Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
100-годдзе мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены
Анонсы
12.11.2010 13:21

Сёлета Мінска-Магілёўская архідыяцэзія святкуе радасныя юбілеі. 9 кастрычніка адбылося святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняга мінскага Архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а неўзабаве настане ўрачысты дзень для мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены, добра вядомага як Чырвоны касцёл.

100-гадовы юбілей святыні будзе адзначацца 21 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету. Літургія, якая стане кульмінацыйным момантам святкавання, распачнецца ў 12.00. Святую Імшу ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Гамілію прамовіць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На літургію запрошаны іерархі з Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, іерархі з-за мяжы, прадстаўнікі дыпламатычных місій хрысціянскіх краін. Некаторыя вернікі ў гэты памятны дзень атрымаюць сакрамэнт канфірмацыі.

Урачыстасці будзе папярэднічаць малітоўная падрыхтоўка. Так, 11 лістапада стартавала 9-дзённая навэнна. Па словах пробашча парафіі кс. Уладзіслава Завальнюка, у першы дзень навэнны ў святыні, як ніколі, было шмат духавенства і сясцёр законных: амаль 200 чалавек сабраліся на душпастырскую сустрэчу.

Непасрэдна перад святкаваннем юбілею адбудзецца малітоўны трыдуум, які распачнецца 19 лістапада ў 12.00 міжканфесійнай малітвай. У малітоўнай сустрэчы прымуць удзел прадстаўнікі розных канфесій, прысутных у нашай краіне. Субота, 20 лістапада, стане днём парафіяльнай малітвы.

Пасля 21 лістапада распачнецца актава парафіяльнага свята. На працягу тыдня акрамя цэлебрацыі набажэнстваў будуць чытацца літаніі да розных святых і апекуноў.

100-годдзю святыні, як адзначыў кс. Завальнюк, будуць прысвечаны ўсе важныя мерапрыемствы, што адбудуцца на працягу юбілейнага года. Першае з іх запланавана на 23 лістапада. На навуковую сустрэчу, прысвечаную нацыянальнай ідэі ў штодзённым жыцці хрысціяніна, збяруцца прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Нацыянальная ідэя, па словах кс. Уладзіслава Завальнюка, павінна засноўвацца на Хрысце, Яго вучэнні, на Святым Пісанні і веры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.