Пошук

28.09.2020 09:29   Catholic.by
Фота: ccee.eu

25–26 верасня ў фармаце анлайн прайшло пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), у якім узяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пра што ішла гаворка на сёлетнім пленарным пасяджэнні РКБЕ, Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт, які цяпер знаходзіцца ў выгнанні, па тэлефоне распавёў Catholic.by.

— Ваша Эксцэленцыя, што асаблівага было ў сёлетнім пленарным пасяджэнні кіраўнікоў еўрапейскіх епіскапатаў?

— Сам фармат пленарнага пасяджэння быў незвычайным.

Хіба што ўпершыню еўрапейскія біскупы правялі яго анлайн.

Пасяджэнне павінна было адбыцца 25–27 верасня ў сталіцы Чэхіі Празе. Аднак з-за пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі, ці так званай «другой хвалі» каранавірусу ў Чэхіі, яно адбылося 25–26 верасня ў фармаце анлайн.

— Пра што ішла гаворка на сёлетнім пасяджэнні?

— Разам з іерархамі з розных еўрапейскіх краін мы разважалі на тэму: «Касцёл у Еўропе пасля пандэміі. Перспектывы для стварэння супольнасці». Старшыні біскупскіх канферэнцый Еўропы абмеркавалі выкліканыя пандэміяй пастырскія і рэлігійныя праблемы. Перадусім мы падзяліліся вопытам перажывання пандэміі ў розных краінах.

Асаблівая ўвага была звернута на праблему цэлебрацыі Эўхарыстыі і ўдзелу ў ёй вернікаў. Біскупы падкрэслілі, што прагляд анлайн-трансляцыі Імшы па сваёй сутнасці не з’яўляецца тым самым, што непасрэдны ўдзел у Эўхарыстыі.

У сувязі з гэтым мы як пастыры заклікаем вернікаў вяртацца да нармальнага парадку ўдзелу ў святой Імшы, якая з’яўляецца крыніцай і вяршыняй жыцця Касцёла.

Акрамя таго, былі закранутыя праблемы, звязаныя з ачышчэннем духоўнага жыцця, рэлігійнасці і хрысціянскай культурай. Асаблівую ўвагу іерархі звярнулі на перажыванні святароў, якім давялося цэлебраваць Эўхарыстыю без удзелу вернікаў. Была выказана думка, што пандэмія зрабіла нас ахвярамі часу, які мы перажываем, стаўшы перашкодаю для яго традыцыйнага хрысціянскага выкарыстання.

— Чым Вы падзяліліся з Вашымі еўрапейскімі сабратамі?

— Я распавёў пра вопыт пастырскай дзейнасці падчас пандэміі каранавірусу ў Беларусі; пра тое, як у нас у гэты час адбывалася цэлебрацыя набажэнстваў, катэхізацыя, фармацыя моладзі і г.д.

У супастаўленні з паведамленнямі іншых біскупаў атрымліваецца, што Беларусь — гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе падчас пандэміі не зачыняліся касцёлы і рэгулярна цэлебравалася Эўхарыстыя, іншыя сакрамэнты і набажэнствы.

Вядома, што гэта ўсё адбывалася з захаваннем санітарных нормаў, каб прадухіліць заражэнне вернікаў.

— Ці былі зробленыя нейкія высновы адносна далейшага жыцця Касцёла на нашым кантыненце?

— Біскупы згодныя ў тым, што вяртанне да нармальнага рэлігійнага жыцця на еўрапейскім кантыненце пасля пандэміі каранавірусу будзе патрабаваць цярплівасці, трываласці і аднаўлення даверу. Удзельнікі пленарнага пасяджэння заахвоцілі вернікаў з надзеяй глядзець у будучыню ў духу салідарнасці паміж паасобнымі людзьмі і народамі.

Яны таксама выказалі надзею на мірнае вырашэнне грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі і салідарнасць з жыхарамі Лівана.

Мы добра памятаем пра тое, як у 2017 годзе пленарнае пасяджэнне РКБЕ праходзіла ў Мінску, што стала прызнаннем ролі Касцёла на Беларусі ў Еўропе, а таксама гонарам для яго і для ўсёй нашай краіны.

У наступным годзе Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы будзе адзначаць юбілей 50-годдзя з дня свайго заснавання. З гэтай нагоды чарговае пленарнае пасяджэнне плануецца правесці ў Рыме з 23 па 26 верасня 2021 года.

Размаўляў Мікола Гракаў

Абноўлена 30.09.2020 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.