Пошук

24.05.2019 18:06   Тэкст: Дзмітрый Сяргун / Catholic.by
Кароль Давід, фрагмент - Герыт ван Хонтхорст, 1622, wikimedia.org

Працягваем віртуальнае падарожжа да вытокаў нашай веры і знаёмства з гісторыяй і геаграфіяй, а таксама асаблівасцямі штодзённага жыцця на Святой Зямлі часоў Езуса Хрыста.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Чаканне Месіі — Збаўцы

Помнікі юдэйскага пісьменства, якія адносяцца да перыяду паміж заключэннем Старога Запавету часоў Майсея і з’яўленнем Езуса Хрыста, сведчаць аб чаканні Месіі, Збаўцы. Да часу прыйсця Езуса гэтыя надзеі асабліва ажывіліся і ўзмацніліся з-за бядотнага становішча Палестыны ў часы апошніх Хасманэяў і Ірада Вялікага.

Каралі, асабліва Давід і Саламон, з’яўляліся правобразамі будучага Месіі.

Паводле уяўленняў тагачасных юдэяў, Месія павінен быў вызваліць іх краіну ад рымскіх акупантаў, сесці на трон Давіда ў Ерузалеме і пабудаваць магутнае валадарства ўсеагульнага дабрабыту і супакою. Богаслужбовыя абрады юдаізму, важнай часткай якіх было ахвярапрынашэнне хатніх жывёлаў, таксама ўказвалі на Месію як на Ягнё Божае. Закон Майсея ўстанаўліваў прыносіць ягнё-аднагодку ў ахвяру Богу падчас Пасхі на ўспамін выхаду габрэяў з Егіпта, а таксама падчас штодзённых, святочных і ўрачыстых ахвярапрынашэнняў.

Духоўная ўлада юдэяў

У юдаізме на мяжы эраў вылучаліся партыі садукеяў і фарысеяў. У той час як садукеі займалі пасады ў палітычным кіраўніцтве і вышэйшай іерархіі святарства, фарысеі з’яўляліся духоўнымі лідарамі юдэяў.

Вялікую ролю ў юдэйскім грамадстве меў першасвятар.

Упершыню ў Бібліі ў якасці першасвятара ўзгаданы таямнічы кароль Саліма Мэльхізэдэк. Назва Салім перакладаецца як «супакой» і атаясамліваецца з Ерузалемам. Пазней, падчас зыходу габрэяў з Егіпта, Бог устанавіў першасвятаром брата Майсея Аарона, і толькі яго нашчадкі па мужчынскай лініі мелі права займаць гэтую пасаду, якая з’яўлялася пажыццёвай. Толькі да караля і да першасвятара звярталіся Машыах (Месія), што значыць «намашчаны», бо пасвячэнне на першасвятара суправаджалася намашчэннем алеем.

Мэльхізэдэк благаслаўляе Абрагама - Юліўс Шнорр Карлсфельд, 1860

На першасвятара ўскладаліся асабліва строгія абавязкі захавання абрадавай чысціні. Нават падчас смерці маці ці бацькі ён, у адрозненне ад астатніх святароў, не меў права апаганіць сябе дотыкам да памерлага. Яму забаранялася агаляць на знак жалобы галаву і раздзіраць на сабе вопратку, што дазвалялася іншым святарам. У гэты час першасвятар не павінен быў пакідаць святыні.

Першасвятар у адрозненне ад іншых святароў не мог узяць шлюб з удавой альбо з адкінутай (у юдэяў толькі мужчына меў права разводу, і такая жанчына лічылася адкінутай). Абавязкам першасвятара было даглядаць за ўсім, што датычылася святыні, набажэнства і святарства. Ён павінен быў прыносіць ахвяры як за свае грахі, так і за грахі ўсяго народа.

Зрошчванне духоўнай і свецкай улады

У далейшым Хасманэі, макабэйскія каралі-святары, аб’ядналі ўладу караля і першасвятара ў адной асобе. Гэта працягвалася да рымскага заваяння і часоў Ірада Вялікага. У часы Езуса Хрыста першасвятар узначальваў Сінэдрыён і ў палітычным плане з’яўляўся вярхоўным кіраўніком народа, праўда, быў падкантрольным акупацыйным рымскім уладам.

Сінэдрыён (габрэйск. Санхэдрын), або Найвышэйшая рада — вышэйшая дзяржаўная ўстанова і вярхоўны суд юдэяў, які складаўся з 71 члена і ўзначальваўся выбраным на год першасвятаром.

Пасяджэнне Сінэдрыёна. Ілюстрацыя з энцыклапедыі (да 1883 г.), wikimedia.org

Туды ўваходзілі члены сям’і першасвятароў, садукеі і фарысеі. Пасля рымскага заваявання Сінэдрыён мог выносіць смяротныя прысуды, аднак прысуд абавязкова павінен быў зацвердзіць кіраўнік рымскай адміністрацыі. Засядаў Сінэдрыён пры Ерузалемскай святыні, у спецыяльным памяшканні, якое называлася «Зала часаных камянёў».

Заканчэнне ТУТ>>>

Абноўлена 01.06.2019 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа