Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
100-годдзе кардынала Казіміра Свёнтка адзначаць у Беларусі
Анонсы
21.10.2014 12:35

Урачыстасці, прымеркаваныя да 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, распачынаюцца ў Беларусі. 21 кастрычніка ў 18.30 y мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая Імша з нагоды 100-годдзя кардынала.

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Валзе, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было тры гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у пінскай катэдры ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў скіраваны на служэнне ў Пружаны.

У выніку пераследу рэлігіі быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Пакутнік за веру

Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць святую Імшу ў касцёле. Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка была адбудавана пінская катэдра.

Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.

Пастырская актыўнасць кс. прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітаваў парафіі, устанаўліваў дэканаты, ствараў патрэбныя для Касцёла структуры, бараніў правы вернікаў, актыўна ўдзельнічаў у Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Быў сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння ў Беларусі.

Прызнанне кардынала

У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле, што стала прызнаннем заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры, а таксама прызнанне пазіцыі Касцёла ў Беларусі і яго ролі ў сусветным Касцёле.

Кардынал Свёнтэк яшчэ з большай энергіяй і адвагай пачаў складаць праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 года. У гэтай праграме асаблівае месца было прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

«Fidei testis»: сведка веры

11 лютага 1999 г. кардынал быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэсліла яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

4 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.

Адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 г.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.