Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Карэі з’явіўся аўтобус Міласэрнасці
30.03.2016 11:46

Незвычайны аўтобус Міласэрнасці адправіўся ў гэтыя дні на вуліцы Сеула. Кіруе ім кс. Вінчэнцо Бардо, італьянскі місіянер, адказны за сталовыя і начлегі для бяздомных у сталіцы Карэі. Кожны дзень такія цэнтры наведвае каля паўтысячы беспрытульных.

Бяздомныя, якія прыходзілі ў сталовыя і начлегі, распавялі місіянеру аб дзецях вуліцы, якія засталіся без апекі, і жанчынах — ахвярах прастытуцыі і гандлю людзьмі.

У адказ на гэтыя расповеды кс. Вінчэнцо Бардо арэндаваў аўтобус і кожную ноч ездзіць на ім з валанцёрамі ў найбольш небяспечныя рэгіёны сталіцы.

«На нашым аўтобусе намаляваны лагатып Юбілейнага Года Міласэрнасці, а кожны пасажыр праходзіць праз аўтаматычныя Святыя Дзверы», — распавядае місіянер Кангрэгацыі Аблатаў Беззаганнай Панны Марыі.

Святар падкрэслівае, што праходжанне праз Святыя Дзверы — гэта не знешні пусты жэст, як гэта можа здацца на першы погляд: ён прадугледжвае атрыманне канкрэтнай падтрымкі.

«Юбілей заклікае нас здзяйсняць справы міласэрнасці, і мы робім іх у гэтым аўтобусе», — заўважае місіянер.

Валанцёры на аўтобусе прывозяць ежу галодным, лекі хворым, вопратку бедным, а людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе, часта аказваюць прафесійную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.  

Многія дзеці і жанчыны, якія селі ў аўтобус, затым адправіліся ў спецыяльныя цэнтры па дагляду.

«Гэта наш спосаб перажывання Года Божай Міласэрнасці, выхад з перыферыі, якой для многіх патрабуючых і так з’яўляюцца нашы цэнтры для бяздомных, на больш далёкія абшары галечы і пакінутасці», — падкрэслівае кс. Вінчэнцо Бардо.

Паводле Kai.pl,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.