Пошук

Арцыбіскуп Зыгмунт Шчэнсны-Фялінскі, заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі, нарадзіўся 1 лістапада 1822 года на Валыні (Украіна). З бацькоўскага дому ён вынес моцную веру і хрысціянскую маральнасць. З маладосці ў яго жыцці было нямала цяжкіх і пакутлівых выпрабаванняў. Калі Зыгмунту было 17 гадоў, у яго памёр бацька, а праз шэсць гадоў была арыштавана і вывезена ў Сібір маці. Ён застаўся з двума братамі і трыма сёстрамі без даху над галавою і сродкаў на існаванне. Аднак яго моцная вера і бязмежны давер да Божага Провіду перамаглі ўсялякія беды і цяжкасці.

Зыгмунт Шчэнсны атрымаў матэматычную адукацыю ва універсітэце ў Маскве і гуманітарную ў Сарбоне і ў Калеж дэ Франс. У 29 гадоў ён паступіў у духоўную семінарыю ў Жытоміры; далейшую фармацыю праходзіў у Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, дзе і атрымаў святарскае пасвячэнне. Натхнёны духам міласэрнасці, святар заснаваў прытулак для сіротаў і бедных і манаскую кангрэгацыю пад назваю Сям’я Марыі, каб сёстры, прысвячаючы сябе Богу і Касцёлу, служылі тым, хто жыве ў патрэбе. Адначасова ён выконваў абавязкі духоўнага айца семінарыстаў і выкладаў у акадэміі.

У 1862 годзе Папа Пій ІХ прызначыў Зыгмута Шчэнснага арцыбіскупам Варшавы. Дыяцэзіяй кіраваў толькі 16 месяцаў. Пасля выбуху паўстання 1863 года арцыбіскуп выступіў у абарону прыгнечаных, чым настроіў супраць сябе ўлады царскай Расіі. Па гэтай прычыне ён быў сасланы на выгнанне ў Яраслаўль, дзе правёў 20 гадоў. Тут, на выгнанні, ён вызначаўся святасцю жыцця, прысвячаў сябе малітве, апостальству і справам міласэрнасці.

Пасля вяртання з выгнання апошнія гады яго жыцця былі прысвечаныя душпастырскай, адукацыйнай і грамадскай працы ў Дзвіначцы на ўкраінскім Падоле. Арцыбіскуп Шчэнсны-Фялінскі памёр 17 верасня 1895 года ў Кракаве ў арэоле святасці. У 2002 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ узнёс яго да хвалы алтара, абвясціўшы благаслаўлёным.

Арцыбіскуп Зыгмунт Шчэнсны-Фялінскі быў вялікім шанавальнікам Марыі. Усё жыццё ён Яе ўшаноўваў, любіў і наследаваў, прагнучы гэтак жа, як Яна, верна служыць Богу і бліжняму. У марыйнай пабожнасці арцыбіскупа Фялінскага важнае месца займаў Ружанец. Любоў да гэтай малітвы ён вынес з бацькоўскага дому. Выязджаючы на вучобу ў далёкую, невядомую дарогу, ён узяў з сабою ружанец і ніколі з ім не расставаўся. Праз некаторы час ён уключыў у свой біскупскі герб, як адзін з яго элементаў, дзесятак ружанцовых пацерак. Знаходзячыся на пасадзе біскупа, ён самааддана, словам і прыкладам, пашыраў пашану да Найсвяцейшай Маці, ажывіў ружанцовае набажэнства. На высылцы, у Яраслаўлі, ён атуляў ружанцоваю малітваю ўсіх, каго любіў. Пасля вяртання з высылкі, падчас побыту ў Дзвіначцы, ружанец стаў для Зыгмунта Шчэнснага не толькі прыватнаю формаю малітвы, але таксама сродкам яго апостальства. Біскуп збіраў вернікаў на набажэнствы, падчас якіх чыталі ружанцовую малітву. Доказам любові арцыбіскупа Фелінскага да Марыі і ружанцовай малітвы з’яўляецца той факт, што падчас заснавання ў Пецярбургу супольнасці Сям’і Марыі ён наказаў сёстрам штодзённа чытаць Ружанец і афіцый Маці Божай, а таксама заахвочваў іх наследаваць нябачныя цноты Найсвяцейшай Сям’і.

Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі павялічваецца і развіваецца і ў наш час. Цяпер у ёй 1200 сясцёр, якія працуюць у 150 законных дамах у Польшчы, Бразіліі, Італіі, Беларусі, Украіне і Расіі. Згодна з харызматам, сёстры займаюцца выхаваннем дзяцей у дзіцячых дамах і выхаваўчых установах, а таксама выконваюць апякунскую і апостальскую працу ў парафіях. Асноўнаю рысаю духоўнасці кангрэгацыі, якую перадаў яе заснавальнік, з’яўляецца дух пакоры і прастаты, у святле якога сёстры будуюць свае адносіны да Бога і людзей, ва ўсім выконваючы Божую волю і бязмежна давяраючы Божаму Провіду. Самым дасканалым прыкладам святасці для кожнай сястры ў адданні Богу, Касцёлу і вялікай чалавечай сям’і з’яўляецца Марыя, пакорная Слуга Пана, апякунка кангрэгацыі. Абапіраючыся на традыцыю, кангрэгацыя чэрпае духоўнае натхненне ад францішканскай сям’і. У святога Францішка сёстры вучацца жыць у братэрстве з усімі людзьмі, захоўваць добрыя стасункі са светам, быць самаахвярнымі, а таксама вучацца браць прыклад з Хрыста беднага, паслухмянага і ўкрыжаванага. Пакліканне да службы Божай Францішканак Сям’і Марыі — гэта заклік да супрацоўніцтва з Хрыстом у пашырэнні Яго Валадарства на зямлі.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця