Пошук

18.02.2023 10:41   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Габелен Марка Шагала ў ізраільскім Кнэсэце

1 чыт.: Лев 19, 1–2. 17–18;
Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8 і 10. 12–13;
2 чыт.: 1 Кар 3, 16–23;
Ев.: Мц 5, 38–48

Быць дасканалымі праз любоў

«Любіце ворагаў вашых…» Словы Евангелля, якія чуем сёння ў літургіі, — бадай што, самыя складаныя для ўспрымання (і яшчэ больш — для прымянення ў практыцы) з усяго вучэння Езуса. У той жа час, менавіта тут знаходзім самае сэрца боскай мудрасці, аб’яўленай чалавеку.

«Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны», — кажа Езус. Гэты заклік гучыць як цалкам немагчымая праграма — і яна сапраўды немагчымая, калі мы думаем, што сваім уласным высілкам павінны яе выканаць. Як можам наследаваць Бога, якога «ніхто ніколі не бачыў» (Ян 1, 18)? — «Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў» (Ян 1, 18): Езус вучыць таму, што сам уцелавіць, калі з любові да нас дазволіць сябе прыбіць да дрэва крыжа.

Слухаючы заклік Божага Сына, які адкрывае нам твар Айца, спытаемся: наколькі мы гатовыя пайсці далей, чым нашая звычайная логіка; прыняць перспектыву, значна шырэйшую за норму, да якой мы прызвычаіліся? Для гэтага патрэбны дар Духа Святога — Духа, які жыве ў нас, як нагадвае святы Павел у другім чытанні гэтай нядзелі. Любоў, якой мы здольныя любіць, — гэта Ягонае дзеянне ў нас

Быць святымі паводле вобразу Адзінага Святога, як наказвае Кніга Левіта, значыць дазволіць, каб нашыя ўчынкі, словы, думкі былі прасякнутыя любоўю, бо «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16).

Калі можам казаць пра дасканаласць, то так, як святы Павел: «Не тое, каб я <…> ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Езус Хрыстус» (Флп 3, 12).

Менавіта тыя, каго Касцёл называе святымі, найбольш усведамлялі ўласную недасканаласць, бо калі чалавек набліжаецца да Божага святла, бруд граху, нават няцяжкага, становіцца больш відавочны. Наша дасканаласць — заўсёды дасканаласць «на шляху» ў той меры, у якой Божы Дух завалодаў намі.

Дух Святы — крыніца любові

Задумаемся над тым, пра што кажа сённяшняе другое чытанне: «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?» Нам варта часта ўсведамляць гэтую праўду; дазваляць, каб яна выклікала ў нас належнае здзіўленне і захапленне. Менавіта Дух Святы «ўлівае» ў нашыя сэрцы любоў і надзею (Рым 5, 5). Гэта Ён вучыць нас называць Бога нашым Айцом (Гал 4, 6), а Езуса — нашым Панам (1 Кар 12, 3), каб мы памяталі, ад каго народжаныя дзеля вечнасці; памяталі, што няма для нашай несмяротнай душы іншых гаспадароў і паноў, акрамя таго, хто адкрыў нам брамы Неба. Дух Святы дапамагае нам «засвоіць» мудрасць, якую адкрывае Хрыстус — тую мудрасць, якая з’яўляецца супрацьлегласцю зямной «хітрасці», як тлумачыць святы Павел.

Дух Святы асвячае нас — робіць усё больш падобнымі да Айца і да Яго Умілаванага Сына, нашага Брата. Дух Святы ўзбуджае ў нас тую любоў, якая не абмяжоўваецца прыхільнасцю да тых, хто добры да нас, але ахоплівае тых, хто найбольш мае патрэбу ў Божай міласэрнасці.

Праз тое, што Дух Святы жыве ў верніках, «усё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае», — піша апостал да карынцянаў. Імёны, якія ён ўзгадвае, можам для сябе перакласці так: «і біскуп, і пробашч, і Папа…» — усе гэтыя людзі, і ўсё астатняе становіцца дарам для нас, калі мы жывем у святле Духа. «Вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога», — дадае Павел: прыналежнасць да Езуса акрэслівае самую глыбокую нашу тоеснасць і адначасова вызваляе нас ад ролі «закладнікаў» логікі гэтага свету: не быць пераможанымі злом, адплачваючы злом за зло, але моцай Божага Духа перамагаць зло дабром (пар. Рым 12, 17. 21).

Моц любові, якая перамагае свет

Дух Уваскрослага пераварочвае нашае разуменне моцы і слабасці, перамогі і паразы. Калі мы застаемся ў парадыгме «зямной мудрасці», сённяшняе евангельскае пасланне можа гучаць як рэцэпт пэўнай паразы ў гэтым свеце, дзе трэба ўмець «прабіцца», пастаяць за сябе. Можа здацца, што тут сабраныя ўказанні для «слабакоў», у якіх няма іншага выбару, як змірыцца са сваім падпарадкаваным становішчам.

Хтосьці катэгарычна не згодзіцца з гэтымі словамі, бо жадае актыўна супрацьстаяць злу: маўляў, як такім чынам можна перамагчы насілле, калі не асуджаць яго і не супрацьдзейнічаць усімі сіламі?..

Каб вучэнне Езуса не здавалася адарваным ад нашай рэчаіснасці ідэалам, каб не стваралася памылковае ўражанне, што Евангелле пакідае бездапаможнымі ахвяраў насілля, працытуем словы з энцыклікі Fratelli tutti Папы Францішка, у якой ён піша пра ўсеагульнае братэрства. «Любіць прыгнятальніка не азначае дазваляць яму працягваць прыгнятаць нас ці дазваляць яму думаць, што ягоныя ўчынкі з’яўляюцца прымальнымі. Наадварот, сапраўдная любоў да такога чалавека стараецца знайсці спосаб, каб прымусіць яго спыніць прыгнёт; пазбавіць яго той улады, якой ён не здольны карыстацца, і якая нішчыць яго чалавечнасць» (FT 241).

Далей Папа сцвярджае: «Прабачыць не азначае забыцца <…>. Тыя, хто сапраўды прабачае, не забываюць. Яны адмаўляюцца ад падпарадкавання той самай разбуральнай сіле, якая прычыніла ім столькі болю <…>. Яны вырашаюць не прывіваць грамадству дух помсты, які рана ці позна вернецца да іх назад» (FT 250–251). Якія ж актуальныя гэтыя словы ў кантэксце падзелаў у грамадстве і ваеннай агрэсіі, якая правакуе нянавісць і радыкальнае адчужэнне паміж цэлымі народамі!

У іншым дакуменце, адгартацыі Amoris Lætitia, Папа Францішак цытуе словы Марціна Лютэра Кінга: «Чалавек моцны — гэта асоба, якая здольная разарваць ланцуг нянавісці, ланцуг зла. Хтосьці павінен мець дастаткова веры і маральнасці, каб перарваць яго і прыўнесці ў структуру сусвету гэты моцны і магутны элемент любові» (AL 118).

Хрысціянская любоў, міласэрнасць, прабачэнне — не слабасць, а, наадварот, сапраўдная моц, здольная перамяняць жыццё асобных людзей і цэлых грамадстваў.

Няхай мы сёння адкрыемся гэтай моцы, якая паходзіць ад Духа Святога, каб быць Божымі сведкамі ў гэтым параненым свеце. Амэн.

Абноўлена 18.02.2023 10:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.