Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Вялікі чацвер

28 сакавіка 2013 г., мінская архікатэдра

Святар — галоўны прамоўтар новай евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры

Глыбокапаважаныя святары!

1. Традыцыйна звяртаюся да вас у Вялікі чацвер, у дзень, калі мы асаблівым чынам перажываем дар Эўхарыстыі і святарства, які Хрыстус перадаў свайму Касцёлу. У гэты дзень святарства мы з удзячнасцю Богу сваімі думкамі вяртаемся да нашага паклікання, святарскай фармацыі і пасвячэння; мы таксама глыбей асэнсоўваем нашу святарскую тоеснасць, пачуццё святарскага братэрства і служэнне ў Касцёле.

Сёння распачынаецца Пасхальны Трыдуум, які займае першае месца ў літургіі ўсяго года. Менавіта літургія гэтых трох дзён вядзе нас да спаткання з церпячым, укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом з мэтай аднавіць у нас ласку хросту і ўчыніць новымі людзьмі. Пасхальны Трыдуум таксама заклікае нас быць больш дбайнымі ў справе евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла і нашай святарскай місіі.

2. На сучасным этапе жыцця і развіцця Касцёла Дух Святы і ўсё большыя праяўленні секулярызацыі сучаснага свету ўсё мацней і мацней усведамляюць нам неабходнасць новай евангелізацыі, гэта азначае новага абвяшчэння Добрай Навіны тым, хто забыўся аб Хрысце, Яго не ведае або чыя вера аслабла.

Новая евангелізацыя патрабуе некалькіх фактараў. Яна патрабуе новага евангелізацыйнага і місійнага запалу, які распачынаецца ад навяртання сэрца, аб чым, між іншым, шмат гаварылася на Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыі, які адбыўся ў кастрычніку мінулага года. Патрабуе яна і выкарыстання новых метадаў у абвяшчэнні керыгмы веры і актыўнага ўдзелу свецкіх, перадусім праз сведчанне іх асабістага жыцця.

Новая евангелізацыя не абмяжоўваецца новымі метадамі, новымі школамі евангелізацыі, новымі сродкамі масавай камунікацыі ці новымі евангелізацыйнымі акцыямі. Не завяршаецца яна на змене ці трансфармацыі евангелізацыйных структур і індыкатарам яе эфектыўнасці не з’яўляюцца сацыялагічныя даследаванні. Гэта ўсё не што іншае, як інструменты і сродкі, якія патрэбныя. Але яны, у сваю чаргу, патрабуюць распазнання «знакаў часу», каб гэтыя «новыя» метады не былі пустымі і каб новым спосабам не паўтаралі старых памылак. Бог не глядзіць на вялікія лічбы і вонкавыя поспехі, але дасягае сваёй перамогі ў пакорным знаку гарчычнага зярнятка, — кажа папа Бэнэдыкт XVI.

Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі нагадаў, што евангелізацыя з’яўляецца заклікам да асабістага спаткання з Хрыстом. Яна таксама з’яўляецца навяртаннем, якое звязана з самакрытычным асабістым пытаннем: чаму маё хрысціянскае сведчанне не пераконвае іншых? Справа ідзе не толькі аб асабістым навяртанні, але і аб верыфікацыі нашай веры, хрысціянскага жыцця і сведчання, святарскага служэння, каб не паўтараць старых памылак і не аслабляць верагоднасць евангелізацыі.

Эфектыўны адказ на выклікі новай евангелізацыі ў першую чаргу будзе залежаць не ад арыгінальнасці ці навізны сродкаў або метадаў, хаця яны таксама вельмі важныя, але ад глыбіні нашых святарскіх асабістых адносін з Хрыстом, ад нашага трывання ў Ім (пар. Ян 15, 5) і ад якасці нашага супольнага жыцця ў Касцёле, гэта азначае ад якасці кіравання парафіяй, ад любові да людзей і ад святарскага сведчання.

