Пошук

24.09.2022 11:09   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Багач і Лазар. Мастак: Хуан дэ Сэвілья і Рамэра / Gallerix

1 чыт.: Ам 6, 1a. 4–7;
Пс 146 (145), 6c–7. 8–9a. 9bc–10;
2 чыт.: 1 Цім 6, 11–16;
Ев.: Лк 16, 19–31

Створаныя для вечнасці

У сённяшнім евангельскім урыўку Пан Езус нагадвае сваім слухачам перспектыву таго, што чакае чалавека пасля смерці. Той адрэзак часу, які нам даводзіцца правесці на зямлі, для кожнага — і для багацея, і для беднага Лазара — гэта толькі прэлюдыя да існавання ў вечнасці. У Сімвале веры мы вызнаём, што верым «у жыццё вечнае», хоць і вельмі слаба можам сабе ўявіць, якое яно. Пан Езус звяртаецца да вобразу «ўлоння Абрагама», каб сказаць пра будучае шчасце Лазара.

Варта ўспомніць усім, напэўна, добра вядомую, але якую ж трапную прыпавесць пра двух блізнятаў, якія размаўляюць ва ўлонні маці. Адзін з іх выказвае спадзяванне, што існуе «нешта» па-за межамі той цеснай прасторы, у якой яны знаходзяцца, а другі высмейвае такую думку. Так, як дзіцятку перад тым, як пакіне ўлонне маці, цяжка ўявіць, што чакае яго пасля нараджэння, так і нам не хапае адпаведных здольнасцяў, каб пазнаць тое, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека» — тое, што «Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9).

Папа Францішак падчас нядаўняй катэхезы на тэму распазнавання вельмі вымоўна сказаў, што ў правільным выбары чалавека сустракаюцца наша і Божая воля, сустракаюцца зямны шлях і вечнасць.

Тая праўда, што нашыя ўчынкі ў гэтым свеце маюць наступствы для бясконцага жыцця ў будучым свеце, можа нас палохаць, але найлепшай высновай для нас тут будзе ўбачыць і выкарыстаць шанц збіраць «скарб у небе».

Такім чынам, у духу веры варта імкнуцца да таго, каб у нашай зямной рэчаіснасці адчуваць «смак неба»: удасканальваць здольнасць адрозніваць тое, што набліжае нас да Валадарства Божага, ад усяго іншага. Калі мы ідзем у гэтым жыцці побач з Езусам, у паслухмянасці Ягонаму слову, мы «адной нагой» ужо знаходзімся ў вечнасці.

Хрыстус у бедным

Але, як паказвае ў сваім аповедзе Пан Езус, існуе і супрацьлеглая рэчаіснасць — месца, куды ідуць тыя, хто ў сваім зямным жыцці клапаціўся толькі пра свой камфорт і ігнараваў патрэбы бедных. Таксама тут нам цяжка зразумець сваім розумам, у чым заключаюцца пакуты праклятых, але словаў Езуса, напэўна, дастаткова, каб не хацелася туды трапіць.

Высновы з гэтай прыпавесці даволі відавочныя: трэба жыць не так, як эгаістычны багач — гэта значыць, не прывязвацца занадта да матэрыяльных рэчаў, ставячы ў прыярытэт залішне камфортнае існаванне, і ўмець заўважыць і прыйсці на дапамогу бліжняму ў патрэбе. Аднак Евангелле раскрывае нам больш глыбокую праўду пра паводзіны адносна абяздоленых: у іх мы сустракаем самога Хрыста (гл. Мц 25, 40).

Таму наш шлях побач з беднымі — гэта падарожжа разам з Хрыстом.

Святы Павел, звяртаючыся да свайго адрасата Цімафея, вельмі цікава выказваецца пра Пана Езуса: Ён, піша апостал, «даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне». Звычайна, калі гаворым пра сведчанне ў кантэксце веры, маем на ўвазе тое вызнанне, пра якое крыху вышэй кажа той жа Павел: «добрае вызнанне» Цімафея «перад многімі сведкамі» пра ягоную веру, пра надзею вечнага жыцця. Тут жа сам Езус выступае сведкам: Ён перад Пілатам засведчыў аб праўдзе, і кожнаму, хто гатовы Яго слухаць, Хрыстус, «сведка верны і праўдзівы» (Ап 3, 14), дае сведчанне пра тую праўду, якая не прамінае — прыходзячы з неба, «што бачыў і чуў, пра тое сведчыць» (Ян 3, 32).

Перад намі стаіць выбар: ці прымаць гэтае сведчанне як праўдзівае і жыць адпаведна з ім, ці паводзіць сябе так, як багач з прыпавесці альбо як «бесклапотныя на Сіёне» з сённяшняга першага чытання, якія «песцяцца на сваіх пасцелях», «не перажываюць з-за падзення Юзафа» — і ў выніку пойдуць у выгнанне.

Першы з уваскрослых

Сцвярджэнне, што «калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць», адсылае нас да падзей пасля ўваскрасення самога Хрыста. Евангеліст Мацвей асаблівым чынам падкрэслівае, што пасля паўстання з мёртвых Езуса першасвятары вырашылі падкупіць варту, каб тыя маўчалі пра тое, што бачылі, бо гэта прасцей, чым дазволіць сябе пераканаць у месіянстве Езуса і сапраўднасці Ягонага Евангелля.

У прыпавесці Абрагам кажа багачу, што ў ягоных братоў «ёсць Майсей і прарокі» — дастаткова слухацца Божага аб’яўлення, дадзенага ў Пісаннях. Аднак, відавочна, для тых, у каго «неабрэзаныя вушы і сэрца» (пар. Дз 7, 51), ніякае сведчанне не будзе пераканаўчым. У фінале прыпавесці Езуса ёсць пасланне і да нас: Бог звяртаецца праз Таго, хто прыйшоў выканаць Закон і Прарокаў (пар. Мц 5, 17), пра каго кажуць Пісанні (пар. Ян 5, 39), хто ёсць «Дарога, Праўда і Жыццё» (Ян 14, 6). Так, як браты багача, мы ўсе маем патрэбу ў навяртанні, і нам сёння дадзены шанц услухацца і быць паслухмянымі «словам жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

Сёння Хрыстус вучыць нас прыняць Яго самога ў тым бедным, які жыве побач з намі — у матэрыяльным ці ў іншым сэнсе, — наследуючы Яго, які «стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам», як сцвярджае акламацыя перад Евангеллем (2 Кар 8, 9).

Калі прымаем блізка да сэрца патрэбу беднага, насамрэч аддаём тое, што самі атрымалі, бо Божы Сын прыняў блізка да свайго Сэрца галечу кожнага з нас, у якой мы былі без Яго збаўчай прысутнасці.

Будзем жа заўсёды памятаць пра гэтую бясконцую, міласэрную, шчодрую любоў, каб самім быць міласэрнымі. Амэн.

Абноўлена 24.09.2022 11:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця