Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пятніца — IІ Тыдзень Вялікага посту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц 37, 3–4. 12–13а. 17b–28

Вось ідзе той, які бачыць сны. Хадземце цяпер і заб’ём яго

Чытанне кнігі Быцця.

Ізраэль любіў Юзафа больш за ўсіх сваіх сыноў, бо ён быў сынам, народжаным у ягонай старасці. І зрабіў яму доўгую рознакаляровую вопратку. Браты ж ягоныя ўбачылі, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў ягоных, і ўзненавідзелі яго так, што не маглі нават спакойна размаўляць з ім.

І пайшлі браты ягоныя пасвіць статкі бацькі свайго ў Сіхем. Ізраэль жа сказаў Юзафу: Ці не пасвяць браты твае ў Сіхеме? Ідзі, я пасылаю цябе да іх. І пайшоў Юзаф за сваімі братамі, і знайшоў іх у Датаіне.

Яны ўбачылі яго здалёк і, перш чым ён наблізіўся да іх, змовіліся забіць яго. Яны гаварылі адзін аднаму: Вось ідзе той, які бачыць сны. Хадземце цяпер і заб’ём яго, і кінем яго ў якую-небудзь яму, і скажам: Дзікі звер з’еў яго. Тады паглядзім, што будзе з ягонымі снамі.

Калі пачуў гэта Рубэн, выратаваў яго з рук іхніх, кажучы: Не будзем губіць жыцця ягонага. І сказаў ім Рубэн: Не пралівайце крыві, але кіньце яго ў гэту яму, што ў пустыні, і не падымайце на яго сваіх рук. А сказаў гэта, таму што хацеў выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць ягонаму бацьку.

Калі ж Юзаф прыйшоў да сваіх братоў, яны знялі з Юзафа шаты, рознакаляровую вопратку, якая была на ім. Пасля схапілі яго і кінулі ў яму. Яма ж была пустая, і ў ёй не было вады.

Пасля селі з’есці хлеба. І падняўшы вочы свае, убачылі караван ізмаэлітаў, якія ішлі з Гілеаду, і вярблюдаў іхніх, якія неслі жывіцу, бальзам і ладан. Ішлі яны ў Егіпет. Тады сказаў Юда братам сваім: Якая карысць нам, калі мы заб’ём брата свайго і схаваем ягоную кроў? Хадземце, прададзім яго ізмаэлітам і не будзем падымаць на яго сваіх рук, бо гэта брат наш і наша цела. І браты паслухаліся яго.

Калі мадыянскія купцы праходзілі побач, яны выцягнулі Юзафа з ямы і прадалі яго ізмаэлітам за дваццаць срэбранікаў, а тыя павялі Юзафа ў Егіпет.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 105 (104), 16–17. 18–19. 20–21 (Р.: 5а)

Рэфрэн: Памятайце пра цуды, якія ўчыніў Пан.

16. Пан выклікаў голад на зямлі *
і знішчыў увесь хлеб.
17. Паслаў перад імі чалавека: *
Юзафа, якога прадалі ў няволю.

Рэфрэн:

18. Кайданамі сціснулі ягоныя ногі, *
жалезам скавалі ягоную душу,
19. пакуль не збылося ягонае слова, *
ачысціла яго слова Пана.

Рэфрэн:

20. Паслаў кароль — і адпусцілі яго, *
вызваліў яго валадар народаў.
21. Паставіў яго гаспадаром свайго дому, *
кіраўніком усёй сваёй маёмасці.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Ян 3, 16
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага,
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 21, 33–43. 45–46

Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. І намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 15:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.