1 чыт.: Ер 38, 4–6. 8–10;
Пс 40 (39), 2–3. 4. 18;
2 чыт.: Гбр 12, 1–4;
Ев.: Лк 12, 49–53
Жаданне спакою сярод падзелаў і насілля
Сёння, калі ў навінах мы штодзённа чуем пра агонь, якім гараць гарады, падпаленыя снарадамі і ракетамі, зусім недалёка ад нашых межаў, і пра падзелы паміж народамі і ў грамадстве, якія вядуць да жудаснага насілля, словы евангельскага ўрыўка, як кажуць, «сыплюць соль на рану»… Нам, напэўна, хацелася б пачуць нешта больш суцяшальнае: указанні, як перамагчы ваенныя канфлікты; абяцанне, што такі доўгачаканы спакой нарэшце наступіць.
Ці ж не казаў Пан Езус сваім вучням: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам» (Ян 14, 27), — словы, якія мы паўтараем падчас кожнай Эўхарыстыі? Аднак Хрыстус адразу ж дадае: «Не так, як дае свет, Я вам даю».
Спакой, які паходзіць ад Яго, не з’яўляецца адсутнасцю канфліктаў — кампрамісам, дзеля якога прыносіцца ў ахвяру праўда.
Як тлумачыць Папа Францішак, каментуючы гэты ўрывак, «Езус не жадае падзяліць людзей паміж сабой: наадварот, Ён — наш спакой, наша паяднанне. Але спакой Хрыстовы не азначае нейтральнасць ці кампраміс любым коштам».
Ягонае слова ставіць перад чалавекам выбар, не пакідае абыякавым. Сваім словам Хрыстус запальвае агонь: у святле Святога Пісання гэта неадназначны сімвал. Агонь — крыніца і жыцця, і смерці. Ён з’яўляецца непадпарадкаванай чалавеку стыхіяй, якая здольная знішчаць і забіваць, якая сведчыць пра веліч Стварыцеля і пра крохкасць чалавека. У іншым значэнні агонь — сродак ачышчэння: з яго дапамогай аддзяляюць каштоўны метал ад прымесяў, і падобным чынам ачышчаецца вера праз выпрабаванні і цярпенне (пар. 1 П 1, 7). Урэшце, агонь — сімвал Духа Святога, які саграе халодныя сэрцы цеплынёй любові. Ян Хрысціцель прадказваў, што пасля яго ідзе Той, Хто будзе хрысціць не вадой, а Духам Святым і агнём (пар. Лк 3, 16), а абяцаны дар Суцяшыцеля з вышыні сышоў на вучняў у постаці вогненных языкоў (пар. Дз 2, 3).
Такім чынам, Евангелле, абвешчанае Сынам Божым, прыносіць святло і цяпло, але таксама ачышчае сэрцы ад усялякага грахоўнага бруду і выпрабоўвае людскія шляхі, правакуючы супраціў цемры зла.
Супрацьстаянне ў душы
Раздзяленне і канфлікт, непазбежна выкліканыя словам Хрыста, у першую чаргу адбываюцца ўнутры чалавека. Сённяшняе другое чытанне апісвае тое змаганне, якое — ці хочам мы таго, ці не — даводзіцца весці кожнаму верніку супраць граху.
Вобразна кажучы, мы няспынна знаходзімся на вайне: гаворка пра бітву за нашу душу і сэрца.
Цікава тут будзе правесці паралель з ісламам: мы ўсе добра ведаем слова джыхад, якое спантанна выклікае негатыўныя асацыяцыі і нават страх. Але варта памятаць, што асноўнае змаганне, якое мае на ўвазе паняцце джыхаду ў духоўнай традыцыі ісламу датычыць не знешняй вайны супраць «няверных», але ўнутранай барацьбы супраць усіх перашкодаў для дзеяння Бога ў чалавечым сэрцы.