3. Праблема адыходу ад веры і неэфектыўнасці евангелізацыі з’яўляецца эклезіяльнай праблемай, у якой справа ідзе аб уменні ці няўменні будавання Касцёла як сапраўднай супольнасці, а не як бездухоўнай машыны ці фабрыкі. Таму пакліканне да новай евангелізацыі — гэта перадусім ласка і шанс нам, святарам, умацаваць нашу веру, перадаць яе іншым і паглыбіць адносіны з вернікамі ў нашых парафіяльных і дыяцэзіяльных супольнасцях.

Умовай эфектыўнасці новай евангелізацыі ёсць аб’яднаная са сваім біскупам супольнасць святароў і свецкіх. Таму ад кожнага з нас і нашага падпарадкавання дзеянню Святога Духа залежыць будучыня Касцёла.

4. Сінод Біскупаў звярнуў асаблівую ўвагу на пастырскае вымярэнне святарскага служэння. Святар, падкрэсліў Сінод, з’яўляецца першым прамоўтарам новай евангелізацыі.

Пакліканы быць для свету жывой іконай поўнага моцы і адвагі абвяшчэння Добрай Навіны, святар не можа маўчаць, калі ў сучасным свеце Евангелле перастае быць Добрай Навіной і ўсё больш і больш праяўляецца пазахрысціянскі спосаб мыслення і жыцця, які вядзе да рэлігійнай абыякавасці і дыктатуры маральнага рэлятывізму, да культу спажывецтва, нячуласці на чужыя беды і адсутнасці салідарнасці, да жыцця так, як быццам Бог зусім не існуе. Справа абвяшчэння Евангелля ў нашым святарскім жыцці павінна быць пастырскім імператывам, якога нельга пазбягаць.

5. У евангелізатарскай місіі святары, адказваючы на выклікі часу, найперш пакліканы адказваць на выклікі іх асабістага жыцця. Калі мы будзем здольны іх бачыць і на іх адказваць, то таксама будзем здольнымі бачыць і адказваць на выклікі, якія стаяць перад светам.

Першаснай справай у часы наступаючага секулярызму з’яўляецца ўсвядоміць, што азначае быць святаром сёння. Святарства не з’яўляецца ні дасягненнем чалавека, ні яго правам, але Божым дарам тым, хто пакліканы да яго. Калі мы забудземся аб гэтым фундаментальным вымярэнні святарства, то ўсё іншае будзе толькі вялікім непаразуменнем і святар стане чыноўнікам, а не слугою Бога, Касцёла і людзей, які дзейнічае ўладаю Хрыста.

Прыняцце гэтага сцвярджэння дазваляе паставіць святара ў адпаведным месцы ў адносінах да той рэчаіснасці, якая ёсць першаснай прычынай яго існавання — да Эўхарыстыі. Сапраўды вялікім выклікам з’яўляецца разуменне нас саміх у адносінах да таямніцы, якую цэлебруем і якая з кожнага святара чыніць слугу Хрыста. Эўхарыстыя ёсць невычэрпным дарам, дадзеным для Касцёла і святара, і таму яна заслугоўвае пашаны без права распараджацца ёю, як быццам бы яна была нашай уласнасцю. Уся паслуга святара павінна характарызавацца стаўленнем на першым месцы не сваёй асобы са сваімі меркаваннямі, але асобы Хрыста.

Святарства вырастае з Эўхарыстыі і існуе найперш для Эўхарыстыі.

Нездарма Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі адзначыў, што літургія Касцёла, гэта азначае і Эўхарыстыя, з’яўляецца па сваёй прыродзе евангелізацыйнай. Урачыстая цэлебрацыя літургіі — гэта першасны інструмент новай евангелізацыі. Літургія аб’яўляе чалавеку прыгажосць Бога, таму яна павінна быць такой, каб узносіць сэрцы людзей угору. Літургія — гэта не чыста чалавечая акцыя, але спатканне з Богам, якое вядзе да паглыблення адносін з Ім. У гэтым сэнсе літургія з’яўляецца найлепшай школай веры.

