Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Канадзе 2 красавіка аб’явілі дзяржаўным Днём Яна Паўла ІІ
09.01.2015 14:04

Канадскія заканадаўцы прынялі рашэнне штогод адзначаць у краіне Дзень Папы Яна Паўла IІ у гадавіну яго смерці — 2 красавіка. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце Канферэнцыі Біскупаў Канады.

«Законапраект С-266, які прызнае святога Яна Паўла II прыкладам чалавечай годнасці і свабоды, — пішуць біскупы, — зараз стаў нацыянальным законам, пасля трэцяга і канчатковага чытання ў Сенаце 16 снежня мінулага года».

Першы ў гісторыі Дзень святога Яна Паўла II будзе адзначацца 2 красавіка 2015 г., у дзясятую гадавіну смерці Караля Вайтылы.

У новым законе падкрэсліваецца, што «Папа Рымскі Ян Павел II атрымаў шырокае прызнанне як асоба, якая пакінула след у гісторыі Рыма-Каталіцкага Касцёла і ўсяго свету, адыграўшы вырашальную ролю ў пашырэнні гармоніі і міру паміж народамі».

Гэты Папа, гаворыцца ў новым законе, «любіў моладзь і актыўна спрыяў арганізацыі Сусветных дзён моладзі, каб натхняць маладых і заахвочваць іх жыць паводле вучэння Хрыста». Далей у тэксце згадваюцца візіты Папы ў Канаду, якія адбыліся ў 1984, 1987 і 2002 гадах, а таксама яго шматлікія апостальскія пілігрымкі і ўклад у «падзенне камунізму ва Усходняй Еўропе». У законе ўдакладняецца, што 2 красавіка не будзе днём вольным ад працы.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.