Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чацвер — шосты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 9, 1–13

Кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю

Чытанне кнігі Быцця.

Благаславіў Бог Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: Пладзіцеся, і памнажайцеся, і напаўняйце зямлю. І няхай страх і боязь перад вамі маюць усе жывёлы зямныя, і птушкі нябесныя, і ўсё, што рухаецца па зямлі, і рыбы марскія. Яны аддадзены ў рукі вашыя. Усё, што рухаецца і жыве, будзе вам ежай, як і зялёныя расліны; Я даў вам усё. Толькі цела з жыццём ягоным, што ў крыві, не ешце. Бо за кроў жыццяў вашых Я спаганю з кожнай жывёлы; а з рукі чалавека і з рукі кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека.

Хто пралье чалавечую кроў, кроў таго будзе праліта чалавекам; бо чалавек створаны на вобраз Божы.

А вы пладзіцеся і памнажайцеся, засяляйце зямлю і размнажайцеся на ёй.

Так сказаў Бог Ною і сынам ягоным, якія былі з ім, кажучы:

Вось Я ўстанаўлю запавет Мой з вамі і з вашым патомствам пасля вас, і з кожнаю жывою душою, якая з вамі, з птушкамі, жывёлай і ўсімі звярамі зямнымі, якія з вамі — з усім, што сыдзе з каўчэга, з усім, што жыве на зямлі. Устанаўлю запавет Мой з вамі; і больш ніколі воды патопу не заб’юць усялякага цела, і не будзе больш патопу, які спусташае зямлю.

І сказаў Бог: Вось знак запавету, які Я ўстанаўлю на вечныя пакаленні паміж Мною і вамі, і кожнаю жывою душою, якая з вамі: кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 102 (101), 16–18. 19–21. 29 і 22–23 (Р.: 20b)

Рэфрэн: Пан з нябёсаў глядзіць на зямлю.

16. Народы будуць баяцца Твайго імя, Пане, *
і ўсе зямныя каралі — Тваёй славы,
17. таму што Пан адбудуе Сіён і з’явіцца ў сваёй славе. *
18. Звернецца да малітвы бездапаможных
і не пагардзіць іхняй просьбай.

Рэфрэн:

19. Будзе запісана гэта для наступнага пакалення, *
і народ, які створыцца, праславіць Пана.
20. Таму што Пан глядзіць з вышыні сваёй святыні, †
з нябёсаў глядзіць на зямлю, *
21. каб пачуць стагнанні вязняў і вызваліць сыноў смерці.

Рэфрэн:

29. Сыны слугаў Тваіх будуць жыць бяспечна, *
а іхняе патомства будзе непахісна трываць
перад Тваім абліччам,
22. каб на Сіёне абвяшчаць імя Пана †
і хвалу Яго — у Ерузалеме, *
23. калі народы і валадарствы збяруцца разам,
каб служыць Пану.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Як 2, 1–9

Ці ж не Бог выбраў бедных? А вы пагардзілі бедным

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы. Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы, і вы пагледзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: Ты сядай тут, на добрае месца, — а беднаму скажаце: Ты стань там, — ці: Сядай тут, каля падножжа майго, — то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?

Паслухайце, браты мае ўмілаваныя. Ці ж не Бог выбраў бедных свету багатымі вераю і спадкаемцамі Валадарства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго? А вы пагардзілі бедным. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, ці не яны цягнуць вас у суды, ці не яны ганьбяць добрае імя, якім вы названы? Калі выконваеце каралеўскі закон паводле Пісання: Любі бліжняга свайго, як самога сябе, — вы робіце добра. Калі ж зважаеце на асобы, то чыніце грэх, а Закон асуджае вас як злачынцаў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7  (Р.: 7а)

Рэфрэн: Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Ян 6, 63c. 68c
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Твае словы, Пане, ёсць духам і жыццём;
Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 8, 27–33

Ты — Хрыстус… Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем,  другія —  Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на  трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 28.01.2010 17:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.