецца як асоба, ёй прыпісваюцца асабовыя рысы: “На сходзе Найвышэйшага яна адкрые вусны свае… спрадвеку, з самага пачатку Ён стварыў мяне, і ніколі я не перастану існаваць”. І г.д.
Тут мы можам правесці паралель паміж першым чытаннем і Евангеллем, якое кажа пра Слова, што прыйшло на свет, каб яго збавіць. Гэтае Слова атаясамляецца з мудрасцю, і не памылюся, калі скажу: “На пачатку была Мудрасць,і Мудрасць была ў Бога, і Богам было Мудрасць”.
Такім чынам, першае чытанне з кнігі Мудрасці Сіраха абвяшчае нам праўду пра Езуса Хрыста, які прыходзіць у свет да сваіх. Слова сталася целам і пасялілася між намі, каб мы маглі ўбачыць славу Ягоную. Бо дзякуючы Слову, якое нарадзілася, як піша св. апостал Павел, Айцец славы даў вам духа мудрасці і прасвятліў вочы сэрца вашага.
Умілаваныя! Бог здольны заўважыць прыгажосць і дабро кожнага чалавека, нават тады, калі мы самі гэта заўважыць не здольны. Бо менавіта ў чалавеку Бог пакінуў свой вобраз і падабенства, таму кожны чалавек мае годнасць, якую асаблівым чынам падкрэсліў Езус Хрыстус, Божы Сын. Ён прыняў нашу чалавечую натуру і стаўся падобным да нас ва ўсім, апроч граху. Як кажа апостал Павел у другім чытанні: праз Езуса Хрыста мы сталі ўсыноўленымі Божымі дзецьмі, якіх благаслаўляе Бог Айцец, бо выбраў нас праз Езуса яшчэ перад стварэннем свету. Мы маем у сабе гэтую Божую прыгажосць, знішчыць якую можа толькі грэх. І бывае так, што мы забываем пра гэта, або сваёй годнасці належным чынам не ўсведамляем ці застаемся абыякавымі і сляпымі, не можам яе ўбачыць.
Мудрасць – гэта той дар, які нам дазваляе ўбачыць не толькі нейкі фрагмент нас саміх або нашага жыцця, але дзякуючы ёй мы можам бачыць сябе і бліжніх цалкам, у святле праўды, якую адкрывае Езус Хрыстус, даўца мудрасці. Усе мы без выключэння пакліканы да святасці, да таго, каб быць “беззаганнымі” перад Божым абліччам. Дар мудрасці, прыняты намі, адкрывае нас на святло праўды, у якім мы можам убачыць “надзею нашага паклікання”. Паклікання жыццёвага, якое цесна злучана з нашай вераю ў Божае Слова, ў Езуса Хрыста, які ёсць Божай Мудрасцю і Моцай.
Дарагія! Сам Бог перамагае нашу боязь перад уласнай цемрай і безнадзейнасцю. Езус сёння кажа нам, што паколькі ніякая цемра Яго не агарнула, то і нас, веруючых у Яго, не агарне, бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку называцца і быць Божымі дзецьмі. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD