5 снежня — Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе |
Анонсы |
03.12.2010 01:00 |
У другую нядзелю Адвэнту, 5 снежня 2010 г., у адзінаццаты раз будзе адзначацца Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. Мэтай гэтага дня з’яўляецца духоўная і матэрыяльная падтрымка адраджэння Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Еўропе, Расіі і Цэнтральнай Азіі, а таксама заахвочванне да ініцыятыў на карысць евангелізацыі на Усходзе. Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе адзначаецца па ініцыятыве епіскапату Польшчы, а яго арганізацыяй займаецца Супольнасць дапамогі Касцёлу на Усходзе. Па словах кс. Юзафа Кубіцкага TChr, дырэктара супольнасці, гэты дзень будзе важнай падзеяй для многіх палякаў: «Адны эмацыянальна звязаны з гэтымі тэрыторыямі, іншыя працуюць там, розным чынам дапамагаючы тым, хто спрыяе адраджэнню Каталіцкага Касцёла на Усходзе. У гэты асаблівы дзень Пана мы духоўна блізкія да нашых святароў, законніц і законнікаў, свецкіх валанцёраў, якія ўдзячны за дар малітоўнай падтрымкі і дар сэрца». Найважнейшымі пунктамі перажывання ІІ Нядзелі Адвэнту стануць святыя Імшы, якія будуць цэлебравацца ў інтэнцыі падтрымкі Касцёла на Усходзе. |