Пошук

20.07.2013 14:40  

Дарагія браты і сёстры! Памятаю, калі я вучыўся ў школе, мяне ўразілі словы са стэнда ў адным з класаў. Дакладна зараз не прыпомню, быў гэта кабінет біялогіі ці хіміі. Словы былі наступныя: «А ты какой оставил в жизни след, ведь без следа и человека нет?»

Не ведаю, хто з’яўляецца аўтарам гэтага выразу, але мне ён неяк асабліва спадабаўся і запомніўся. Сёння менавіта гэтымі словамі хачу распачаць разважанне.
 
Ідучы па дарозе жыцця, мы пакідаем свой след. Значыць, існуе шлях, дарога, па якой мы ідзём. І гэтых шляхоў ды дарог, якімі чалавек ідзе, вельмі шмат. Адны шляхі шырокія і прасторныя, іншыя вузкія і цярністыя. Але якім бы наш шлях ні быў, важная канчатковая мэта, куды ён вядзе.

Сёння прапаную прыгледзецца да тога шляху, якім крочыла св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус у сваім жыцці.  Яна адкрыла просты шлях, які вядзе да Бога, называючы яго «малой дарогай». Геніяльнасць гэтага шляху заключаецца ў яго прастаце, ва ўменні даверыцца Богу, адчуць сябе дзіцяткам, якое вядзе любячы Айцец.

Гэты шлях цалкам абапіраецца на даверы Богу. Дарагія! Менавіта такога даверу нам сёння не хапае. Мы прывыклі давяраць газетам, часопісам, тэлебачанню, сваім уласным магчымасцям, а забываем, што неаднойчы патрэбны нам шчыры просты давер да Бога, які нас любіць. Менавіта гэтую праўду нам хоча сёння прыгадаць св. Тэрэза.

Дзякуючы малой дарозе, Тэрэза за сваё нядоўгае жыццё змагла не толькі пазнаць Евангелле, але і ім жыць. Яна як бы нанова прапанавала адчытаць евангельскі ідэал Божага дзяцінства, і таму прыдумала «малую дарогу» да святасці, якая ў яе разуменні азначала дзіцячы давер Богу як Айцу.

Вельмі многіх захапляе духоўнасць гэтай манахіні. Вобразам малой дарогі таксама становіцца пастава дзіцяці, якое назаўсёды прытуляецца да свайго Айца. Вельмі падобны вобраз будзе пазней прысутнічаць у духоўнасці іншых святых. Тэрэза змагла сваю малую дарогу зрабіць папулярнай, зразумелай і даступнай кожнаму.

Дарога Тэрэзы ёсць не што іншае, як спрошчаны варыянт евангельскай дарогі Езуса. Паводле яе святасць не заключаецца толькі ў здзяйсненні цудаў або адданні сябе на ахвяру ўсеспалення. Усё значна прасцей: святасць – гэта ўменне быць Божым дзіцём, уменне ўсвядоміць сваю маленькасць. Быць Божым дзіцём — значыць крочыць малой дарогай, любячы Бога і людзей, а таксама адкідваючы марнасць гэтага свету з усімі яго пажадлівасцямі. Гэта мудры выбар кожнага чалавека – таму што свет прамінае, а з ім прамінае і яго пажадлівасць. Адзінае — гэта любоў. Толькі яна трывае навекі.  

Таксама і ў наш час тыя людзі, якія пазналі «Дзеі душы» Тэрэзы, жадаюць дайсці да Бога простай дарогай, кіруючыся рэкамендацыяй Езуса для дарослых: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо ім належыць Валадарства Божае». Такім чынам, гэта цудоўны спосаб рэалізацыі «сцежкі» святасці. Ён не патрабуе суровых пакутаў і адрачэнняў або доўгіх гадзінаў медытацыі, нягледзячы на тое, што праз усё кароткае жыццё Тэрэзы цярпенняў усё-такі хапала.

Дарагія! Тэрэза ў сваёй малой дарозе кожнаму прапануе паставу малога дзіцяці. І першым крокам на гэтай дарозе ёсць прызнанне ўласнай слабасці, у пэўным сэнсе бязраднасці, і адначасова моцны давер айцоўскім рукам, каб пазней стаць бескарысным дарам для Бога і бліжніх.

Сёння Тэрэза хоча прыгадаць, што нам трэба прыняць уласную абмежаванасць і недасканаласць, што па гэтай дарозе трэба ісці да Бога з любоўю і верай, каб менавіта Ён — Бог — мог нас узняць сваёй любоўю і ўдасканаліць сваёю ласкай.

Малая дарога Тэрэзы насычана надзеяй на тое, што нас не павінны знеахвочваць рознага роду цяжкасці і слабасці чалавечай натуры ў дарозе да Бога. Уся цяжкасць малой дарогі зводзіцца да таго, каб перамагчы свой уласны эгаізм, пазбыцца празмернага гонару і празмернага спадзявання толькі на свае ўласныя сілы і магчымасці.

Прыгажосць духоўнасці св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус грунтуецца на тым, што паказвае веліч і неабходнасць айцоўскай любові Бога.

Умілаваныя! Калі прыгледзецца і паразважаць над жыццём св. Тэрэзы, няцяжка заўважыць, што ў гэтых 24 гадах жыцця змяшчаецца мудрасць, якая ёсць плёнам Божай ласкі. Памятаем яе святую сям’ю, яе святых сясцёр. А яе манаскі прэдыкат «ад Дзіцятка Езус» таксама шмат аб чым гаворыць. Менавіта ад Езуса Тэрэза вучылася быць малой святой і дзякуючы Яму паказала ўсім, што трапіць у рукі любячага Айца зусім не цяжка.

Малая дарога святасці, канешне, не была цалкам ружовай ды дзіцячай, як гэта можа здавацца, калі чытаем «Дзеі душы», і да святасці Тэрэзы – як і ў выпадку многіх іншых святых – руку прыклалі людзі Касцёла. Аднак гэта быў цудоўны спосаб рэалізацыі жадання Тэрэзы: «хачу быць святой».

Няхай св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, а таксама яе духоўнасць, у прыватнасці малая дарога, дапамагае кожнаму з нас крочыць уласцівым яму шляхам да Бога, няхай дазволіць Пану ўзяць нас на рукі. Тады крочыць будзе значна прасцей. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.