Пошук


08.12.2013 18:10  

“Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою”. Так часта мы вымаўляем гэтыя словы. Асаблівым чынам сёння, калі адзначаем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Настрой павагі і роздуму, які характэрны ў час Адвэнту, сёння змяняецца на больш радасны і скіроўвае нас да асобы Марыі.

Святое Пісанне прадстаўляе час чакання прыйсця Месіі, Збавіцеля, як ноч. Трывала гэтая ноч сотнямі год. І першым вестуном узыходзячага сонца было нараджэнне дзіцяці – дзяўчынкі Марыі.

Менавіта з моманту Яе нараджэння пачынае здзяйсняцца Божы план збаўлення для ўсяго чалавецтва. Вось чаму так часта мы называем Марыю Ранішняй Зоркай, якая засвяціла ў гэтай цемры ночы і абвясціла надыходзячы дзень – дзень ласкі нараджэння Месіі.

У гэтай блізкай лучнасці Збавіцеля з Яго Маці ўзнікаюць шматлікія прывілеі і ласкі, перш за ўсё  ласка Беззаганнага Зачацця - гэта значыць поўнай свабоды ад першароднага граху.

Вельмі часта Айцы Касцёла прадстаўлялі Марыю ў вобразе ранішняй зоркі. Зоркі, якая нараджае сонца. Бо з улоння Марыі выйшаў Яе ўласны Стварыцель. Сын Божы, які са сваёй поўні боскасці апрамяніў ласкаю душу Той, якая мелася стаць Яго Маці. Таму Марыя знаходзіцца на памежжы двух Запаветаў: Старога і Новага, як вобраз мінулай велічы чалавека – велічы, якую ён згубіў праз грэх, і як ідэал будучай велічы, здабытай праз адкупленне.

З усіх людзей, якія нарадзіліся на зямлі, толькі Найсвяцейшая Панна Марыя была захаваная ад гэтай грахоўнай сапсаванасці. Таму Анёл, калі вітаў Яе, прамовіў: “Поўная ласкі!”

Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі першапачаткова не мела сувязі з Адвэнтам, але была ўстаноўлена на гэты дзень з увагі на перыяд дзевяці месяцаў, які аддзяляе гэтае свята ад свята Нараджэння Марыі. Аднак сённяшняя ўрачыстасць вельмі цесна звязана з адвэнтавай думкай, бо, калі чакаем Збаўцу, імкнучыся ўмацоўваць і развіваць нашую добрую волю, Найсвяцейшая Панна Марыя становіцца для нас дасканалым узорам на адвэнтавую падрыхтоўку.

Марыя дасканалым чынам з’яўляецца святой. Плады адкуплення ззяюць найбольш выразна ў Яе асобе. Прывілей быцця Поўнай Ласкі, якім Дзева Марыя цешыцца, ўзнёс Яе па-над усімі людзьмі на зямлі. Але не для таго, каб Яе ад нас аддаліць, наадварот, - каб Марыя была для нас як мага бліжэй.

Менавіта па прычыне Беззаганнага Зачацця (усёй сваёй святасці) Марыя стала дасканалай  слугой Пана Бога і людзей. Разважаючы аб велічы святасці Марыі, нельга забываць аб тых вялікіх рэчах, якія для Яе ўчыніў Усемагутны. Шэдэўр, найпрыгажэйшы плод адкуплення, якім з’яўляецца Марыя, заахвочвае нас сёння да захаплення геніем самога Мастака – Бога. Хрыста, як адзінай крыніцы адкупленчай ласкі.

Асабліва для нас, веруючых, якія крочым да Айчыны Нябеснага Айца, гэтыя словы “поўная ласкі” і пастава пакоры Марыі з’яўляюцца ўзорам для наследвання ў нашым штодзённым жыцці. Гэта не абстрактны тэрмін, але рэчаіснасць, якую можа і павінен развіваць у сабе кожны веруючы чалавек. Бо да гэтага ён і пакліканы.

У сваім жыцці, звычайным і простым, нам варта вучыцца ўдасканальваць сябе праз супрацоўніцтва з Божай ласкай на ўзор Маці Стварыцеля. Бо жыццё ў Божай ласцы з’яўляецца  нармальным станам жыцця веруючага чалавека. Іншымі словамі, пастаяннае сяброўства з Езусам, які жадае весці нас да Айца, - гэта рыса новага чалавека, адноўленага, адкупленага Езусам.

Ужо ад моманту хросту нас Бог вызваліў ад бруду першароднага граху, напоўніў сваёю ласкай, паклікаў да вечнага жыцця ў сваім Валадарстве. Аб гэтым мы павінны заўсёды памятаць, бо немагчыма належным чынам ушаноўваць Поўную Ласкі без шанавання ў самім сабе Божай ласкі.

Дарагія! Асоба Найсвяцейшай Панны Марыі заўсёды была, ёсць і будзе заахвочаннем для вучняў Езуса, для нас з вамі, каб, як і Яна, мы вучыліся аддаваць сябе Богу поўнасцю.

З Яго рук мы выйшлі і да Яго пілігрымуем праз усё нашае жыццё. Уся святая, Беззаганна Зачатая Марыя ёсць і няхай заўсёды застаецца нашай заступніцай, найлепшай Маці, Той, да якой прыходзіць увесь свет, у якой паратунку просіць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа