Пошук

25.09.2021 10:49   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

1 чыт.: Ліч 11, 25–29;
Пс 19 (18), 8. 10. 12–13. 14;
2 чыт.: Як 5, 1–6;
Ев.: Мк 9, 38–43. 45. 47–48

Супрацьстаяць культуры адчужэння

«Багатыя таксама плачуць», — назва вядомай тэленавэлы, якая стала прымаўкай, перагукаецца з першымі словамі сённяшняга другога чытання: «Вы, багатыя, заплачце і загаласіце над вашымі няшчасцямі».

Цяжка сказаць, наколькі гэты заклік апостала Якуба паслужыў натхненнем для назвы серыяла: аўтар паслання, хутчэй, паказвае сапраўдную каштоўнасць матэрыяльнай маёмасці ў перспектыве вечнасці і Божай мудрасці, чым кажа пра актуальны стан багатых людзей.

Такім чынам Якуб вельмі вымоўна нагадвае тое, пра што вельмі часта кажа Святое Пісанне: багацце і матэрыяльны дабрабыт не маюць для чалавека абсалютнай каштоўнасці і лёгка могуць стаць спакусай, якая закрывае яго сэрца для Бога. Гэта не адмаўляе таго, што створаны Богам свет і плады чалавечага генія, якія дапамагаюць рабіць свет больш прыязным месцам для людзей, — самі па сабе добрыя.

Праблемы пачынаюцца тады, калі гэтыя даброты становяцца прычынай і сродкам несправядлівасці, крыніцай зайздрасці і падзелаў.

Папа Францішак часта заклікае нас супрацьстаяць «культуры адчужэння», дзе матэрыяльны дабрабыт асобных людзей мае прыярытэт над будаваннем сапраўднай еднасці і над клопатам пра найбяднейшых. Матэрыяльныя даброты, паводле задумы Стварыцеля, павінны стаць сродкам камуніі, еднасці, а не варожасці.

Адчуваць сябе выбранымі

Сённяшняе Евангелле кажа пра іншую спакусу для стварэння падзелаў і адчужэння іншай асобы: Ян расказвае Езусу пра чалавека, які «не наш», не належыць да групы выбраных вучняў і таму, паводле яго меркавання, не мае права выганяць злых духаў у імя Езуса. Адносіны Яна (і, відавочна, іншых апосталаў) у гэтым выпадку даюць магчымасць задацца пытаннем, як мы ўспрымаем сваю прыналежнасць да хрысціянскай супольнасці.

У першую чаргу, нам варта вельмі добра ўсведамляць, што кожны з нас — частка «выбранага народа»: праз нашу прыналежнасць да Касцёла мы з’яўляемся нашчадкамі Ізраэля, якога Пан выбраў сабе як «асаблівую частку сярод усіх народаў, валадарства святароў і народ святы» (пар. Зых 19, 5–6). Гэта прывілей і прычына для гонару! Гэта заўсёды незаслужаны дар і таямніца Божай ласкі, хоць, з другога боку, мы найчасцей можам лёгка растлумачыць, што сталі членамі Касцёла, бо нас ахрысцілі бацькі ў дзяцінстве…

Але не трэба гэты прывілей успрымаць як нагоду для пошуку таго, што нас аддзяляе ад іншых, а наадварот, варта ўсведамляць адказнасць несці сведчанне пра годнасць і прыгажосць нашага паклікання да жыцця з Богам; несці яго і блізкім, і далёкім.

Гэта значыць імкнуцца дапамагчы іншым людзям адкрыць іх годнасць і тое, што Бог можа здзейсніць у іх жыцці, каб разам усхваляць Бога за Ягоную дабрыню і міласць. Маючы такія адносіны, мы зможам перамагчы зайздрасць і не будзем ствараць перашкод для той еднасці, якую жадае Езус для сваіх вучняў: «каб былі адно <…>, каб паверыў свет» (пар. Ян 17, 21).

Дзейнічаць у імя Езуса

Евангеліст Марк, у адрозненне ад іншых евангелістаў, менавіта ў гэтым кантэксце агучвае суровыя перасцярогі з боку Езуса, каб не стаць спакусай для «аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне». (Нагадаем, што грэчаскі дзеяслоў σκανδαλίζω даслоўна значыць «паставіць пастку, перашкоду на шляху; тое, аб што можна спатыкнуцца».)

Такім чынам, канчатковым крытэрыем для нашага выбару перад Богам з’яўляецца пытанне: ці мае намеры, словы, дзеянні будуюць сапраўдную еднасць, ці разбураюць яе? Гэты крытэрый датычыцца кожнай супольнасці, пачынаючы ад нашых сем’яў і заканчваючы глабальнай перспектывай нашай прыналежнасці да чалавечай сям’і. Але важна таксама ўсведамляць, што — ці хто — з’яўляецца крыніцай сапраўднай еднасці: гісторыя чалавецтва дае нам дастаткова доказаў таго, што ёю не могуць быць нават найлепшыя чалавечыя намеры і намаганні, калі з іх выключаны Бог.

Некалькі разоў у сённяшнім Евангеллі паўтараецца выраз «у імя»: у імя Езуса выганяюцца злыя духі і ў Яго імя вучням будуць дапамагаць людзі добрай волі.

Імя Езуса — вось крыніца моцы, якая здольная з’яднаць тое, што для чалавечых высілкаў немагчыма.

Канечне, гаворка не пра нейкую магію літар: імя нашага Збаўцы насілі многія і да Яго (як хоць бы Езус Навін, слуга Майсея, з сённяшняга першага чытання), і пасля Яго (у Лацінскай Амерыцы, у адрозненні ад іншых месцаў, напрыклад, часта можна сустрэць імя Хэсус — Езус).

Варта ўзгадаць эпізод з Дзеяў Апосталаў (19, 13–16) пра юдэйскіх заклінальнікаў, якія заклікалі імя Езуса, каб выганяць дэманаў, але былі адоленыя злым духам: недастаткова ведаць імя Езуса — трэба пазнаць Яго як асобу і быць у лучнасці, у еднасці з Ім.

«Імя» ў Святым Пісанні — сінонім асобы, якая яго носіць (памятаем, што ў юдэйскай традыцыі замест таго, каб называць Бога, з пашаны да Яго выкарыстоўваецца менавіта слова «імя» — hashem). «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана», — абвяшчаем мы кожны раз падчас Святой Імшы ў гімне пасля прэфацыі, адносячы гэтыя біблійныя словы да Езуса — Эмануэля, «Бога-з-намі», які адкрывае нам аблічча Айца. Але гэтае благаслаўленне можам таксама аднесці праз Яго і да нас саміх, калі мы сапраўды імкнемся «ісці» не дзеля свайго імя, не ў пошуку сваёй славы ці карысці, а ў імя таго, хто адзіны ведае шлях да паўнаты жыцця.

Ён прысутны і чакае сустрэчы з кожным з нас не толькі ў малітве і Сакрамэнце, але і за тварамі сваіх братоў і сясцёр, якіх ставіць на нашым шляху, каб мы далі ім кубак вады або добрае слова, у якім яны маюць патрэбу.

Няхай мы сёння дазволім Яму «адрэзаць» ад нашага жыцця ўсё тое, што нам перашкаджае быць сведкамі Ягонага Імя, каб будаваць сапраўдную еднасць сярод нас. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.