Пошук

02.05.2020 10:01   А. Віктар Жук SI / Catholic.by
Добры Пастыр. Мастак Філіп дэ Шампань / Wikipedia.org

1 чыт.: Дз 2, 14а. 36–41; Пс 23 (22), 1–3а, 3b–4, 5. 6. 2 чыт.: 1 П 2, 20b–25. Ев.: Ян 10, 1–10

Вобраз пастыра, статку, пашы быў знаёмы слухачам Езуса: у Старым Запавеце часта адносіны паміж Ягвэ і народам Ізраэля параўноўваюцца менавіта з тым, як пастыр, пастух пасвіць сваіх авечак. З іншага боку, у святых пісаннях таксама лідараў Ізраэля — каралёў, суддзяў, святароў — называлі пастырамі народу, і вельмі часта, на жаль, яны кепска спраўляліся з тым заданнем, якое ім было даверана.

Пастух павінен ахоўваць жыццё і дабрабыт статку, забяспечваць авечак ежай і вадой, знаходзіць сховішча на ноч, бараніць ад драпежных звяроў... Гэта сціплы і адначасова нялёгкі занятак, які патрабуе высілку, цярплівасці, вытрымкі. Абагульніць гэтую працу можна словам «апека, клопат».

Менавіта ў апецы і клопаце павінна выражацца праца і тых, каму дадзена ўлада, адказнасць за іншых, і гэта таксама найчасцей патрабуе сціплага высілку, служэння на карысць іншых.

Але часта не толькі ў досведзе Ізраэля, але і ва ўсе часы і паўсюль надта прывабнай для тых, хто мае ўладу (на жаль, не толькі свецкую, але і рэлігійную, сакральную), з’яўляецца спакуса выкарыстаць яе не дзеля служэння іншым, а дзеля ўласнай карысці. І тады тое, што павінна паслужыць дабрабыту «авечак», становіцца набыткам нешматлікіх «выбраных».

Езус жа кажа пра зусім іншы стыль стаўлення пастыра: пра жаданне даць авечкам найлепшае, пра «асабісты падыход», у якім кожную з іх пастыр кліча па імені, а не лічыць проста адзінкай з натоўпу. Праз свае словы наш Пан закранае глыбокае жаданне ў сэрцы кожнага і кожнай з нас: каб да мяне адносіліся з увагай і шчырым клопатам, каб маё імя вымаўлялася з любоўю, каб хтосьці вывеў мяне на прастору, дзе я знайду «пашу», паўнату жыцця. Словы Езуса нагадваюць нам, што наш шлях праз жыццё — не ў самоце, у цемры, а ў прыманні апеку і клопат як выраз любові і асабістай увагі Пана; гэта шлях следам за Ім, а не блуканне ў бясплодных пошуках.

Мы можам настолькі прызвычаіцца да такога стаўлення, дзе ад нас толькі нехта патрабуе, дзе чалавек — гэта выключна рабочая сіла, падаткаплацельшчык або спажывец, што нам цяжка паверыць у нейкую іншую магчымасць.

Найгорш, калі пагаджаемся, што гэта і ёсць норма ў адносінах, калі — свядома ці несвядома — пачынаем паводзіць сябе падобным чынам, ставіцца да іншых, зыходзячы выключна з пазіцыі сваёй уласнай карысці. Інакш кажучы, калі не верым, што бескарыслівая любоў і шчыры клопат — гэта сутнасць нашага існавання.

Езус, наш добры Пастыр, сёння нагадвае нам, што нашае ўспрыманне адносінаў паміж асобамі патрабуе пастаяннага навяртання. У нас ёсць патрэба вяртацца зноў і зноў да той крыніцы, дзе мы атрымліваем асабістую любоў і апеку і вучымся адносіцца такім жа чынам да іншых — перш за ўсё да нашых блізкіх, але не толькі да іх. Тое, якія канкрэтныя формы гэтае адноўленае стаўленне будзе прымаць у нашай рэчаіснасці, залежыць ад розных абставін і ад нашай крэатыўнасці, якая з’яўляецца дарам Духа, але заўсёды можна пачаць ад найпрайсцейшага — добрага слова, усмешкі, прабачанай крыўды, гатоўнасці дапамагчы, выслухаць і падзяліцца…

Менавіта такім чынам мы знойдзем багатую пашу, знойдзем дабрабыт і прастору для душы, бо сапраўднае багацце паводле логікі Евангелля — не тое, што мы набываем і назапашваем для сябе, а тое, што мы аддаем іншым. Вобраз прасторы, адкрытага месца, які прысутнічае ў словах Пана Езуса, кантрастуе з тым, у якіх абставінах многія з нас апынуліся сёння з прычыны эпідэміі, вымушаныя знаходзіцца ў закрытых памяшканнях, чакаючы, калі зможам зноў свабодна перамяшчацца.

Але і наша душа патрабуе таго, каб выйсці з закрытасці, з хранічнай хворай засяроджанасці на саміх сабе.

Толькі такім чынам мы адкрыемся для паўнаты жыцця, якой для нас жадае Езус, дзеля чаго Ён і прыйшоў да нас.

Езус — адзіны сапраўдны добры Пастыр. Ён не толькі працаўнік дзеля нашага дабра, не толькі «дзейнічае, як і Айцец дзейнічае» (пар. Ян 5, 17). Езус аддае сваё жыццё за авечак, і такім чынам паказвае нам, якія мы каштоўныя для Яго і для Айца. Праз сакрамэнты, праз Яго слова, прынятае з верай, праз дар Духа Святога мы жывімся Яго жыццём. Няхай кожны з нас сёння пачуе нанава Ягоны голас, які з любоўю і апекай прамаўляе нашае імя; няхай гэты голас вывядзе нас з нашых «загонаў», з нашай закрытасці на багатую пашу, дзе мы можам з радасцю дзяліцца дарам Божай любові і апекі з іншымі.

Абноўлена 02.05.2020 10:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця