Пошук

19.03.2021 08:08   Паводле: osservatoreromano.va / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Святы Юзаф з Езусам. Мастак Гвідо Рэні

19 сакавіка Касцёл адзначае ўрачыстасць святога Юзафа, якога Папа Францішак абвясціў асаблівым заступнікам паўсюднага Касцёла ў смутны час сусветнай пандэміі і бязраднасці свету перад ёй. У кантэксце надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі Апостальская Пэнітэнцыярыя абвясціла дэкрэт аб поўных адпустах у Год святога Юзафа.

Паводле матэрыялаў L’Osservatore Romanо рэдакцыя Catholic.by падрыхтавала разважанні рэгента Апостальскай Пэнітэнцыярыі ксяндза Крыштафа Ныкеля пра Год святога Юзафа і дэкрэт аб адпустах у гэты перыяд.

Юзаф — апякун паўсюднага Касцёла

8 снежня 2020 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, споўнілася 150 гадоў з дня абнародавання дэкрэту Святой Кангрэгацыі Абрадаў Quæmadmodum Deus, згодна з якім благаслаўлёны Пій ІХ у 1870 годзе абвясціў святога Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла.

У часы Пія ІХ Касцёл перажываў адзін з самых няпростых перыядаў у сваёй гісторыі. Гэта было адразу пасля <...> падзення зямной улады папства. У такі драматычны момант Папа Пій ІХ адчуў неабходнасць урачыста абвясціць святога Юзафа — пакорнага цесляра з Назарэта, які быў абраны Богам як апякун Езуса і абраннік Дзевы Марыі, — апекуном усяго Божага народа.

Ушанаванне гэтай гадавіны праз адмысловы Год святога Юзафа, абвешчаны Папам Францішкам, з’яўляецца напамінам і шуканнем асаблівай апекі абранніка Марыі над усім Касцёлам, які сёння церпіць не менш, чым тады, ад матэрыяльных нападаў і духоўных ран. Гэты год абвешчаны, каб кожны вернік мог штодзённа ўмацоўваць сваё жыццё верай, напаўняючыся Божай воляй.

Як атрымаць адпуст

У дэкрэце Апостальскай Пэнітэнцыярыі акрэслены спосабы ўдзялення вернікам дару поўнага адпусту з нагоды Года святога Юзафа, згодна з тым, што пастанавіў сам Папа Францішак.

Пэнітэнцыярыя ўдзяляе поўны адпуст вернікам, якія акрамя звычайных умоваў, прадпісаных Касцёлам (сакрамэнтальная споведзь, Эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), выканаюць пяць асаблівых актаў пабожнасці ці ўчынкаў міласэрнасці, звязаных з прыкладам, які дае прыёмны тата Езуса.

Асаблівы дух учынкаў, акрэсленых адпустам

Звязаныя з адпустам учынкі грунтуюцца на:

  • адкрыцці Божай волі і прызначэнні часу на асабістае разважанне або ўдзел у рэкалекцыях на ўзор Юзафа, заўсёды гатовага прыняць волю Бога;
  • на тым, каб станавіцца прыладай справядлівасці і міласэрнасці Айца праз выкананне ўчынкаў міласэрнасці для цела і душы, падобна Юзафу, які быў «чалавекам справядлівым» (Мц 1, 19);
  • на аднаўленні Камуніі з Богам у сваёй сям’і і паміж нарачонымі праз ружанцовую малітву;
  • на асвячэнні сваёй працы праз даручэнне яе заступніцтву святога Юзафа або праз малітву ў інтэнцыі людзей, якія пазбаўлены годнай працы;
  • на заступніцтве за хрысціянаў, якія церпець з прычыны розных пераследаў, праз малітву Літаніі да святога Юзафа або карыстаючыся іншымі малітвамі, уласцівымі для абрадаў усходніх Касцёлаў.
Фота Віталія Палінеўскага

Святы Юзаф — апякун у час пандэміі

Заклік аб апецы святога Юзафа над паўсюдным Касцёлам азначае перш за ўсё просьбу, каб ён прасіў Бога аб ласцы спынення пандэміі, якая выклікае ва ўсім свеце мноства цярпення і болю, як з прычыны ахвяр і хворых, так і з прычыны сур’ёзных адмоўных наступстваў у сацыяльнай і гаспадарчай сферах.

У тэксце дэкрэту ёсць спецыяльная нататка пра асобаў, якія з прычыны пагрозы заражэння не маюць магчымасці выканаць прадпісаныя ўмовы адпусту (асобы ў састарэлым узросце, хворыя, паміраючыя).

Поўныя веры ў заступніцтва святога Юзафа — суцяшыцеля хворых і апекуна добрай смерці — усе яны трапляюць пад дзеянне адпусту, калі пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і з намерам выканаць умовы, як толькі гэта будзе магчыма, учыняць акт пабожнасці ў гонар святога.

Адпуст — кульмінацыя хрысціянскага жыцця

Мэта адпусту заключаецца ў падтрыманні вернікаў у барацьбе з грахом і сіламі зла, у пабуджэнні іх да братэрскай любові, у распальванні надзеі на поўнае паяднанне з Богам Айцом, у спрыянні духоўнай пабожнасці і запалу любові.

Праз пакаянне і ўчынкі міласэрнасці, па сутнасці, кожны мае магчымасць узрастаць у любові да Бога і да братоў. Адпуст не дзейнічае аўтаматычна, у адрыве ад хрысціянскага жыцця.

Адпуст — гэта і ёсць хрысціянскае жыццё, яго выражэнне і кульмінацыя.

Намер Касцёла — весці верніка да ўсё больш цеснай сувязі з Яго Панам.

Год святога Юзафа з’яўляецца нагодай, каб кожны вернік прыгледзеўся да постаці цесляра з Назарэта, каб у большай ступені паглыбляць тыя аспекты адносін з Богам, на якія асабліва натхняе прыклад святога Юзафа.

Асоба гэтага святога абсалютна не выйшла з моды і нават стала надзвычай актуальнай у наш час, пра што нагадваў святы Ян Павел ІІ, а цяпер і Папа Францішак.

Фота: Рinterest.com

«Святы Юзаф падтрымлівае нас ва ўсім»

Набажэнства да святога Юзафа — нібы карставая рака, якая цячэ на працягу ўсіх вякоў гісторыі Касцёла, праяўляючыся час ад часу найбольш выразна. Так, напрыклад, святы Ян ХХІІІ абвясціў святога Юзафа апекуном Другога Ватыканскага Сабору і пастанавіў, каб яго імя было ўключана ў канон святой Імшы.

Лагічна, што, прыёмны тата Езуса святы Юзаф можа быць прызнаны таксама «прыёмным татам» усіх нас, хрысціянаў, у кожнай акалічнасці нашага жыцця.

Святая Тэрэза ад Езуса, доктар Касцёла і вялікая шанавальніца святога Юзафа, напісала ў сваёй аўтабіяграфічнай «Кнізе жыцця»: «Я выбрала сваім заступнікам і апекуном хвалебнага святога Юзафа, якому давяраюся <…>. Не памятаю, каб хоць калі, ажно да гэтай хвіліны, я прасіла яго аб чымсьці, а ён не выслухаў мяне. Вельмі ўражвае, якія вялікія рэчы Бог учыніў мне праз заступніцтва гэтага хвалебнага Святога. Ад колькіх небяспек для цела і душы ён выбавіў мяне.

Іншым святым, можна сказаць, Бог даў ласку падтрымліваць нас у той ці іншай патрэбе, а гэтаму хвалебнаму святому, як я ведаю гэта з уласнага досведу, даў уладу падтрымліваць нас ва ўсім. Праз гэта Пан хацеў нас запэўніць, што Ён як быў падданы яму на зямлі як апекуну і прыёмнаму айцу свайму, які меў права Яму загадваць, так і ў небе робіць усё, аб чым ён папросіць Яго» («Кніга жыцця» 6, 6).

Абноўлена 06.12.2021 21:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.