Пошук

21.05.2022 09:20   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ерузалемскі Сабор. Вітраж / Adobe Stock

1 чыт.: Дз 15, 1–2. 22–29;
Пс 67 (66), 2–3. 5. 6 і 8;
2 чыт.: Ап 21, 10–14. 22–23;
Ев. Ян 14, 23–29

Сапраўдная паслухмянасць нараджаецца з любові

На працягу Велікоднага перыяду ў Літургіі мы слухаем урыўкі з развітальнай прамовы Хрыста падчас Апошняй вячэры. Пан Езус рыхтуе вучняў да тых драматычных падзей, якія неўзабаве адбудуцца з Ім, а таксама тлумачыць, што будзе далей, пасля Ягонай Пасхі і вяртання да Айца. Гэтыя словы непасрэдна датычацца нас, якія жывем не ў звычайнай фізічнай прысутнасці Езуса, а ў эпоху, калі ў нас, у Касцёле Пан дзейнічае праз абяцанага Духа Святога.

Наш Збаўца пакідае на развітанне «тэстамэнт», падкрэсліваючы ў ім самае галоўнае са свайго вучэння.

Сёння мы зноў чуем пра любоў — пра той «ключ», які раскрывае сутнасць усяго Божага аб’яўлення. «Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі», — кажа Езус, рэалістычна даючы зразумець, што любоў — не проста нейкае пачуццё, адчуванне ці жаданне, няхай нават самае прыгожае. Калі любоў не ўцелаўляецца ў канкрэтных дзеяннях і паводзінах, яна рызыкуе застацца нейкай абстракцыяй — і фальшам.

«Любоў трэба больш паказваць не на словах, а ў справах», — казаў святы Ігнацый Лаёла. Аднак калі ўважліва прыслухаемся да словаў Пана Езуса, пачуем у іх два розныя магчымыя спосабы разумення. Паводле першага, Езус патрабуе ад нас «даказаць» нашу любоў да Яго праз выкананне запаведзяў, паказаць «на самай справе», што наша сувязь з Ім сапраўдная, а не эфемерная. «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне», — кажа інакш Езус (Ян 14, 21).

Але ёсць і іншы спосаб успрымання сувязі паміж любоўю і вернасцю слову Пана: аўтэнтычнае выкананне запаведзяў залежыць ад таго, ці ў нас ёсць любоў; у адваротным жа выпадку выконваць іх становіцца немагчымым і губляе сэнс.

Менавіта любоў робіць нас здольнымі заставацца вернымі Богу і надае сэнс нашай паслухмянасці Божым наказам. Без любові выкананне запаведзяў рызыкуе стаць халодным і павярхоўным фармалізмам, пазбаўленым сапраўднай камуніі з Панам.

Напэўна, трапным тут будзе параўнанне з выхаваннем дзяцей: неабходна вучыць іх правілам, прывучаць быць паслухмянымі, але калі гэта робіцца ў атмасферы надзвычайнай строгасці і страху, а не любові, тады дзеці пазбаўлены чагосьці вельмі важнага ў разуменні логікі адносінаў. «Калі <…> маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто», — красамоўна кажа св. Павел (1 Кар 13, 2). Школа любові — найважнейшая з усіх іншых, і навучанне ў ёй не спыняецца да канца жыцця. Дух Святы, які нагадвае словы Езуса ў глыбіні нашых сэрцаў, — вось наш нябесны Настаўнік.

Суцяшыцель вучыць, як любіць ва ўсім

«Суцяшыцель, Дух Святы, <…> навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам», — кажа Пан Езус. Гэтае абяцанне прыйсця Суцяшыцеля рыхтуе нас да святкавання неўзабаве Спаслання Духа Святога ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы. Але ўспомнім, што кожную нядзелю акрамя ўваскрасення Хрыста мы святкуем таксама дар Духа Святога, як пра гэта ўзгадвае абвяшчэнне таямніцы дня на пачатку Эўхарыстычнай малітвы.

Напэўна, нам варта часцей усведамляць прысутнасць — у жыцці Касцёла і нашым асабістым — Духа, які працягвае місію Уваскрослага Пана ва ўсе часы і ў кожным месцы, якога мы заўсёды можам паклікаць, каб дапамог нам сваёй жыватворчай моцай.

«Без Твайго дыхання што ж сярод стварэння? — пустата і небыццё», спявае Касцёл у Секвенцыі пра Духа Святога. Без ласкі Суцяшыцеля чалавек не здольны ні на што добрае. «Ніхто не можа сказаць: „Панам ёсць Езус“, калі не будзе ў Духу Святым», — сцвярджае св. Павел (1 Кар 12, 3).

Менавіта Ён, Дух любові, дапамагае нам уцелаўляць новую запаведзь Хрыста ў бясконцым мностве сітуацый у нашым жыцці.

Такім чынам Ён здзяйсняе справу асвячэння дзяцей Божых, робячы людзей удзельнікамі боскай натуры.

Святы Аўгустын так кажа пра тых, хто захоўвае новую запаведзь Пана: «Яны ўсе багі і сыны Найвышэйшага і браты адзінага Сына Божага, таму любяць адзін аднаго такой любоўю, якой палюбіў іх Пан, каб прывесці туды, дзе ўсе іх жаданні будуць насычаны дабротамі». Святы Ян Евангеліст, паэт боскай любові, падсумоўвае: «Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога» (1 Ян 4, 7).

Любіць пасярод канфлікту

Дзякуючы адкрытасці на дзеянне Духа Святога ў сітуацыі, пра якую расказвае нам сённяшняе першае чытанне, апосталы змаглі прыняць правільнае рашэнне ў вельмі важным пытанні адносна місіі нованароджанага Касцёла: ці прымушаць тых, хто паверылі ў Хрыста, выконваць Закон Майсея. Гэтая гісторыя паказвае нам, што імкненне жыць паводле запаведзі любові не азначае аўтаматычна бесканфліктнага існавання. І Евангеллі, і Дзеі Апосталаў, і апостальскія лісты апавядаюць пра розныя іншыя канфлікты і нават крызісы ў першых супольнасцях Хрыстовых вучняў. У той час як Святая Тройца з’яўляецца ўзорам дасканалай еднасці ў любові, спрэчкі і падзелы — наступствы чалавечай грахоўнасці.

На жаль, на працягу гісторыі — і нават сёння — мы становімся сведкамі канфліктаў паміж цэлымі народамі, якія называюць сябе хрысціянскімі. Перад абліччам такой сумнай і часта трагічнай рэчаіснасці мы лепш разумеем, чаму Пан зноў і зноў настойвае на неабходнасці жыць паводле запаведзі любові, бо толькі яна можа пераадолець узаемнае адчужэнне ў розных яго формах.

Езус абяцае вучням спакой — не так, як свет дае, Ён дае. Хрыстовы спакой — не проста адсутнасць вайны і іншых канфліктаў. Часта мы не можам выбраць знешнія абставіны, у якія трапляем, і яны могуць быць крыніцай пастаянных турботаў за дабрабыт наш і блізкіх нам людзей — як гэта адбываецца сёння для многіх з нас. Езус не абяцае адсутнасць такіх абставінаў, але прысутнасць Духа Суцяшыцеля сярод усіх выпрабаванняў.

Хрыстовы спакой заснаваны на веры ў тое, што «ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога» (Рым 8, 28) і што ніякае «стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (Рым 8, 39).

Няхай гэтае абяцанне напоўніць нас надзеяй і імкненнем любіць, каб быць пераможцамі разам з Умілаваным Айца, які сваёй любоўю перамог зло і смерць. Амэн.

Абноўлена 21.05.2022 09:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа