Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
90-гадовы іспанец будуе касцёл уласнымі рукамі
18.07.2016 17:43

Хуста Галега Марцінес нарадзіўся ў сям'і сялян у 1925 годзе. Ва ўзросце 36 гадоў ён пачаў узводзіць касцёл уласнымі рукамі — у гонар Дзевы Марыі — і працягвае гэта рабіць ужо 55-ы год запар.

Дзяцінства хлопца прыпала на грамадзянскую вайну ў Іспаніі. Калі яму было 10 гадоў, ён бачыў, як камуністы забівалі святароў і разрабавалі касцёл у ягоным мястэчку.

Ва ўзросце 28 гадоў ён стаў манахам-трапістам, аднак праз восем гадоў цяжка захварэў на туберкулёз і не мог прытрымлівацца суровых правіл ордэна. У 1961 годзе ён быў вымушаны пакінуць супольнасць і вярнуцца да свецкага жыцця.

Ён паабяцаў, што ў выпадку выздараўлення пабудуе святыню ў гонар Дзевы Марыі дэль Пілар, якой ён маліўся. І, як толькі Дон Хусто ўстаў на ногі, то, выконваючы абяцанне, адразу пачаў будаваць касцёл на зямлі сваіх продкаў.

«Усе лічылі мяне вар'ятам. Яны не верылі, што я магу быць настолькі цвёрдым у сваёй справе. Я даказаў ім, што яны памыляліся», — сказаў ён аднойчы ў інтэрв'ю.

Хуста Галега Марцінес не мае вялікіх прыбыткаў, таму будуе з тых матэрыялаў, якія яму ахвяруюць. Не выкарыстоўвае ён і будаўнічых кранаў. Пры гэтым касцёл атрымаўся даволі вялікі — 20 на 50 метраў з вышынёй купала 40 метраў.

Часам яму дапамагаюць мясцовыя жыхары, валанцёры, а таксама шэсць пляменнікаў.

«Калі я гляджу на касцёл, радасць напаўняе мяне. Гэта самы відавочны доказ таго, на што можа натхніць вера... Мабыць, не атрымаецца скончыць касцёл пры маім жыцці, тут столькі ўсяго трэба яшчэ зрабіць. Спадзяюся, што нехта пасля маёй смерці паклапоціцца пра мой касцёл. А мяне няхай у ім і пахаваюць», — кажа былы манах, 91-гадовы будаўнік, які ўсё жыццё аддаў Панне Марыі.

Аляксандр Гелагаеў паводле Kulturologia.ru

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.