Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва Удмурціі асвяцілі святыню, пабудаваную на сродкі «Буранаўскіх бабуль»
01.02.2016 13:00

«Буранаўскія бабулі» адкрылі у сяле Буранаве (Удмурція) святыню, якую пабудавалі на ўласныя ганарары. Паводле слоў удзельніц калектыва, менавіта будаўніцтва святыні ў свой час падштурхнула іх да выступленняў на вялікай сцэне.

Святыню асвяцілі ў гонар Святой Тройцы, першае багаслужэнне ў ёй адбылося восенню 2015 года.

«Нарэшце па сяле разнёсся гул званоў, цяпер наша царква адчынена. У нас ужо можна прымаць хрост і вянчацца, і нават з’явілася чарга з жадаючых», — распавяла мастацкі кіраўнік калектыву Вольга Туктарова.

На першую службу прыйшлі сотні чалавек. Падчас службы прагучалі малітвы не толькі на рускай, але і на ўдмурцкай мове.


У цэлым у будаўніцтва святыні «Буранаўскія бабулі» ўклалі ўжо каля 16 мільёнаў расійскіх рублёў. Наперадзе яшчэ добраўпарадкаванне тэрыторыі каля святыні і ўсталяванне агароджы.


***
Аб тым, як будавалі святыню, расказала прадзюсар калектыву Ксенія Рубцова, а адна з «буранаўскіх бабуль» Наталля Пугачова падзялілася ўспамінамі пра мінулае і распавяла, як складваецца яе жыццё сёння.

Ксенія Рубцова:

— Ідэя адрадзіць царкву ў родным сяле прыйшла бабулям. Яны даўно вялі размовы пра тое, што было б нядрэнна пабудаваць святыню ў Буранаве на месцы разбуранай у канцы 1940-х гадоў. Некаторых бабуль у ёй нават паспелі ахрысціць. А калі яны зразумелі, што песнямі, выступленнямі на сцэне можна зарабляць грошы, то перайшлі ад слоў да справы.

Пры распрацоўцы праекта былі ўлічаны пажаданні бабуль. Яны хацелі невялікую царкву, вельмі простую, як яны самі. Прычым новая святыня — копія разбуранай. Там, дзе раней была царква, сёння знаходзіцца мемарыял воінам, загінулым у Вялікай Айчыннай вайне. Таму новую святыню пабудавалі ў новым месцы.

Наталля Пугачова:

— Пра Бога мне расказвала мама. Тата мой загінуў на фронце. Я яшчэ зусім маленькая была. А мама мяне нават ахрысціць паспела ў старой царкве. Я яе не памятаю, але мама казала, якая яна была прыгожая.


У нас у сяле кажуць: хто святыню разбіраў, а пасля з яе цэглы нафтавую кантору пабудаваў — усе хутка або ад хваробы памерлі, або іх першымі на фронце забіла. Добра, іконы і кнігі святыя людзі выратаваць паспелі, па дамах схавалі. Цяпер усе яны ў новай царкве будуць.

— Вы ўбачылі розныя гарады свету; што асабліва здзівіла, што адрозніваецца ад знаёмага вам жыцця, а што — не?

— Сапраўды, мы шмат дзе пабывалі. У Францыі калі былі, мне больш за ўсё спадабаліся дрэвы. Усе ў кветках — сініх, белых, чырвоных. Такіх нідзе больш не бачыла. Нейкая жанчына ішла, я яе пытаюся: «Ветку адарву, у агародзе пасаджу — расці будзе?» А яна не разумее. Я паказваць стала: быццам ветку ламаю, у зямлю ўтыкаю, а пасля рукі ўсё вышэй і вышэй падымаю. А тая галавой матае, кажа нешта. Тут ужо я яе не разумею.

А ў Баку як мы жылі! Велізарны дом, прыгожы, як у кіно, нам далі — паў-Буранава ў ім змясцілася б. Усё мне ў Баку спадабалася, аднаго толькі не зразумела: навошта такія высокія каменныя платы вакол дамоў паставілі? Людзей баяцца, ці як? У Маскве — і тое такіх вялізных няма.

Калі б мне хто сказаў, калі я падчас вайны аладкі з лебяды ела, ды ў дзевяць гадоў працаваць у калгасе пачала, што пад старасць па свеце ездзіць буду...

Ні дзеці мае, ні ўнукі, ні праўнукі столькі не падарожнічалі, колькі я. Але ўсё ж дом ёсць дом. Хоць у нас і больш сціпла ўсё, і прасцей, але сэрцу мілей.

— Як Вы ўсё паспяваеце — і па гаспадарцы нешта рабіць, і музычную кар’еру?

— Памочнікі ў мяне добрыя — муж Афанасій Афанасьевіч, дзеці, унукі, праўнукі. Усе да нас з дзедам пастаянна прыязджаюць, не забываюцца. А пра кар’еру гэты ты моцна кажаш. Якая кар’ера? Проста спявала і скакала ад душы, і ўсё. І цяпер бы хацела, але здароўе ўжо не тое зусім. Мне ўсё ж 79 гадоў споўнілася.

На фота: новая царква падчас будаўніцтва

— Што ў Вашым жыцці было самым складаным, калі здавалася — не пераадолець, не справіцца? За што ўдзячныя?

— Самае цяжкое — вайна. Не дай Бог камусьці такое перажыць. А ўдзячная я лёсу за тое, што я перажыла гэту страшную вайну, што выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, а цяпер радуюся ўнукам і праўнукам. Ці не гэта шчасце?

***

Ксенія Рубцова:

— Бабулі адразу сказалі, што ім не патрэбныя размаляваныя сцены ў святыні. Таму яны там проста атынкаваныя белыя. Упрыгожваць іх будуць іконы, а іх вельмі шмат. Куды б бабулі ні прыязджалі з канцэртамі, яны абавязкова наведвалі мясцовую царкву або манастыр і, як правіла, не вярталіся адтуль без падарункаў.

Шмат ікон падарылі бабулям іх прыхільнікі. Прычым некаторыя з іх вельмі каштоўныя, як, напрыклад, цудатворная ікона Матроны. Прыклад «Буранаўскіх бабуль» — гэта доказ таго, што ў гэтым жыцці няма нічога немагчымага. Галоўнае — спадзявацца і верыць.

Паводле Аксаны Галаўко, pravmir.ru

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.