Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Чаму б і не?»: уршулянкі з Мальты прайшлі ў паўфінал адбору «Еўрабачання»
01.10.2014 12:35

Арцыбіскуп Поль Крэмон благаславіў шэсць уршулянак, якія ўдзельнічаюць у нацыянальным адборы песні «Еўрабачання» ў Мальце, заклікаўшы іх ісці за заклікам Папы Францішка і абвяшчаць свету Евангелле.

Кампазіцыя «Любі і адпусці», выбраная ў 48 песень мальтыйскага паўфіналу, распісвае працу сясцёр з сіротамі ў горадзе Сліма. Пакуль конкурсную песню ўршулянак яшчэ не прэзентавалі шырокай публіцы, што звязана з правіламі адбору на «Еўрабачанне». Пра гэта паведамляе партал timesofmalta.com.

Тлумачачы матывы свайго ўдзелу ў конкурсе, адна з сясцёр прызнаецца, што робяць яны гэта для Касцёла:

«Мы робім гэта для Касцёла і для дзяцей, якім дапамагаем», — дадаўшы, што яны нават пайшлі да ацыбіскупа для благаслаўлення.

«Спачатку мы вагаліся, бо лічылі неразумным нам, манахіням, удзельнічаць у такім конкурсе, як “Еўрабачанне”. Мы адчувалі, што гэта не наша месца. Але пасля змянілі рашэнне: чаму б і не?»

Уршулянкі працавалі над гэтай песняй са жніўня, рэпетыцыі праходзілі пасля святой Імшы і падчас працы з дзецьмі. «Было складана, бо мы не прафесіяналы, але мы прысвячалі гэтаму столькі часу, колькі маглі», — дадаюць сёстры.

Кампазітар Філіп Вела, адзін з самых паспяховых кампазітараў на Мальце, называе песню уршулянак незвычайнай і ўнікальнай, а самі спявачкі прызнаюцца, што песня — «радыё-песня, рэфрэн якой ужо пры другім праслухоўванні хочацца паўтараць».

Фінал мальтыйскага адбору пройдзе ў лістападзе.

Касцёл ці сцэна?

Адметна, што летась на «Еўрабачанне-2013» спрабавала трапіць і трыа святароў з Германіі. З опернай спявачкай Мояй Эрдман яны нават запісалі некалькі песень і выпусцілі свой дыск.

 

Гэта не першае з’яўленне на шырокай публіцы духоўных і кансэкраваных асобаў. У 2013 годзе відэавыступленне італьянскай уршулянкі сястры Крысціны ў вакальным шоу «Голас Італіі» было прагледжана больш за 50 мільёнаў раз. Італьянская манахіня ў выніку стала пераможцай шоў і нядаўна выпусціла свой дэбютны дыск.

 

Падрыхтавалі Аксана Ючкавіч і Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.