Разам з Давідам кожны можа ўсклікнуць: «Благаслаўлёны Пан, мая цвярдыня, Ён рукі мае прывучае да змагання, а пальцы мае — да вайны» (Пс 144 (143), 1), маючы на ўвазе менавіта вайну супраць сваіх заганаў. Спакой, які чалавек адчувае, безразважна задавальняючы свае неўпарадкаваныя прывязанасці і залежнасці, — не ад Бога, а Бог у выпадку такога «камфортнага» патурання ўсім сваім капрызам пасылае «святы неспакой»: пачуццё, што ў маім жыцці нешта ідзе не так…
Сапраўдная моц
Сённяшнія перасцярогі Пана Езуса, аднак жа, могуць датычыцца і вельмі рэальных для некаторых з нас сітуацый, калі наш выбар Хрыста выклікае канфлікт і раздзяленне ў сям’і, на працы, у сяброўстве. У такіх выпадках вельмі важна ўмець паводзіць сябе так, як сапраўдныя вучні Хрыста, а не «адплачваць той жа манетай», паддаючыся логіцы гэтага свету.
Успомнім евангельскі эпізод, калі апосталы Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, прапануюць Езусу спаслаць агонь з неба і знішчыць самаранаў, якія не прынялі іх у сваёй вёсцы (гл. Лк 9, 52—56): часам, напэўна, і ў нас нараджаецца жаданне такім жа чынам расправіцца з тымі, хто выступае супраць нас… Але Езус прапануе іншы шлях, без насілля.
Паводле правілаў гэтага свету, нам здаецца, што сіла агрэсіі і перавагі — адзіны дзейсны сродак дасягнення сваіх мэтаў. Аднак сутнасць Евангелля, праз якое нам адкрываецца сапраўдны твар Бога і Ягонага спосабу дзеяння, заключаецца ў той праўдзе, што адзіная сіла, здольная перамагчы ўсё, — гэта любоў.
Любоў у сітуацыі непаразумення ці канфлікту не азначае нейкага рамантычнага, адарванага ад балючай рэчаіснасці пачуцця, але прымае форму гатоўнасці супрацьстаяць у сваім сэрцы разбуральнай схільнасці да помсты, гвалту і нянавісці.
Разважаючы над спосабам паводзіць сябе па-хрысціянску пасярод напружанасці і канфлікту, варта перачытаць старонкі энцыклікі «Fratelli tutti» Папы Францішка, прысвечаныя тэме прымірэння (раздзел VII «Шляхі новай сустрэчы»). Узгадваючы сённяшні евангельскі ўрывак, Папа Францішак сцвярджае словамі святога Яна Паўла ІІ: «Касцёл добра ведае, што ў ходзе гісторыі непазбежна ўзнікаюць канфлікты інтарэсаў паміж рознымі сацыяльнымі групамі і што перад тварам такіх канфліктаў хрысціяне часта павінны заняць сумленную і паслядоўную пазіцыю» (240).
Выхадам не з’яўляюцца «уцёкі ад праблем, затойваючы несправядлівасць» і выбар «уяўнага спакою» (236): «калі канфлікты не вырашаюць, але ўтойваюць іх або хаваюць у мінулым, настае маўчанне, якое можа прывесці да саўдзелу ў цяжкіх памылках і грахах» (244). Шлях да прабачэння ніколі не азначае забыцця: «прабачыць не азначае забыцца» (250), «каб не паддацца мысленню, якое вядзе да апраўдання рэпрэсій і любых відаў насілля» (249).
Хоць непаразуменні і канфлікты непазбежныя, Папа Францішак рашуча асуджае вайну, якая азначае «адмаўленне ўсіх правоў» (257).
Сёння як ніколі існуе вялікая «патрэба ў міратворцах, гатовых з адвагай і вынаходлівасцю распачаць працэсы аздараўлення і новай сустрэчы» (225). Няхай пасярод любых канфліктаў Пан дасць нам жаданне прыняць Ягонае абяцанне евангельскага шчасця для міратворцаў, каб нам па-сапраўднаму быць сынамі і дачкамі нашага Нябеснага Айца (пар. Мц 5, 9). Амэн.