Далей, нам неабходна прааналізаваць справу нашага служэння. Недастаткова толькі дакладна дзяжурыць у сакрыстыі ці цэлебраваць сакрамэнты, каб потым належаць толькі самім сабе, як быццам мы прыходзім у касцёл, як на працу. Святар не працуе, але служыць, служыць Богу, Касцёлу і людзям. Таму святар ніколі не належыць самому сабе. Ён належыць Хрысту. Людзі павінны бачыць нашу руплівасць, праз якую мы даём верагоднае сведчанне Евангелля, — навучае папа Бэнэдыкт XVI. Калі мы забываемся аб гэтым, то абясцэньваем дар святарства, заданнем якога ёсць весці чалавека да Бога.

Мы таксама павінны памятаць аб тым, што людзі давяраюць нам, як тым, якія вядуць іх дарогай збаўлення. Нам не дазволена страціць гэтага даверу. Нельга таксама праз неадпаведны і нязгодны са святарствам чын ці дзеянне падарваць у іх веру ў святарства, якое як дар мы атрымалі ад Езуса. Мы павінны ўмець бачыць у святарстве неацэнны евангелічны скарб, за які можна аддаць усё.

Мінска-Магілёўскі Касцёл патрабуе сапраўдных, адданых Богу і служэнню людзям, а таксама аб’яднаных паміж сабой святароў, якія твораць адзіны прэзбітэрый нашай архідыяцэзіі. Мы розныя па характары, здольнасцях, тэмпераменце, можа, нават і поглядах, амбіцыях і чаканнях. Але ў той жа час мы павінны быць адзінымі, бо належым да аднаго святарства Езуса Хрыста, і ў адзінстве наша сіла, каб адзіным сэрцам і адзінымі вуснамі абвяшчаць Евангелле збаўлення для перадачы і ўмацавання веры.  

6. Дарагія святары!

Віншую ўсіх вас са святам устанаўлення Эўхарыстыі і святарства! Дзякую за вашу адданую і ахвярную працу. Дзякую дыяцэзіяльным святарам і законным. Дзякую мясцовым і тым, хто прыбыў служыць у Касцёле на Беларусі з-за мяжы, што ёсць знакам праяўлення салідарнасці і супольнай адказнасці за лёс Касцёла. Ваша сумесная праца з’яўляецца багаццем нашага Касцёла.

З новым запалам працягвайце ваша служэнне, будзьце сапраўднымі прамоўтарамі новай евангелізацыі, на якую асаблівую ўвагу звяртае таксама і новы Пантыфік Францішак, выконвайце такую важную перад абліччам рэлігійнайга анальфабэтызму місію навучання, памятаючы, што мы з’яўляемся толькі інструментам у руках Хрыста і абвяшчаем не сваю, але Ягоную навуку. Ён жа жадае, каб кожны чалавек асабіста спаткаўся з Ім, каб атрымаў і ўмацоўваў дар веры, каб прабудзіўся з духоўнага летаргічнага сну і вылечыўся ад духоўнай слепаты.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці святароў — на далейшае плённае служэнне ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

 

Выкарыстаныя крыніцы:

1. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/
2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20120405_messa-crismale_it.html

2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies
/2012/documents/hf_ ben-xvi_hom_20120405_messa-crismale_it.html

3. Synod of Bishops. XIII Ordinary General Assembly. The New Evangilization For The Transmission Of The Christian Faith. Lineamentа. Vatican City 2011(Lineamenta)

4. Synodus Episcoporum. XIII Caetus Generalis Ortdinaius. Nova Evangelizatio Ad Christianam Fidei Tradendam. Elenchus propositiones. E Civitate Vaticana 2012 (Elenchus).

 

Адноўлена 28.03.2013 18:12
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме