Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
19 сакавіка — урачыстасць св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Сам 7, 4–5а. 12–14а. 16

Дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан скіраваў да Натана наступныя словы: Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: так кажа Пан: Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам.

І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 89 (88), 2–3, 4–5. 27 і 29 (Р.: 37а)

Рэфрэн: Яго патомства будзе трываць вечна.

2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, †
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць *
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.

Рэфрэн:

4. Я заключыў запавет з выбраным Маім, *
прысягнуў Давіду, слузе Майму:
5. Навекі ўмацую патомства тваё *
і трон твой устанаўлю з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і скала збаўлення майго.
29. Навекі захаваю для яго Маю міласэрнасць, *
і будзе непахісным запавет Мой з ім.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 4, 13. 16–18. 22

Насуперак надзеі, паверыў з надзеяй

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Абяцанне Абрагаму і патомству ягонаму, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не Законам, але праз справядлівасць веры. А праз веру, каб яно было дарам ласкі, каб яно было пэўным для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас — як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў – перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе мёртвых і кліча да існавання тое, чаго не існуе. Абрагам, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: Такое будзе патомства тваё.

Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, Слова Божае.
Пс 84 (83), 5
Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, Пане,
яны будуць праслаўляць Цябе вечна.

Акламацыя: Хвала Табе, Слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 1, 16. 18–21. 24а

Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Якуб быў бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 05.03.2010 18:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.