Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Серада — ІІ Тыдзень Вялікага посту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 18, 18–20

Прыйдзіце, пераможам яго

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Сказалі: Прыйдзіце, прыдумаем штосьці супраць Ераміі. Бо не знікне закон у святара, ні парада ў мудраца, ні слова ў прарока. Прыйдзіце, пераможам яго языком і не будзем зважаць на ўсе ягоныя словы.

Паслухай мяне, Пане, і пачуй голас маіх праціўнікаў. Ці ж плацяць злом за дабро? А яны выкапалі для мяне яму. Успомні, як я стаяў перад Табою, каб добра сказаць пра іх, каб адвярнуць ад іх Твой гнеў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 31 (30), 5–6. 14. 15–16 (Р.: 17b)

Рэфрэн: Збаў мяне, Пане, у сваёй ласкавасці.

5. Выцягні мяне з сеткі, якую патаемна паставілі на мяне, *
бо Ты мая цвярдыня.
6. У рукі Твае аддаю я дух мой; *
Ты мяне адкупіў, Пане, Божа верны.

Рэфрэн:

14. Бо чую пагалоскі многіх; *
страх навокал,
яны змаўляюцца супраць мяне, *
задумваюць забраць маё жыццё.

Рэфрэн:

15. Спадзяюся на Цябе, Пане, *
я кажу: Ты мой Бог.
16. У Тваіх руках дні мае, *
вызвалі мяне з рук ворагаў маіх і ганіцеляў.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Ян 8, 12
Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 20, 17–28

Асудзяць Яго на смерць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім: Вось мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. І яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён уваскрэсне.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі і пакланілася, каб папрасіць Яго аб нечым.

Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш?

Яна адказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе.

Езус сказаў у адказ: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?

Яны кажуць Яму: Можам.

І кажа ім: Келіх мой будзеце піць, але не Я даю дазвол сесці праваруч ці леваруч Мяне, бо гэта прызначана для тых, каму падрыхтаваў Айцец Мой.

Калі пачулі дзесяць вучняў, яны абурыліся на двух братоў. А Езус паклікаў іх і сказаў: Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі і вяльможы маюць уладу над імі. Няхай не так будзе сярод вас. Але, хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым.

Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 15:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.