Пошук

26.03.2022 08:33   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Вяртанне марнатраўнага сына. Мастак Мішэль Мартэн Дрален / Wikipedia.org

1 чыт.: Нав 5, 9a. 10–12;
Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7;
2 чыт.: 2 Кар 5, 17–21;
Ев.: Лк 15, 1–3. 11–32

Айцец марнатраўны

Прыпавесць пра марнатраўнага сына, як звычайна называюць гісторыю, што чуем сёння ад Езуса, можна б было інакш назваць прыпавесцю пра марнатраўнага айца. Ці ж бацька не марнатравіць сваю маёмасць, калі дазваляе малодшаму сыну забраць сваю частку і ад’ехаць у далёкі край, дзе той растраціць усё? Ці потым, калі сын вяртаецца ні з чым, ці ж ён зноў не паступае марнатраўна, рыхтуючы багаты банкет для таго, хто так неразважліва абышоўся з маёмасцю?..

Відавочна, такая неапраўданая з нашага звычайнага пункту гледжання шчодрасць — рыса характару бацькі, пра якога расказвае Езус. Хоць прыпавесць не суправаджаецца тлумачэннем, мы добра разумеем, што гаворка пра Нябеснага Айца і Яго стаўленне да людзей — Ягоных дзяцей.

Бог дае чалавеку свабоду, і робіць гэта так шчодра — «марнатраўна», — што мы маем уладу адвярнуцца ад крыніцы сваёй жа свабоды, растраціць яе «ў далёкім краі» на ўчынкі, якія ў рэшце рэшт пакідаюць нас «каля разбітага карыта».

Напэўна, часам нам прыходзіць у галаву думка, што лепш бы не мець такой вялікай улады, такой свабоды, якая можа завесці нас далёка ад дому. Але гэта цана нашай здольнасці адказаць нашаму Стварыцелю любоўю на любоў — менавіта свабодна, бо любові пад прымусам не бывае. Калі ж у чужой краіне мы ўсведамляем, куды прыводзіць капрызнае сваволле, на якое мы растрачваем каштоўны дар свабоды, нам цяжка паверыць у шчодрасць марнатраўнай любові, якая чакае нашага вяртання — без ніякіх умоваў, акрамя жадання быць зноў дома.

Навяртанне — вяртанне да радасці Айца

Малодшы сын, шукаючы шчасця ў знешніх задавальненнях, апынуўся ў сітуацыі нястачы і ганьбы: пасвіць свіней, нячыстых жывёлаў, для юдэяў было заняткам ніжэй чалавечай годнасці.

У гэтым свеце ёсць столькі розных спосабаў пазбавіць чалавека годнасці, і мы свядома ці несвядома так часта пагаджаемся на тое, каб быць пазбаўленымі нашай годнасці дзяцей Божых.

Спакуснік, заахвочваючы нас з’есці «забаронены плод», не папярэджвае, што вынікам такога выбару будзе прыніжэнне і адзінота. Наступны крок д’ябальскай стратэгіі — перашкодзіць чалавеку, праз ганарлівасць ці наадварот праз адчай, прызнаць сваю памылку і вярнуцца да святла і цеплыні айцоўскай любові. Але Бог гатовы прыняць нас нават тады, калі адзіная прычына для нашага вяртання — гэта нязносная сітуацыя голаду і нястачы. Малодшы сын перастаў верыць ва ўласную годнасць, але Айцец вяртае яе яму: менавіта гэта азначаюць вопратка, сандалі і пярсцёнак, атрыманыя сынам.

Так паступае з намі Бог, не асуджаючы нас нават на імгненне: чалавеку цяжка зразумець такую любоў, бо яна сапраўды перавышае нашую логіку. Наша навяртанне, для якога велікапосная споведзь з’яўляецца вельмі адпаведным момантам, — гэта пераход ад уласнага ўяўлення пра саміх сябе як вартых асуджэння і пакарання да таго, як нас бачыць Бог. Там, дзе нам цяжка прабачыць сябе, Айцец даўно нам дараваў і заклікае нас пакінуць мінулае, адкрываючыся новай будучыні, якую Ён для нас стварае.

Гэта запрашэнне да радасці, якую мы асабліва перажываем у гэтую Чацыёртую нядзелю Вялікага посту: радасці, якая адрозніваецца ад танных падробак, прапанаваных нам на крывых шляхах гэтага свету.

Наша навяртанне, магчыма, азначае пакінуць бязрадаснае існаванне старэйшага сына, які ўспрымае адносіны з айцом праз прызму абавязку, і далучыцца да свята.

Варта задацца пытаннем: ці задаволены я маім Богам? Ці маё жыццё верай прыносіць мне радасць, ці, наадварот, унутры я хаваю крыўду на тое, што мне не дазволена нават крыху пабавіцца з сябрамі, бо ўспрымаю Бога як крыніцу забаронаў? Такое навяртанне — не справа майго высілку, а ласка Духа Святога, якая будзе дзейснай у маім сэрцы, калі я шчыра гатовы адкрыцца на Божы позірк: як Айцец бачыць мяне, але таксама і майго брата, да якога маю прэтэнзію.

Трэці Сын

У сённяшнім Евангеллі ёсць і трэці сын. Гаворка не пра нябачнага персанажа прыпавесці, але пра таго, з чыіх вуснаў гучыць гэта гісторыя. Езус — Адзінародны Божы Сын, які цалкам прыняў перспектыву свайго Айца і які хоча навучыць кожнага са сваіх вучняў адчуць на сабе Ягоны позірк і ўмець глядзець, як Ён.

Наш Збаўца, Умілаваны Сын Айца, адкрывае нам нашую тоеснасць Божых дачок і сыноў.

Ён жыве той праўдай, што «Ты заўсёды са Мной, і ўсё Маё — Тваё» (пар. Лк 15, 31), і жадае абвяшчаць гэтую праўду пра Айца братам, знаходзячы такім чынам сваю радасць (пар. Лк 10, 21). Езус паказвае нам узор сапраўднай свабоды — не капрызнага сваволля, а здольнасці любіць усімі сваімі сіламі, усёй сваёй істотай; свабоды, якая любіць да канца, аддаючы жыццё. Таму Ён згаджаецца стаць «грахом замест нас», як парадаксальна сцвярджае ў другім чытанні святы Павел, гэта значыць узнесці віну за грэх на дрэва крыжа і прыняць смерць за нас, у салідарнасці з нашай смяротнасцю — наступствам граху. Так смерць пераможана смерцю: гэта Пасха Хрыста, якую мы святкуем у кожнай Эўхарыстыі, дзе Пан рыхтуе для нас банкет вечнага жыцця.

Няхай сёння, прымаючы Яго ў Ягоным слове і Целе, мы дазволім Яму перамяняць наша бачанне сябе і бліжніх — Божых сыноў і дачок, якіх Ён заўсёды чакае ў сваім доме. Амэн.

Абноўлена 26.03.2022 08:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця