Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Серада — першы звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 2, 14–18

Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Езус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць, д’ябла,  каб збавіць тых, хто ўсё жыццё быў заняволены страхам перад смерцю. Бо, сапраўды, Ён дапамагае не анёлам, а патомству Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным і верным першасвятаром у справах Божых для ўміласціўлення за грахі народа. Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 105 (104), 1–2. 3–4. 6–7. 8–9 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.
Або: Аллелюя.

1. Слаўце Пана, заклікайце імя Яго, *
абвяшчайце справы Яго сярод народаў.
2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.

Рэфрэн:

3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.
4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

8. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
9. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Сам 3, 1–10. 19–20

Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Малады Самуэль служыў Пану пад наглядам Элія. У тыя дні рэдка прамаўляў Пан, аб’яўленні не былі частыя. І сталася ў пэўны дзень, калі Элій спаў на сваім месцы, – вочы яго пачалі ўжо заплюшчвацца, і не мог бачыць, — і светач Божы яшчэ не пагас. Самуэль жа спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль!

Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі. Самуэль яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму. Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць! А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Гавары, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой.

Самуэль рос, а Пан быў з ім. Не дазволіў Самуэль ніводнаму Яго слову ўпасці на зямлю. І ўвесь Ізраэль ад Дана да Бээр-Шэбы даведаўся, што Самуэль быў устаноўлены прарокам Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 40 (39), 2 і 5. 7–8а. 8b–10  (Р.: пар. 8а і 9а)

Рэфрэн: Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.

2. Я цвёрда спадзяваўся на Пана, *
і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык.
5. Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана, *
і не звяртаецца да ганарыстых і схільных да маны.

Рэфрэн:

7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.

Рэфрэн:

У пачатку кнігі напісана пра мяне: *
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю,
і Твае законы *
жывуць у сэрцы маім.

Рэфрэн:

10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе,
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 1, 29–39

Аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і падняў яе, узяўшы за руку. І прайшла ў яе гарачка; і яна пачала служыць ім.

Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. І ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён кажа ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.

І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 15.01.2010 13:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.