Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Серада — І Тыдзень Вялікага посту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ён 3, 1–10

Нінівіцяне адышлі ад злога шляху свайго

Чытанне кнігі прарока Ёны.

Пан звярнуўся да Ёны другі раз, кажучы: Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і скажы ім тое, што Я табе наказаў. І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву, паводле слова Пана.

Нініва ж была вялікім горадам у Бога: на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе столькі, колькі можна было прайсці за адзін дзень, і ўсклікаў, кажучы: Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе збурана.

І паверылі нінівіцяне ў Бога, і абвясцілі пост, і апрануліся ў мяхі, ад старэйшага аж да малодшага.

Калі дайшло гэтае слова Пана да караля Нінівы, ён устаў са свайго пасаду і скінуў з сябе плашч свой, і апрануўся ў мех, і сеў на попеле. І загадаў, каб у Нініве, паводле загаду караля і вяльможаў ягоных, абвясцілі: Няхай ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні статкі не каштуюць нічога, а таксама не пасвяцца і не п’юць. Але няхай апрануцца ў мяхі людзі і жывёлы і моцна ўсклікаюць да Пана, і няхай кожны адвернецца ад злога шляху свайго і ад насілля, што ў руках іхніх. Хто ведае, можа, Бог змілуецца, і даруе, і адверне свой гнеў, і мы не загінем.

І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог, што сказаў пра няшчасце, якое спашле ім, і не спаслаў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 51 (50), 3–4. 12–13. 18–19  (Р.: 19b)

Рэфрэн: Сэрцам пакорным Ты не пагарджаеш.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:

18. Бо Ты не прагнеш ахвяры, *
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
19. Ахвяра для Бога — дух пакорны,
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Ёэл 2, 12–13
Звярніцеся да Бога вашага ўсім сваім сэрцам,
бо Ён ласкавы і міласэрны.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 11, 29–32

Гэтаму пакаленню не будзе дадзена знаку, апроч знаку Ёны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 15:08
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.